Станіслаў Язэпавіч Станкевіч

беларускі літаратуразнаўца, крытык, публіцыст, грамадзкі дзяяч
(Перанакіравана з «С. Станкевіч (палітык)»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Станкевіч.

Станісла́ў Язэ́павіч Станке́віч (23 лютага 1907 году, Арляняты — 6 лістапада 1980 году, Нью-Ёрк) — беларускі літаратуразнаўца, грамадзка-культурны дзяяч, публіцыст, крытык. Таксама ўжываў псэўданімы Язэп Каранеўскі, Алесь Крыга, Дзівасіл. Доктар філязофіі ў галіне славянскай літаратуры (1936).

Станіслаў Язэпавіч Станкевіч
Дата нараджэньня 23 лютага 1907(1907-02-23)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 6 лістапада 1980(1980-11-06)[1] (73 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
  • Унівэрсытэт Стэфана Баторыя[d]
Занятак літаратуразнаўца, пісьменьнік
Месца працы
Сябра ў Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз, Таварыства прыяцеляў беларусаведы і Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Паходзіць з роду Станкевічаў, ягоны родны дзядзька па матчынай лініі — Ян Станкевіч — зьяўляўся адным з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Віленскі ўнівэрсытэт, дзе ў 1933 годзе абараніў магістарскую дысэртацыю на тэму «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». У 1936 годзе за працу «Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі» атрымаў годнасьць доктара філязофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры. Падчас навучаньня дзейнічаў ў Беларускім Студэнцкім Зьвязе; рэдагаваў «Крыніцу» і «Студэнцкую Думку», зьяўляўся стваральнікам і старшынём унівэрсытэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Рабіў шматлікія публікацыі на тэмы беларускай літаратуры ў віленскай беларускай прэсе.

У час Другой сусьветнай вайны разам зь іншымі беларускімі нацыянальнымі дзеячамі Станкевіч імкнуўся скарыстаць вызваленьне ад бальшавізму, зьмену таталітарных рэжымаў у Беларусі для аднаўленьня працы на карысьць беларускай справы, дзеля чаго беларускім нацыянальным актывам пераймаліся пасады ў мясцовай цывільнай акупацыйнай адміністрацыі. Станкевіч стаў бурмістрам Барысава, і займаў гэтую пасаду ў час правядзеньня антыгабрэйскіх вынішчальных акцыяў у 1941—1942 гадох. Нягледзячы на тое, што няма фактаў, даводзячых непасрэдны ўдзел у Галакосьце, і што праз сваю пасаду цывільнага кіраўніка Станкевіч ня меў непасрэднага дачыненьня да масавых расстрэлаў габрэяў, Станкевічу, тым ня менш, без дастатковых падставаў дасюль накідаецца абвінавачаньне ў вынішчэньні габрэяў Барысава.[2]

Быў дэлегатам Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Напрыканцы 1945 году ў ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны ўзначаліў нелегальны Беларускі нацыянальны цэнтар. Быў першым старшынём Антыбальшавіцкага блёку народаў (1946).

Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны сумесна з М. Абрамчыкам на эміграцыі аднавіў Раду БНР. Рэдагаваў часопіс БНЦ «Рух» і газэту «Бацькаўшчына» (1948—1962). Стварыў філію нью-ёрскага Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нямеччыне, рэдагаваў усе чатыры кнігі «Запісаў» Інстытуту, якія былі выдадзены ў Мюнхэне.

З 1962 году жыў у Нью-Ёрку. З 1963 году і да сьмерці зьяўляўся галоўным рэдактарам газэты «Беларус», якой пад ягоным рэдагаваньнем выйшла каля 200 нумароў. Стала супрацоўнічаў з радыё «Свабода». У ЗША выдаў кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першае паловы 1960-х гадоў» (1967) і «Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад нараджэньня» (1982). Зьяўляецца аўтарам працы «Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу» пра ідэалёгію і практыку русыфікацыі ў Беларусі ў 1950-х — на пачатку 1960-х гадоў, апублікаванай у «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў 1962 годзе ў Мюнхэне.

Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку ў штаце Нью-Джэрзі (ЗША)[3].

Бібліяграфія

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Jackiewicz Mieczysław (red.), «Wileńska encyklopedia 1939—2005», Warszawa 2007, ISBN 978-83-899113-95-1.
  • Станіслаў Станкевіч. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу / Прадмова В. Вячоркі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць