Беларускі студэнцкі саюз

(Перанакіравана з «Беларускі Студэнцкі Саюз»)

Белару́скі студэ́нцкі саю́з (БСС; 1 сьнежня 1921 — верасень 1939) — арганізацыя студэнтаў-беларусаў Унівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні. Афіцыйна зарэгістраваны польскімі ўладамі пад назваю Związek Akademików-Białorusinów[4].

Беларускі студэнцкі саюз
Лідэр партыі
Дата заснаваньня 1 сьнежня 1921 (103 гады таму)
Штаб-кватэра Сьцяг ПольшчыВільня, Польшча
Колькасьць 90 (1931)
65 (1937)
Дэвіз «Айчына й Навука»

Дэвіз Беларускага студэнцкага саюзу — «Айчына й Навука». Сябры БСС мелі свае адзнакі — белыя шапкі і бел-чырвона-белыя значкі.

Друкаванымі органамі зьяўляліся часопісы «Новы Шлях» (сакавік 1922, выйшла 3 нумары), «Студэнцкая думка».

Гісторыя

рэдагаваць

Заснаваньне

рэдагаваць
 
Сябры БСС

У 1920 студэнты-беларусы Віленскага ўнівэрсытэту заснавалі «Гурток студэнтаў-беларусаў», які ў 1921 годзе стаў звацца «Беларускі студэнцкі саюз». Яго заснавальнікамі былі Браніслаў Туронак, Антон Абрамовіч, Францішак Пяткевіч, Тодар Куніцкі і Мікалай Марцінчык. Усе яны зьяўляліся студэнтамі мэдычнага факультэту. Старшынём быў абраны Антон Абрамовіч.

У сярэдзіне лістапада 1923 году адбыўся агульны сход студэнтаў-беларусаў Віленскага ўнівэрсытэту, які абраў новае кіраўніцтва. Старшынём стаў І. Лабанец, а сябрамі ўправы А. Зянюк, Т. Куніцкі і М. Марцінчык. Пасаду скарбніка заняў Браніслаў Туронак. У той час арганізацыя знаходзілася ў памяшканьні Цэнтральнай беларускай школьнай рады, якая разьмяшчалася на вуліцы Віленскай.

Мэтаю БСС была актыўная асьветніцкая й прапагандысцкая дзейнасьць у галіне беларускай культуры і гісторыі. Другая мэта — таварыская праца па стварэньні беларускамоўнага асяродку для студэнтаў, каб разам ладзіць вечарыны, балі, канцэрты, экскурсіі ў тым ліку часам з удзелам прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.

Для прыняцьця ў БСС трэба было мець гарантыю двух сяброў[5].

 
Сябры БСС 1936—1938 гг.

Сябры БСС маглі належаць да любых палітычных арганізацыяў, галоўнае, каб чалавек меў цьвёрдыя беларускія нацыянальныя пазыцыі. Як прыклад таго, калі Саюз юрыстых ладзіў свой рэгулярны конкурс красамоўства, і ад БСС выступаў Вінцэсь Скублоўскі (пазьней судзьдзя ў Беластоку). У спрэчцы ён памылкова сказаў «мы - палякі» — і ў выніку быў выключаны з арганізацыі[4]. Яшчэ аднаго сябра выключылі за тое, што памылкова назваў Зьвязак Незалежнай Моладзі ДэмакратычнайЗьвязкам Польскай Моладзі. Вядомы беларускі дзеяч Юльян Саковіч быў выключаны з БСС разам зь іншымі сябрамі студэнтамі-камсамольцамі за тое, што хацелі падпарадкаваць арганізацыю пад камуністычную дзейнасьць[6].

Дзейнасьць

рэдагаваць
 
Удзельнікі хору БСС пад кіраваньнем Рыгора Шырмы і з удзелам Міхася Забэйды-Суміцкага пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і Пагоняй, 1931 г.

Саюз праводзіў ня толькі асьветніцка-культурніцкую дзейнасьць, але таксама, па меры фінансавых магчымасьцяў, даваў пазыкі і стыпэндыі сваім сябрам у нястачы.

Пры Саюзе існаваў славуты хор Рыгора Шырмы, у якім сьпявалі пераважна студэнты, і які адзін час называўся Беларускі хор пры Беларускім Студэнцкім Саюзе. Таксама пры Саюзе існавалі курсы беларускай мовы, беларусазнаўства, каапэрацыі. Была сталоўка «Беларуская сытніца».

БСС прымаў актыўны ўдзел у самакіраваньні Ўнівэрсытэту і ў вырашэньні шматлікіх пытаньняў унівэрсытэцкага жыцьця. Калі для габрэяў былі ўведзеныя асобныя лавы зьлева ў аўдыторыях (як дыскрымінацыйная мера), то сябры БСС у пратэст сядалі на гэтыя лавы разам з гэбраямі[4].

У 1925 годзе камісар Вільні не дазволіў БСС вечарыны да Дня Волі, прымеркаваную на 25 сакавіка. З дазволам цягнулі цэлы тыдзень і толькі напярэдадні вечарыны адмовілі. Не дазволілі таму, што ў праграме мелі пяяць «Ад веку мы спалі». П.Камісар Ураду не радзіўся даць дазволу нават тады, калі выкінулі гімн, бо такім арганізатарам, якія хочуць пяяць Беларускі гімн, дазвол даць не магчыма[7].

20 лістапада 1927 агульны сход БСС у Вільні прыняў рашэньне пра ўваход у склад АБСА. Пасьля гэтага друкаваным органам АБСА ў Вільні стаў часопіс «Студэнская Думка».

У 1928 кіраўніцтва БСС складалася: Ігнат Гагалінскі — старшыня, Ст. Станкевіч — сакратар, М. Амельяновіч — скарбнік, Аўген Бартуль і Я. Ермаковіч — сябры[3].

9 сьнежня 1928 БСС зладзіў вечар у гонар М. Чачота ў памяшканьні Віленскай беларускай гімназіі.

У 1930/1931 навучальным годзе ў БСС каля 90 сяброў, арганізацыя ладзіць пры Віленскім унівэрсытэце супольны беларуска-летувіска-ўкраінскі студэнцкі баль.

У 1935 годзе БСС адзначыў сваё 15-годзьдзе. «А гадзіне 16 у залі Віленскага ўнівэрсытэту пачалася ўрачыстая акадэмія. Народу зышлося многа — вялізарная заля была шчыльна запоўнена. Былі прадстаўнікі ўнівэрсытэцкіх уладаў, былі прадстаўнікі беларускага грамадзянства, былі студэнты беларусы, літоўцы, украінцы і інш. На фронтавай сьцяне вісеў удэкараваны беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам герб беларускага народу — Пагоня. За прэзыдыяльным сталом засеў урад Беларускага Студэнцкага Саюзу і ганаровыя сябры прэзыдыюму гэтай акадэміі. Акадэмію адкрыў кароткай, рэчовай, адпаведнай урачыстасьці, прамовай старшыня Саюзу студ. Мікола Шчорс»[8].

У ліпені 1936 годзе БСС зладзіла студэнцкую вандроўку па Наваградчыне. «Экскурсія гэта пачалася ад возера Сьвітэзь, пры тым аднаго з яе ўчасьнікаў студ. В. Войтаньку паліцыя арыштавала, рэшта ўчасьнікаў былі ў аднэй з вёсак легітымаваныя яўнай і тайнай паліцыяй. Экскурсія закончылася ў Наваградку»[9].

У 1937 у БСС уваходзіла 65 чалавек[3].

10 сьнежня 1938 на гадавіну 15–годзьдзя творчай працы Рыгора Шырмы на беларускай музычнай ніве БСС зладзіў ўрачысты канцэрт у вялікай унівэрсытэцкай залі імя Сьнядэцкіх. На ўрачыстасьць сабралася больш за паўтысячы чалавек, у канцэрце прыняў удзел Міхась Забэйда-Суміцкі.

Пры апошнім рэктары Віленскага ўнівэрсытэту — ксяндзу Вайціцкім — сытуацыя значна пагоршылася. Хору забаранілі выступаць, на просьбу аб ладжаньні мерапрыемстваў рэктар адсылаў у паліцыю, якая ўсё забараняла.

За ўвесь час існаваньня саюзу яго сябрамі было каля 300 асобаў[3].

Старшыні БСС

рэдагаваць

Бібліяграфія

рэдагаваць
  1. ^ Рыцар нашай свабоды (Браніслаў Туронак)
  2. ^ Быў у нас такі дохтар...(недаступная спасылка) Лена Казлоўская // Czasopis Nr 03/09
  3. ^ а б в г д І. А.Саракавік.Грамадскі рух студэнцтва Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд // Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2009.
  4. ^ а б в Антон Шукелойць. Да 80-годзьдзя Беларускага Студэнцкага Саюзу // Весткі й Паведамленьні Нью Ёркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, 16 (420)
  5. ^ Вільня. Змагарнае жыцьцё // Зянон Пазьняк. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: Беларускія Ведамасьці; Вільня: Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2003.
  6. ^ Сяргей Ёрш. Змагар за волю народа (Юльян Саковіч) // Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998.
  7. ^ Беларуская Доля, 21 сакавіка 1925
  8. ^ Пра 15-годзьдзе Беларускага Студэнцкага Саюзу // Беларуская крыніца, 15 сьнежня 1935
  9. ^ Беларуская крыніца, 31 ліпеня 1936
  10. ^ Рыцар нашай свабоды (Браніслаў Туронак)
  11. ^ Быў у нас такі дохтар...(недаступная спасылка) Лена Казлоўская // Czasopis Nr 03/09

Літаратура

рэдагаваць