Тыбэцкае нагор’е
Тыбэцкае нагор’е, ці Гімалайскае нагор’е (па-кітайску: 青藏高原, піньінь: Qingzang Gaoyuan) — самае вялікае па плошчы (каля 2,5 млн км²) і найвышэйшае (сярэдняя вышыня 4877 м) нагор'е сьвету[1]. Займае паўднёвую частку Цэнтральнай Азіі, пераважна на тэрыторыі Кітаю.
Абмежавана горнымі сыстэмамі: на захадзе — Памір і Гіндукуш, на поўначы — Куньлунь, на ўсходзе — Сіна-Тыбэцкія горы, на поўдні — Гімалаі. Плошча каля 2 млн км². У рэльефе спалучаюцца горныя сьцягі вышынёю да 6000—7000 м, падзеленыя шырокімі, плоскімі або слабаўзгорыстымі раўнінамі вышынёй 4000—5000 м.
Геалёгія
рэдагавацьРаўніны складзены з пясчанікаў, вапнякоў, кварцытаў, гліністых сланцаў, хрыбты — з гранітаў і гнэйсаў. Паўночная частка ўтварылася ў пэрыяд гэрцынскай, сярэдняя — ціхаакіянскай, паўднёвая — альпійскай складкавасьцяў. У пэрыяд альпійскай складкавасьці адбылося агульны ўздым Тыбэцкага нагор’я. На паўднёвай ускраіне, уздоўж паўночных схілаў Гімалаяў — тэктанічны прагін. Многія раёны сэйсмічныя, ёсьць гарачыя крыніцы, у тым ліку мінэральныя. Радовішчы золата, каляровых мэталяў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, жалезнай руды, сурмы, мыш'яку, каменнай солі і інш.
Клімат
рэдагавацьКлімат Тыбэцкага нагор’я рэзка кантынэнтальны, халодны. Сярэдняя гадавая тэмпэратура 0—5°С. Ападкаў на поўначы 100—200 мм, на поўдні 500—700 мм за год. Бываюць моцныя вятры. На раўнінах зіма бясьсьнежная. У далінах на паўднёвага ўсходу клімат больш мяккі, ападкаў да 400 мм за год. Сьнегавая лінія на вышыні 5000—6000 м (самая высокая на Зямлі), ледавікі найбольш часта сустракаюцца ў Каракаруме.
Гідраграфія
рэдагавацьРачная сетка рэдкая. Рэкі горныя, парожыстыя, ледавіковага і сьнега-дажджавога жыўленьня, багатыя гідраэнэргіяй. На поўначы рэкі ўпадаюць у бясьсьцёкавыя салёныя азёры (найбольшае Намца). На поўдні і ўсходзе вытокі вялікіх рэк Азіі: Інд, Брахмапутра, Салуін, Хуанхэ, Янцзы, Мэконг і іх прытокаў.
Флёра і фаўна
рэдагавацьПераважае расьліннасьць высакагорных пустынь і паўпустынь на маламагутных горна-пустынных глебах. У паўночнай частцы нагор’я і на паўднёвым захадзе — нізкая травяная расьліннасьць, значныя тэрыторыі заняты друзавай або саланчаковай пустыняй. Характэрныя прадстаўнікі расльіннасьці — тыбэцкая асака і балотніца. На поўдні трапляюцца ўчасткі горных стэпаў. Лясы на крайнім усходзе (елка, хвоя, бяроза) і ў далінах на паўднёвым усходзе (тугайныя лясы — лаза, таполя, ціс, падуб, хвойныя). Жывёльны сьвет: на поўначы характэрны капытныя — як, кулан, антылёпы аронга і ада, архар, блакітны баран. Ёсьць мядзьведзі, воўк, ліс, шакал, зайцы, пішчухі, тарбаган; з птушак — барадач-ягнятнік, гімалайскі сіп, арлан-даўгахвост, тыбэцкі ўлар, тыбэцкая саджа і інш. На поўдні (асабліва ў далінах) трапляюцца тыгар, кабарга, газэль, выдра, янот, малпы макакі; з птушак — каршун, сава, сокал і інш.
Гаспадарчая дзейнасьць
рэдагавацьУ далінах і горных схілах сеюць галазёрны ячмень, авёс, гарох, грэчку; вядзецца адгонная жывёлагадоўля.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Тибетское нагорье Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2018-11-20 г.