Сяргей Бульба
Сяргей Бульба[1] (нар. 15 красавіка 1967 року, Менск, БССР, імя пры нараджэньні Сяргей Чыслаў) — беларускі палітычны дзяяч[2], прадпрымальнік, былы старшыня «Белага легіёну»[3].
Сяргей Бульба | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
15 красавіка 1967 (57 гадоў) |
Партыя: | Беларускі народны фронт «Адраджэньне» (у пачатку 1990-х гг.) |
Дзеці: | двое сыноў |
Адукацыя: | Менская вышэйшая інжынэрная зэнітна-ракетная вучэльня (1989) |
Узнагароды: | |
Біяграфія
рэдагавацьДзяцінства, пачатак грамадзкай дзейнасьці
рэдагавацьНарадзіўся 15 красавіка 1967 року ў Менску. Скончыў сярэднюю школу №50 (Менск) і Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню (зараз Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь).
Будучы курсантам, у 1988 г. стварыў з аднакашнікамі патрыятычную суполку, якая займалася гістарычна-асьветніцкай дзейнасьцю. У сваім асяродку яе ўдзельнікі называлі сябе «Рух-63», як нашчадкі Кастуся Каліноўскага. Штуршком да стварэньня арганізацыі сталіся падзеі кастрычніка 1988 року, калі ў Менску быў жорстка разагнаны жалобны мітынг на Дзяды. Суполка сабрала каля 300 подпісаў за дзяржаўнасьць беларускай мовы. З красавіка 1989 року арганізацыя стала называцца «Вольнае згуртаваньне вайскоўцаў».
У 1989 року быў адным зь двух дзейсных афіцэраў сярод заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту[4].
Заснавальнікаў «Руху-63» раскідалі па гарнізонах, а найбольш актыўных, у тым ліку Сяргея Бульбу (Чыслава), выправілі ў Забайкальскую вайсковую акругу, Чыцінскую вобласьць (Расея). Бульба (Чыслаў) служыў у вайсковай частцы каля кітайскай мяжы, у пераводзе на службу ў БССР было адмоўлена.
У 1990 року быў вылучаны жаўнерамі-саслужыўцамі кандыдатам на выбары ў Вярхоўны Савет СССР, але быў заблякаваны рашэньнем палітаддзелу. Пасьля гэтага напісаў рапарт на звальненьне і быў звольнены па скарачэньні кадраў.
Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў і «Белы легіён»
рэдагавацьВярнуўшыся ў Беларусь, у 1991 року працаваў старэйшым адміністратарам беларускамоўнага ліцэю, а таксама быў намесьнікам кіраўніка «Выбранецкіх Шыхтоў».
Быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, выконваў абавязкі адказнага й прэсавага сакратара арганізацыі. У сярэдзіне 90-х заняўся фармаваньнем маладзёвай структуры БЗВ. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі на базе БЗВ былі створаныя структуры ДРАБаў («Дружыны рэгіянальнай аховы й бясьпекі»), на базе якіх потым узьнік «Белы легіён»[5].
У 1995 року узначаліў «Белы легіён»[6][7], ваенізаваную патрыятычную арганізацыю, якая ў падпольных і паўпадпольных умовах займалася вайсковай падрыхтоўкай моладзі[8] і рыхтавалася да збройнага супраціву рэжыму Аляксандра Лукашэнкі[9][10].
Двойчы (у 2003 і 2008 рокі) ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь[11][12].
Эміграцыя, дзейнасьць у замежжы
рэдагавацьПасьля 2008 року ў Беларусі жыў рэдка, жыў у Нэпале, Індыі, Тыбэце, Лацінскай Амэрыцы. У 2013 року разам зь сям’ёй пераехаў на сталае жыхарства ва Ўкраіну.
Уваходзіў у склад Вялікай рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»[13].
У ліпені 2023 году было абвешчана, што Сяргей Бульба стаў новым кіраўніком Беларускага моладзевага хаба (пляцоўка для арганізацый, ініцыятыў і актывістаў беларускай дыяспары у Варшаве). Былы дырэктар установы Алесь Лапко вінаваціў яго ў рэйдэрскім захопе арганізацыі. Бульба адмаўляў прэтэнзіі і ў сваю чаргу абвінаваціў у парушэньнях папярэдняе кіраўніцтва Беларускага моладзевага хаба[14].
У 2024 г. узначаліў спартова-адукацыйную арганізацыю «Паспалітае рушэньне»[15].
Перасьлед за грамадзка-палітычную дзейнасьць
рэдагавацьВосеньню 1996 року быў вывезены спэцслужбамі Беларусі ў лес каля Слуцку, перажыў клінічную сьмерць й тры тыдні правёў у лякарні[16].
7 ліпеня 2008 року былых кіраўнікоў «Белага легіёну» — Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага й Сяргея Бульбу (Чыслава) — затрымалі па справе аб выбуху 3 ліпеня 2008 року, абвінавацілі па арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Хуліганства»), аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты[17].
У лютым 2024 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь абвясьціў фонд «Беларусь 2.0», зьвязаны зь Сяргеем Бульбам, экстрэмісцкім фармаваньнем[18].
Прыватнае жыцьцё
рэдагавацьЖанаты, мае двух сыноў. У 2012 року афіцыйна зьмяніў прозьвішча з Чыслаў на Бульба[19][20].
Мае свой бізнэс у IT-сфэры.
Бібліяграфія
рэдагавацьУ суаўтарстве са Станіславам Суднікам выдаў расейска-беларускі вайсковы слоўнік[21][22].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў: нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
- ^ Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
- ^ Сяргей Чыслаў: «Белы легіён» — гэта не арганізацыя, гэта стан душы
- ^ З савецкіх падводнікаў у беларускія пісьменьнікі. Гісторыя Паўла Ляхновіча
- ^ Белы легіён — праўда й міты(недаступная спасылка)
- ^ Ствараецца «Белы легіён»
- ^ «На нас Караткевіч паўплываў» — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
- ^ «Мы 20 гадоў рыхтавалі будучую эліту сілавых структур». Сяргей Бульба — пра Міраслава Лазоўскага і іх працу за кадрам — Наша Ніва, 26.05.2023
- ^ «Калі б зрабілі рэвалюцыю, далі б нацыі перспектыву». Сяргей Бульба — пра тое, як рыхтавалі ваенны пераварот — Most Media, 15 верасьня 2022 г.
- ^ Почему беларусы не перешли от мирного протеста к силовому? — cripo.com.ua, 5 траўня 2023 г.
- ^ КОЛЬКАСЬЦЬ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ВЫБАРЧЫЯ МАНДАТЫ СКАРАЧАЕЦЦА ШТОДНЯ
- ^ Кадыдат зьняты з выбараў за паказ фільмаў
- ^ Спіс сяброў Вялікай Рады ЗБСБ «Бацькаўшчына», абраных на IV з’ездзе беларусаў свету — Згрутаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына, афіцыйны сайт, 2005 г.
- ^ [1]
- ^ Сяргей Бульба ўзначаліў «Паспалітае рушэньне»- Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2024 г.
- ^ Лідар «Белага легіёну»: Я перажыў клінічную смерць
- ^ «Белы легіён» не існуе, але цікавіць сьледзтва
- ^ «Беларусь 2.0 Сяргей Бульба» и «ВИРУС СВОБОДЫ» признаны «экстремистскими формированиями» (рас.) Reform.by(be)
- ^ Сяргей Чыслаў: Нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
- ^ Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў патлумачыў, чаму змяніў прозвішча на Бульба
- ^ Беларуская вайсковая тэрміналёгія: «Крокам руш!»
- ^ Як і хто распрацоўваў беларускую вайсковую тэрміналёгію? (+слоўнічак)