Свойскі бык

здамаўлёны від быка

Свойскі бык (па-лацінску: Bos taurus) — від парнакапытнай жывёлы, разводзіцца дзеля атрыманьня малака й ялавічыны. Вылучаюць мясныя, мяса-малочныя й малочныя пароды кароваў. У сьвеце налічваецца каля 1,3 млрд асобаў буйной рагатай жывёлы, пераважна — кароваў. Найбольшае пагалоўе налічваецца ў Індыі (каля 400 млн), Бразыліі й Кітаі (па 150 млн).

Свойскі бык
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
КлясаСысуны
АтрадПарнакапытныя
ПадатрадЖвачныя
СямействаПустарогія
РодСапраўдныя быкі
ВідДзікі бык
Бінамінальная намэнклятура
Bos taurus

У некаторых краінах каровы ўважаюцца сьвятымі.

Паходжаньне

рэдагаваць

Продкам свойкага быка быў дзікі бык, у прыватнасьці яго вымерлы ў дзікай прыродзе падвід — тур.

Буйная рагатая жывёла адыгрывае значную ролю ў чалавечай гісторыі. Прыручэньне пачалося ў часы раньняга нэаліту, прыкладна 8500 гадоў таму назад, усьлед за прыручэннем коз, авечак і сьвіней. Пытаньне, ці зьяўляюцца тэрыторыя сучаснай Турэччыны й паўночнага Міжрэчча адзіным цэнтрам прыручэньня (ня лічачы адамашненьня зэбу на тэрыторыі Індастану), застаецца адкрытым. Праведзеныя ў 1994 годзе генэтычныя дасьледаваньні паказалі, што сучасныя каровы не належаць, як доўгі час лічылася, адной радавой лініі.

Гаспадарчае значэньне

рэдагаваць
 
Карова на лузе ў швайцарскіх Альпах

Карова ў сялянскай сям’і здаўна ўвасабляла багацьце й дастатак. Страціць карову, асабліва ў неўраджайныя гады, для сялянаў было раўназначна катастрофе. Таму карову ў глыбінцы заўсёды вельмі паважалі, усяляк засьцерагалі, клапаціліся, ставіліся да яе ласкава[1]. Гадоўляй кароваў займаецца жывёлагадоўля, пераважаючая жывёлагадоўчая галіна. Малочныя й мяса-малочныя пароды разводзяць дзеля атрыманьня малака, ялавічыны, шкураў.

Адыходы жыцьцядзейнасьці каровы, гной, выкарыстоўваюць у якасьці ўгнаеньня. Адна карова можа вырабляць 10 тонаў гною за год[2]. У 2009 годзе быў расшыфраваны геном каровы[3], што дазволіць палепшыць і паскорыць вывядзеньне пародаў з патрабаванымі для сельскай гаспадаркі ўласьцівасьцямі.

Культ каровы

рэдагаваць

У Індыі са старажытнасьці карову лічаць сьвятой жывёлай, увасабленьнем Вялікай маці Адыці й зямлі, а часам нават усяго Сусьвету. Веды зьвязваюць іх са сьвітанкам і сонцам, называючы маці, якая ўладарыць над патройнай прыродай сьвету. Карова абараняецца Сусьветнымі законамі й Вішну асабіста, за забойства каровы магчыма таксама трапіць у пекла, таму гэта забаронена: «Забойцам кароваў прыгатавана гніць у пекле столькі гадоў, колькі было валасінак на целе каровы»[4].

У міталёгіі розных народаў карова выконвае касьмічную функцыю: у эгіпцянаў нябесная карова нут, якая спарадзіла неба, увасабляла Нябесны акіян. У Мэмфісе яна выступала сымбалем пасіўнай сілы, увасабленьнем Вэнэры. Менавіта карову па радзе аракула легендарны Кадм вывеў да месца, дзе былі заснаваны Тыбы.

Цельная карова лічыцца жаночым сымбалем жыватворчай і сілкавальнай сілы зямлі, а ў пары з быком яны ўвасабляюць сымбаль бажаства — жаночага й мужчынскага, які спараджаючага й выкормліваючага. Напрыклад, у Старажытнай Грэцыі карову часьцяком малявалі зь цялём, які смакчыць вымя, што азначала множаньне чароўнай сілы, сілкавальнай сябе саму.

Захворваньні

рэдагаваць

Захворваньні кароваў бываюць розныя. Часьцей за ўсё сустракаецца каровін рак крыві — леўкоз. Заражаныя леўкозам каровы небясьпечныя, бо пераносяць хваробу праз кроў і малако. Каб пазьбегнуць заражэньня кароваў леўкозам, ім штогод робяць прышчэпкі й абсьледуюць іх на гэтую і іншыя хваробы. Калі карова здаровая, ёй выдаюць спэцыяльны пашпарт на дазвол спажываньня малака. Зьбіраць малакапрадукты малаказавод можа толькі тады, калі ёсьць пашпарт.

Акрамя таго, карова можа пераносіць сухоты, шаленства й язву. Часта пад скурай кароваў жывуць лічынкі гізоў і іншых вусякоў. Гэтыя лічынкі жывяцца крывёю кароваў і здольны паменшыць колькасьць крыві ў каровы амаль на адзін працэнт.

Уплыў на навакольнае асяродзьдзе

рэдагаваць

Угнаеньні

рэдагаваць

Каровін гной зьяўляецца адным з найлепшых угнаеньняў[5]. У памёце каровы часта пасяляюцца мурашкі й рудыя мурашы. Памёт каровы для ўгнаеньня разносяць жукі-гнаявікі. Мухі адкладваюць у ім свае яйкі. Акрамя таго, куры, раздзіраючы каровін памёт, знаходзяць там шмат пажыўных рэчываў.

Выкіды мэтану

рэдагаваць
 
Дарослы бык племянной пароды

Навукоўцы выявілі, што каровы выдзяляюць мэтан. Яго колькасьць залежыць ад рацыёну каровы. Харчовая й сельскагаспадарчая арганізацыя ААН пацьвердзіла гэтыя зьвесткі. Падрабязна гэтую праблему дасьледавалі ў Вялікабрытаніі. Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што кожная з 10 мільёнаў брытанскіх кароваў штодня выдзяляе прыблізна 100—200 літраў мэтану[6].

У ходзе праекту навукоўцы таксама разглядалі магчымыя мэтады скарачэньня ў кароваў выдзяленьня аміяку — яшчэ аднаго парніковага газу[6]. Задача вучоных — распрацаваць нейкі новы рацыён для кароваў, каб у працэсе іх страваваньня вылучалася менш газу. Майкл Эбэртан з Інстытуту дасьледаваньняў у Ўэйлзу, у Абэрыстўіце, называе некалькі магчымых варыянтаў корму кароваў, якія здольны паменшыць выкіды газу: райграс з высокім утрыманьнем цукру, белая канюшына й лядвянец.

Брытанскі ўрад вылучыў на гэты праект, які будзе ажыцьцяўляцца тры гады, 750 тысячаў фунтаў, што складае прыкладна 1,51 млн даляраў ЗША. Галоўная база дасьледаваньняў — унівэрсытэт Ўэйлзу ў Абэрыстўіце.

Беларусь

рэдагаваць

У Беларусі на 1 студзеня 2007 году налічвалася 3,9 млн галоваў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1,5 млн — каровы. Па вытворчасьці малака на душу насельніцтва краіна займала 1-е месца ў СНД і 4-е ў Эўропе. Больш за 98 % мяса й малака беларускія гаспадаркі атрымлівалі ад разьвядзеньня чорна-пярэстых кароваў.

На травень 2012 году ў Беларусі налічвалася 2,3 млн кароваў, зь іх у прыватнай галіне — звыш 100 000 (4%)[2].

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Свойскі быксховішча мультымэдыйных матэрыялаў