Каляды

дахрысьціянскае сьвята, зьвязанае з пэрыядам зімовага сонцастаяньня
(Перанакіравана з «Каляды (сьвята)»)

Аўдыё Каля́ды  — дахрысьціянскае сьвята, зьвязанае з пэрыядам зімовага сонцастаяньня. З усталяваньнем хрысьціянства было прымеркаванае да сьвятаў Раства Хрыстовага і Вадохрышча.

Каляды
Паганская традыцыя
Значэньне дзень паступова пачынаў павялічвацца
Дата з 24 сьнежня (6 студзеня)
па 6 (19) студзеня
М. Гермашаў. «З зоркай». 1916

Іншыя назвы: (зімовыя)[1] сьвяткі і сьвятыя дні[2]. Каляды працягваюцца з 24 сьнежня па 6 студзеня (з 6 па 19 студзеня па старым стылі), ахопліваючы тры сьвяты: Раство, Новы год і Хрышчэньне (Вадохрышча). Да кожнага з гэтых сьвятаў гатавалася абавязковая рытуальная ежа — куцьця — каша з тоўчаных ячменных крупаў. Перад першым сьвяточным днём спраўляецца посная (вялікая) куцьця; багатая (тоўстая, шчодрая) зь мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. На ўсе тры куцьці каша варылася ў адным гаршчку і з аднолькавай колькасьці крупаў. Звараная каша да заходу сонца ставілася на покуці (адсюль і яе назва — «куцьця») на сена і накрывалася хлебам. Каштаваць яе забаранялася ня толькі да пачатку вячэры, але і ў час гатаваньня.

Час сьвяткаваньня Калядаў

рэдагаваць

У мінулыя часы сьвяткаваньне Калядаў мела дакладную прымеркаванасьць да руху сонца па небасхіле. Вядома, што на пэрыяд з 18 па 23 сьнежня ў прыродзе ўсталёўвалася незвычайная раўнавага. Ноч, усеагульнае панаваньне якой пачыналася з восеньскага раўнадзенства, пераставала павялічвацца, і на працягу гэтых 5 дзён захоўвалася хоць і напружаная, але ўсё ж раўнавага. І толькі ў ноч з 24 на 25 сьнежня сьвятло атрымлівала першую прыкметную перамогу — дзень паступова пачынаў павялічвацца. Такім чынам, пачатак Калядаў быў цесна зьвязаны зь зімовым сонцастаяньнем, якое і зьяўляецца, прыродай апасродкаваным, пачаткам Новага году.

Сьвяткаваньне

рэдагаваць
 
Сьвяткаваньне Калядаў у Беларусі. 2011

Першая вячэра (6—7 студзеня), што мела назву «Поснай» ці «Вялікай Куцьці» — гэта канец шасьцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак сьвяточных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасьля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе зьяўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысьціянскія ўяўленьні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на сьвяточны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасьля нараджэньня быў пакладзены на сена ў ясьлях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэньня ўрадлівасьці. Гаспадар запрашаў за сьвяточны стол Дзядоў, чыя прысутнасьць была гарантам жыцьцёвае стабільнасьці ўсяго роду. Сьвяточная вячэра складалася з 12 страваў. Перш чым пачаць вячэру, гаспадар браў гаршчок з куцьцёй і тройчы абыходзіў хату, затым стукаў у акно, а жонка з хаты пыталася: «Хто там стукае?» Гаспадар адказваў: «Сам Бог стукае зь цёплай, мокрай вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухой і багатай восеньню.» Жонка павінна была адказаць: «Просім дахаты.» На першую куцьцю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта Куцьця і сымбалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасьце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны. Дзеля павелічэньня прыплоду і ўдойнасьці рэшту куцьці давалі свойскай жывёле.

 

Вечар напярэдадні Новага году (з 13 на 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву сьвята атрымала ад шчодрай куцьці. Яшчэ загадзя гаспадар біў кормную сьвіньню, «каб Каляда ня гневалася да дала на ўсё добры ўраджай, а на гавядо харошы прыплод». Сьвіньня, якая выступала ў якасьці ахвяры Багом у старажытных грэкаў, рымлянаў, германцаў ды кельтаў, захавала гэтае значэньне і ў беларусаў. На стол ставілі смажаныя каўбасы, сьвежаніну, сыр, яечню, бліны зь верашчакай. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса сьвіньні, якая з-за сваёй пладавітасьці ўспрымалася, як сымбаль урадлівасьці. Для таго, каб куры несьліся дома, а не на чужых дварах, пасьля сьвяточнай вячэры прыносілі ў хату абруч, выкладвалі ў яго рэшткі вячэры і кармілі ў гэтым абручы курэй. Сустрэча Новага году абавязкова суправаджалася шчадраваньнем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, мэханошы, песеньнікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асобаў.

Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэньні Ісуса Хрыста ў водах Ярдану ўстаноўлена гэта сьвята. Сьвяточная вячэра складалася зь няцотнай колькасьці посных страваў. У хрысьціянскім сьвеце на Хрышчэньне знайшлі адбітак старажытныя вераваньні ў магію вады. Апоўначы гаспадыні хадзілі на рэчку ці на возера і чэрпалі ваду, якую пасьля захоўвалі, як гаючую. На Хрышчэньне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар зьбярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцьця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хваробаў і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў. У некаторых вёсках на Хрышчэньне на рэчцы выраблялі са сьнегу і лёду вялікі крыж, які спачатку палівалі вадой, а потым — бураковым расолам, каб ён набыў чырвоны колер. Побач знаходзілася вялікая бочка з вадой, якую асьвячаў сьвятар.

У гэты дзень выконваўся таксама абрад «запісваньня Каляды», мэтай якога была засьцярога дома, усёй гаспадаркі ад ўзьдзеяньня нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар вынімаў зь печы гаршчок з куцьцёй, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцьці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сьценах крыжы крэдай.

На працягу ўсіх Калядаў забаранялася займацца г. зв. «крывымі» працамі (шыць, віць, плесьці, рабіць крывога і колападобнага, сячы сякераю), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны зьявіцца на сьвет, абазязкова народзяцца «крывыя», пакалечаныя. Скрайне непажадана было пазычыць што-небудзь з хаты, асабліва агонь, хлеб, дзяжу — гэта магло прывесьці да нястачы ў гаспадарцы. З другога боку, лічылася, што той, хто першы на Каляды пойдзе па ваду, будзе здаравейшы за ўсіх, а калі сьвіньням на першы дзень пасьля Куцьці кінуць у вочы сьнегу — іх ніхто ня зможа сурочыць на працягу году.

Калядаваньне

рэдагаваць

Увечары моладзь і дзеці апраналіся ў цыганоў, «казу» (апранаючы навыварат кажух, маску казы), ды вадзілі па хатах. Акрамя «казы» вадзілі «мядзьведзя», «кабылку». На Палесьсі хадзілі калядаваць са «зьвяздой» — зоркай на кіі. Зорку абцягвалі белай тканінай, у сярэдзіне гарэла зьнічка.

Пераапранутыя калядоўнікі спыняліся ля кожнага двара ў чаканьні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Сьпявалі песьні, скакалі пад скрыпачку і бубен. За гэта атрымлівалі пачастункі (сала, каўбасу), а таксама грошы. Гэта складвалася ў торбу, якая ад двара да двара рабілася цяжэйшаю.

Этымалёгія

рэдагаваць
  • Ад агульнаславянскага «кола»
  • Славянскі бог зімы — Каляда
  • Ад лацінскага слова «календы» (першы дзень кожнага месяцу ў рымскім календары)

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Сьвяты і абрады беларусаў // Сярэдняя школа № 40 Магілёва, 12 жніўня 2017 г. Праверана 11 студзеня 2022 г.
  2. ^ Праваслаўныя вернікі сьвяткуюць Раство Хрыстова // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 7 студзеня 2022 г. Праверана 11 студзеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Каляды. Электронная энцыкляпэдыя slounik.org. Праверана 7 студзеня 2010 г.
  • Г. Шнэйдэр Так святкавалі нашы дзяды. дзятлаўская раённая газета «Перамога». Праверана 7 студзеня 2010 г.
  • Уладзімер Лобач (8 красавіка 2008) «Ішла Каляда, калядуючы». Цэнтар этнакасмалёгіі «Крыўя». Праверана 7 студзеня 2010 г.