Уласы (Гомельская вобласьць)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Уласы́[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Межавала з урочышчам Тужыр. У сувязі з радыяцыйным забруджваньнем пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары вёскі (69 сем’яў) пераселены ў экалягічна бясьпечныя мясьціны.

Уласы
трансьліт. Ułasy
Першыя згадкі: 1600 год
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская вобласьць
Раён: Хойніцкі раён
Сельсавет: Стралічаўскі сельсавет
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254848131
Геаграфічныя каардынаты: 51°31′57″ пн. ш. 30°5′41″ у. д. / 51.5325° пн. ш. 30.09472° у. д. / 51.5325; 30.09472Каардынаты: 51°31′57″ пн. ш. 30°5′41″ у. д. / 51.5325° пн. ш. 30.09472° у. д. / 51.5325; 30.09472
Уласы на мапе Беларусі
Уласы
Уласы
Уласы

Гісторыя

рэдагаваць

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць
 
Герб Бонча роду Харлінскіх

Найранейшая зь вядомых на сёньня згадак пра паселішча датаваная 26 днём чэрвеня 1600 году, калі падкаморы кіеўскі Шчасны Харлінскі адпісаў свайму сыну Мікалаю Астраглядавіцкі двор з прыселкамі, 13 сёлаў, сярод якіх Уласы (Ułasy), 1 слабаду, частку пляцаў у Кіеве. 14 траўня 1618 году пан Мікалай Харлінскі запатрабаваў у судзе ад паноў Самуэля Гарнастая, як дзедзіча, і Стэфана Нямірыча, як дзяржаўцы, вярнуць падданых, зьбеглых з Уласоў, Астраглядавічаў, Хвойнікаў, Стралічава, Багушоў[a] да добраў Гарнастайпаль і Самуэльпаль. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і астатнімі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Краснасельле, Уласы (яшчэ названыя 19 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[2].

 
Герб «Сьвяты Юрый» (Георгій Перамоганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[b] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Уласамі) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[3]. Увогуле, вёска альбо хутар Уласы да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду належалі тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — панам Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

Паводле тарыфу падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году 6 дымоў у вёсцы Ўласы трымалі[c] астраглядаўскія айцы дамініканы[5]. Інвэнтар 1698 году засьведчыў, што жыхары Ўласоў — Васіль Калечук, Міхед Іванчанка, Яцка Астапенка, Цімох Мелючэнка, Грышка, Хведараў сын, — з 5 сваіх гаспадарак не паасобку, але як і краснасельцы, грамадою мусілі плаціць уладальніку маёнтку князю Дамініку Яну Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты 30 злотых чыншу, даніны мядовай 5 бельцаў, рыбалоўны рыштунак вырабляць, рыбу лавіць, да замку Хвойніцкага кожную сераду і пятніцу прысылаць, выконваць падводную і будаўнічую павіннасьці на карысьць двара Астраглядаўскага. Такія самыя памеры чыншу і даніны мядовай запісаныя ў рэвізіі 1716 году. У 1721 годзе ўласоўцы выплачвалі 15 злотых чыншу і аддавалі 5 бельцаў мёду[6].

Згодна з тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 году, Уласы разам з 16 іншымі паселішчамі (акрамя Багушоў, прыналежных астраглядаўскай плябаніі) Хвойніцкай воласьці былі ўласнасьцю князя Ігнацыя Шуйскага[7].У 1754 годзе з 7 двароў (×6 — каля 42 жыхароў) вёскі Ўласы князёў Шуйскіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 6 гр.[8] Габрэйскія перапісы 1778 і 1784 гадоў засьведчылі, што ў вёсцы Ўласы пражывалі адпаведна 3 і 2 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[9].

Расейская імпэрыя

рэдагаваць
 
Герб уласны роду Прозараў.
 
Уласы на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Уласы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10]. Паводле рэвізіі 1795 году, ва Ўласах налічвалася 13 двароў з 30 прыгоннымі мужчынскага і 30 жаночага полу. Разам з Краснасельлем вёска за 32 000 злотых была аддадзена панамі Прозарамі ў заставу ўдаве па падстолію Яну Караліне, дачцэ Габрыеля, Крушэўскай.[11].

14 лютага 1811 году Людвіка Прозар пісьмова засьведчыла шляхцічу Паўлу Жукоўскаму права на 6-гадовую арэнду фальварка Аркадыя з усімі прылегласьцямі[12]. З інвэнтара 1844 году маёнтку Юзафаў, прыналежнага Юзафу, сыну Караля, Прозару, вядома, што да фальварка Аркадыя належала вёска Ўласы[13]. На 1850 год — 20 двароў, 130 жыхароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 113 жыхароў вёскі Ўласы зьяўляліся прыхаджанамі Параскевіцкай царквы ў Масанах[14].

У парэформавы пэрыяд Уласы належалі да Дзёрнавіцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы — 60 мужчынскіх душ зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Ўласоўскага сельскага таварыства[15].

Паводле перапісу 1897 году, у вёсцы Ўласы — 43 двары, 158 жыхароў, хлебазапасны магазын. На 1909 год паселішча налічвала 55 двароў, 396 жыхароў[16].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Уласы ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[17].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

 
Уласы, Масаны і Баршчоўка на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасьля ўзьяднаньня з БССР, ад 8 сьнежня 1926 вёска — цэнтар Уласоўскага сельсавету Камарынскага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Баршчоўскага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавала ваўначоска. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Уласах было 120 двароў з 432 жыхарамі. У траўні 1943 году акупанты спалілі вёску і зьнішчылі 154 жыхары[18]. 70 вяскоўцаў загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 году Ўласы — у Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, у вёсцы налічвалася 267 жыхароў, ўваходзіла ў склад калгасу «Новае жыцьцё» (цэнтар — вёска Радзін). 25 сьнежня 1962 году Ўласы ўвайшлі ў склад Хвойніцкага раёну.

20 лютага 1964 году Баршчоўскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавету[19]. У яго складзе вёска Ўласы заставалася да 8 студзеня 1987 году[20].

  1. ^ Да названых украінскіх маёнткаў пана С. Гарнастая мог зьбегчы хіба нехта з ўласоўцаў (для іх паўднёвыя мясьціны бліжэй), таму невялічкая вёска і названая першай у сьпісе. Астатніх уцекачоў падаўца скаргі «скіраваў» туды меркавана.
  2. ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  3. ^ Магчыма, у заставе ад князя Канстанціна Яна Шуйскага, альбо яшчэ на якіх умовах.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60, 241, 637
  3. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 59
  4. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 489
  6. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 127, 133, 143
  7. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285—286
  8. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 188
  9. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391
  10. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
  11. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 264-265. Спр. 181. А. 99, 248, 259
  12. ^ АGAD. АРіJ. Sygn. 14. S. 8
  13. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп.1 Спр. 1481. А. 40 і наст.
  14. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 682
  15. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70
  16. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 206
  17. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  18. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36, 503
  19. ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 20 лютага 1964 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1964, № 21 (1061)
  20. ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).

Літаратура

рэдагаваць