Улацлавак

места на правох павету ў Куяўска-Паморскім ваяводзтве Польшчы
(Перанакіравана з «Улацлавэк»)

Улацла́вак (па-польску: Włocławek, па-лацінску: Vladislavia, па-нямецку: Leslau) — места на правох павету ў цэнтральнай Польшчы. Трэцяе паводле велічыні места ў Куяўска-Паморскім ваяводзтве, разьмешчанае на зьліцьці рэкаў Зглавёнчкі і Віслы. Цэнтар павету і гістарычная сталіца Куявіі[2][3][4]. Адно з найстарэйшых местаў Польшчы. Сядзіба курыі Ўлацлаўскай дыяцэзіі. Насельніцтва — 102 102 жыхары (2022)[1].

Улацлавак
польск. Włocławek
Улацлавак
Герб Улацлаўку Сьцяг Улацлаўку
Першыя згадкі: X стагодзьдзе
Горад з: 1255
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Куяўска-Паморскае
Плошча: 84,32 км²
Вышыня: 90 м н. у. м.
Насельніцтва (2022)
колькасьць: 102 102 чал.[1]
шчыльнасьць: 1210,89 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Паштовыя індэксы: 87-800 — 87-810, 87-812, 87-814, 87-816 — 87-818, 87-822
TERYT: 0464011
Нумарны знак: CW
Геаграфічныя каардынаты: 52°39′0″ пн. ш. 19°3′0″ у. д. / 52.65° пн. ш. 19.05° у. д. / 52.65; 19.05Каардынаты: 52°39′0″ пн. ш. 19°3′0″ у. д. / 52.65° пн. ш. 19.05° у. д. / 52.65; 19.05
Улацлавак на мапе Польшчы
Улацлавак
Улацлавак
Улацлавак
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.wloclawek.pl

Назва места паходзіць ад мужчынскага імені Ўладзіслаў і ягонай польскай адмены Ўладыслаў. Першы раз згаданы пад назвай Уладыславія[5] (лац. Wladislau castro)[6] у польскай хроніцы аўтарства Гала Ананіма, напісанай у 1112—1116. У лацінізаванай форме назва места Wladislaw сустракаецца ў дакумэнтах 1165 року[7]. Іншы лацінскі дакумэнт 1185 року называе яго vetus Vladislavia. Пад назвай Wladislavia апісаны ў лацінскім дакумэнце, выданым у Сьвецю ў 1283 року, падпісаным паморскім князем Мсьцівоем II[8].

Сэбастыян Фабіян Кляновіц у сваім творы 1595 року Flis, to jest Spuszczanie statków Wisłą занатаваў назву Włodsławek, а дакумэнт 1599 року падае назву Włodsław[7].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Улацлавак (Leßlau) на фрагмэнце прускай мапы 1573 року[9]

Улацлавак — адно з найстарэйшых местаў Польшчы. Каля X стагодзьдзя да н. э. тут існавала паселішча лужыцкай культуры, а каля V стагодзьдзя да н. э. — паморскай[10]. У IX стагодзьдзі н. э. каля ўпадзеньня Зглавёнчкі ў Віслу паўстала раньнесярэднявечнае паселішча, да першай паловы XI стагодзьдзя зьявілася гарадзішча з ірвом і драўляна-земляным насыпам. За часам Балеслава Храбрага Ўлацлавак разам з Познаньню і Гнезнам быў адным з найважнейшых польскіх замкаў.

Значны ўплыў на разьвіцьцё места аказалі стварэньне каля 1123 року Ўлацлаўскага біскупства і пабудова раманскай катэдры[11]. У 1138 року па падзеле Пястаўскай манархіі Куявія ўвайшла ў склад Мазавецкага княства. На пераломе XII—XIII стагодзьдзяў зь яго вылучылася асобнае Куяўскае княства, у якім Улацлавак паступова страціў значэньне палітычна-адміністрацыйнага цэнтру[11]. У сярэдзіне XIII стагодзьдзя сядзіба кашталянаў, а крыху пазьней і княскі замак перанесеныя ў Бжэсьць Куяўскі. У 1255 року куяўскі князь Казімер I надаў Улацлаўку хельмінскае права(d).

Падчас вайны з крыжакамі(d) 23 красавіка 1329 року тэўтонцы захапілі і спалілі Ўлацлавак; згарэла і раманская катэдра[12]. Разбурэньні былі такія вялікія, што ў 1339 року давялося паўторна надаваць хельмінскае права. Катэдра была перанесеная ад пляцу ля Віслы на ўзгорак. Апошні наезд крыжакоў на места адбыўся ўлетку 1431 року падчас вайны 1431—1435 рокаў(d). У 1453 року ва Ўлацлаўку зьявілася жыдоўская грамада[13]. Пасьля Торунскага міру 1466 року пачалося наінтэнсіўнейшае разьвіцьцё места.

Паводле некаторых зьвестак, ва Ўлацлаўку напрыканцы XV стагодзьдзя навучаўся Мікалай Капернік. У гэты час тут жыў канонік улацлаўскі, доктар мэдыцыны Мікалай Водка з Квідзыну. Ён займаўся таксама астраноміяй і астралёгіяй, мог быць адным з канструктараў сонечнага гадзіньніка, які цяпер знаходзіцца на сьцяне ўлацлаўскай катэдры[14][15], а таксама Капэрнікавым настаўнікам. У канцы XVI стагодзьдзя колькасьць жыхароў дасягнула тысячы, чынш біскупу плацілі з 194 дымоў[11]. У выніку пажару 1620 року места зноўку зьнішчанае.

У 1657 року места спалілі швэды, якія яшчэ раз наехалі сюды ў 1704—1705 роках. У 1707 і 1769 Улацлавак спусташалі ўжо расейскія войскі. У 1789 року места налічвала 1325 жыхароў.

Па II падзеле Рэчы Паспалітай Улацлавак увайшоў у склад Паўднёвай Прусіі. У 1806 заняты францускай арміяй і ўключаны ў Варшаўскае герцагства. Па Венскім кангрэсе 1815 року места стала часткай Кангрэсавай Польшчы[16].

У 1816 року адкрытае першае прадпрыемства па перапрацоўцы цыкорыі. У 1846 року ва Ўлацлаўку жылі 6085 чалавек. У другой палове XIX стагодзьдзя зьяўляюцца фабрыкі сельскагаспадарчых машынаў, інструмэнтаў, дзейнічалі 14 бровараў, шкляная гута, цагельня, тартакі ды іншыя прадпрыемствы[17]. У 1862 адкрытае чыгуначнае злучэньне.

У часе паўстаньня 1863 року ва Ўлацлаўку быў расстраляны італьянскі палкоўнік Станісьляа Бэкі, які падтрымаў паўстанцаў. У 1899 року адкрытая цэлюлёзная фабрыка. У 1900 року налічвалася 22 971 жыхароў Улацлаўку[11]. На пачатку XX стагодзьдзя разьвівалася фаянсавая, керамічная, хімічная, паліграфічная, мэталаапрацоўчая і харчовая прамысловасьць.

Нямецкая акупацыя ў часе I сусьветнай вайны нанесла вялікую шкоду гаспадарцы. 16—19 жніўня 1920 року польскія вайскоўцы і жыхары места абаранілі Ўлацлавак ад захопу бальшавіцкім войскам пад даводзтвам Гаі Гая[18].

У міжваенны пэрыяд Улацлавак быў найбольшым местам Варшаўскага ваяводзтва (ня лічачы Варшавы) і 18-м паводле колькасьці насельніцтва ва ўсёй Польшчы. У 30-х роках тут дзейнічалі 4 вясьлярскія клюбы.

У 1934 року адбыліся 10 страйкаў працаўнікоў, у чэрвені 1936 — 64 страйкі.

Перад выбухам II сусьветнай вайны Ўлацлавак налічваў каля 68 тысячаў жыхароў, 17,8% зь якіх складала жыдоўская меншасьць[19].

Геаграфія

рэдагаваць
Панарама Ўлацлаўка з узгорку Сьвятога Готарда на Завісьлі

Улацлавак разьмешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Куяўска-Паморскага ваяводзтва, за 79 км ад Быдгашчы. Рака Вісла дзеліць места на правабярэжную (паўночная частка) і левабярэжную часткі. Іншая вялікая рака — Зглавёнчкі, на ўпадзеньні якой у Віслу ў X стагодзьдзі паўстала гарадзішча. Найбольшая возера — Улацлаўскае вадасховішча.

Плошчу 2211,49 га на тэрыторыі Ўлацлаўку займаюць лясы; яшчэ 258,167 га — паркі ды сквэры[20]. Першы парк імя Сянкевіча, закладзены ў 1824 року, знаходзіцца ў найстарэйшай частцы места і ўнесены ў сьпіс культурных славутасьцяў. У правабярэжнай частцы места разьмешчаны лясны запаведнік Кулін плошчаю 51,16 га. Непасрэдна каля места знаходзіцца Гастынінска-Ўлацлаўскі(d) ляндшафтны парк(d) плошчаю 38 950 га, адзін зь першых падобных у Польшчы.

Спрыяльны клімат Улацлаўка абумоўлены ягоным разьмяшчэньне сярод высакарослых хваёвых лясоў. Вятры слабыя, пераважна заходнія.

  Кліматычныя зьвесткі для Улацлаўка  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдняя t, °C −2,6 −1,6 +2,1 +7,4 +13,3 +17 +18,7 +17,1 +13,2 +8 +2,6 −0,8 +7,9
Крыніца: зьвесткі за 1881–1930 рокі з: Adam Ginsbert, Włocławek: studium monograficzne, Warszawa 1968, s. 15; у той жа крыніцы пададзеная сума ападкаў у 1891–1930, якая складала 461 мм; цяпер складае каля 500 мм: UM Włocławek
  1. ^ а б Wyniki badań bieżących - Baza Demografia - Główny Urząd Statystyczny (пол.) demografia.stat.gov.pl Праверана 2023-05-01 г.
  2. ^ Monografia Wielkiego Pomorza i Gdyni, pod red. Józefa Lachowskiego, Toruń-Lwów, 1939 r., s. 7, s. 154, s. 176.
  3. ^ Monografia Włocławka, ks. dr Michał Morawski, 1933 r., s. 94, s. 364, s. 368.
  4. ^ Przewodnik Ilustrowany po Włocławku, pod red. Stanisława Jankowskiego, 1922 r., s. 43.
  5. ^ «Kronika polska, Gall Anonim», seria «Kroniki polskie», Zakł. Nard. Ossolińskich, Wrocław, s. 25, ISBN 978-3-939991-64-9.
  6. ^ «Monumenta Germaniae Historica», «Chronicae Polonorum», tom IX, Hannoverae 1851 s. 431.
  7. ^ а б Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. — S. 697
  8. ^ «Kodeks dyplomatyczny Wielkopolski», tom I, Biblioteka Kórnicka, Poznań 1877, s. 488.
  9. ^ Maps of Polish and Prussian lands – Copernicus as a cartographer (анг.) Copernican Academic Portal – Nicolaus Copernicus Thorunensis Праверана 2016-06-27 г. Архіўная копія ад 2016-06-27 г.
  10. ^  Ginsbert, Adam Włocławek. Studium monograficzne (пол.). — I. — Warszawa: Wydawnictwo „Arkady”, 1968. — С. 15–16.
  11. ^ а б в г Roman Czaja, Anna Marynowska, Tomasz Wąsik, Radosław Golba, Zenon Kozieł, Agnieszka Pilarska. Kujawy // Włocławek (пол.). — Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2016. — Т. II. — С. 9–36. — (Atlas historyczny miast polskich). — ISBN 978-83-231-3551-7
  12. ^ Marian Biskup, Wojny Polski z Zakonem Krzyżackim 1308—1521, Wydawnictwo Napoleon V, Oświęcim 2014, s. 29, ISBN 978-83-7889-296-0
  13. ^ Maurycy Horn, Najstarszy rejestr osiedli żydowskich w Polsce w 1507 r., w: Biuletyn Żydowskiego Instytutu Historycznego 1974, nr 3 (91), s. 14.
  14. ^ Gdzie Kopernik chodził do „szkoły średniej”?  (пол.) / Winicjusz Schulz – redaktor naczelny // Głos Uczelni: pismo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika. — Toruń: Uniwersytet Mikołaja Kopernika w Toruniu, 2010. — В. 4. — Т. XIX. — ISSN 1230-9710.
  15. ^ Czy nieznane dotąd fakty z życiorysu Kopernika znajdą potwierdzenie?  (пол.) / Winicjusz Schulz – redaktor naczelny // Głos Uczelni: pismo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika. — Toruń: Uniwersytet Mikołaja Kopernika w Toruniu, 2010. — В. 9. — Т. XIX. — ISSN 1230-9710.
  16. ^ Tadeusz Kieloch, Udział Włocławka w walkach o niepodległość w latach 1794—1918, [w:] Włocławek. Dzieje miasta, pod red. Jacka Staszewskiego, t. I, Włocławek 1999, s. 624—688.
  17. ^ Z dziejów powstania styczniowego na Kujawach i Ziemi Dobrzyńskiej, red. S. Kalembka, Włocławskie Towarzystwo Naukowe 1989, s. 154.
  18. ^ Igor Kraiński: 14 pułk piechoty. Warszawa: Redakcja Historyczno-wojskowa «Ergos», 1992. ISBN 83-85253-13-0.
  19. ^  Staszewski, Jacek Z dziejów Włocławka w latach okupacji niemieckiej (1939–1945) // Włocławek. Dzieje miasta (пол.) / Jan Sziling. — Włocławek: Włocławskie Towarzystwo Naukowe, 2001. — Т. 2: Lata 1918–1998. — С. 367–429. — ISBN 83-88115-08-1
  20. ^ Stan Środowiska Miasta Włocławek, Załącznik nr 1, Włocławek wrzesień 2003, s. 48-52.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць