Рэгіна Салямэя Пільштынова

лекарка, мэмуарыстка Рэчы Паспалітай
(Перанакіравана з «Саламея Русецкая»)

Рэгіна Салямэя Пільштынова з дому Русецкіх (польск. Regina Salomea Pilsztynowa; Наваградак, Вялікае Княства Літоўскае, 1718 — па 1760) — першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-лекарака, мэмуарыстка, асьветніца. Аўтарка прыгодніцкага раману «Авантуры майго жыцьця».

Салямэя Пільштынова
Salomea Pilsztynowa
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Рэгіна Салямэя Пільштынова
Нарадзілася 1718[1][2]
Наваградак, Вялікае Княства Літоўскае
Памерла не раней за 1763
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці лекарака, мэмуарыстка, асьветніца
Жанр раман
Мова старабеларуская мова, польская мова, лацінская мова, турэцкая мова, расейская мова і нямецкая
Значныя творы «Авантуры майго жыцьця»

У Рэгіны Салямэі не было дыплёму лекара, яна не навучалася мэдыцыне. Мэдычную базу ведаў яна даведалася ад свайго першага мужа Якуба Гальпіра — лекара-акуліста, які практыкаваўся, між іншым, у Стамбуле. Па сьмерці мужа Рэгіна Салямэя з посьпехам праходзіла там мэдычную практыку; працавала лекаркай пры двары гарэму султана Асманскай Імпэрыі. Калі займалася лячэньнем, то акцэнтавала ўвагу на гігіену й здаровае харчаваньне. Другім яе мужам быў Юзаф Пільштын — аўстрыйскі афіцэр. Пакінула па сабе прыгодніцкі раман «Авантуры майго жыцьця», які апісвае побыт і норавы Вялікага Княства Літоўскага, Турэччыны, Расеі і Аўстрыі. Напісаны польскай мовай, ён зьмяшчае шмат беларусізмаў і беларускіх народных прыказак і прымавак[3].

Біяграфія

рэдагаваць

Пачатак жыцьця і мэдычнае дзейнасьці

рэдагаваць

Нарадзілася на Наваградчыне ў сям’і мешчаніна Яўхіма Русецкага. 14-гадовую дзяўчыну ў 1731 годзе аддалі замуж за лекара-немца Якуба Гальпіра, і маладажоны адразу накіраваліся ў Стамбул, дзе Гальпір распачаў лекарскую дзейнасьць. Салямэя зацікавілася заняткамі мужа і неўзабаве пачала яму дапамагаць. Яна вызначалася назіральнасьцю, розумам і здольнасьцямі, таму даволі хутка авалодала мэтадамі лячэньня і пачала практыкаваць самастойна. Знаёмы ірацкі лекар раскрыў ёй спосабы і сродкі лячэньня хвароб вачэй.

Праз пэўны час яна набралася столькі ведаў і досьведу, што атрымала афіцыйны дазвол на лекарскую дзейнасьць. Паводле мусульманскіх звычаяў мужчына, нават лекар, ня меў права наведваць гарэм, а прававерныя мусульманкі ня мелі права лячыць мужчын. Хрысьціянка ж Русецкая магла практыкаваць і сярод мужчын, і сярод жанчын, і гэта спрыяла яе папулярнасьці.

Неўзабаве яна з мужам выехала ў Босьнію. Па дарозе спынялася ў розных гарадах і лячыла дзяцей. Слуга Гальпіра, італьянец, навучыў Русецкую асновам лацінскай мовы, і яна змагла выпісваць рэцэпты. Набытыя кнігі па мэдыцыне і фармакалёгіі дапамагалі ёй пастаянна ўдасканальваць свае веды.

Па сьмерці мужа

рэдагаваць

Па заўчаснай сьмерці мужа Русецкая атрымала ў спадчыну даволі значныя сродкі, якія яна выдаткоўвала ў асноўным на вандроўкі і справы міласэрнасьці, у тым ліку на выкуп палонных жаўнераў. Сярод самых імянітых пацыентаў лекаркі ў гэты час быў трансыльванскі князь Ёжаф Ракачы, галоўны прэтэндэнт на вугорскі прастол. У якасьці лекаркі яе запрасілі Міхал Радзівіл Рыбанька і яго жонка Уршуля. Расейская імпэратрыца Ганна Іванаўна наблізіла Русецкую да сябе, прыняла яе ў штат прыдворнай абслугі. Пэўны час Салямэя Русецкая практыкавала ў Вене, лячыла членаў турэцкага пасольства. Апошняе вядомае месца яе лекарскай дзейнасьці — Стамбул, зь якога і пачыналася яе мэдычная кар’ера. На гэты раз сярод яе пацыентаў былі турэцкія саноўнікі, сёстры сультана і жанчыны яго гарэма.

У 1760 годзе з Стамбулу Русецкая накіравалася паломніцай у Сьвятую Зямлю. У яе пляны ўваходзіла наведаньне Палестыны і Эгіпту. Далейшы лёс невядомы.

 
Першая старонка запісак Салямэі Русецкай

Салямэя Русецкая пакінула па сабе надзвычай цікавы ўзор эпісталярнай спадчыны — дзёньнік-кнігу «Авантуры майго жыцьця», падрыхтаваную для друку. У ім — успаміны і ўласныя развагі наконт тагачасных падзеяў, цікавыя замалёўкі-партрэты людзей, якія сустракаліся ў час яе вандровак па краінах Захаду і Ўсходу. Шмат месца ў кнізе адведзена апісаньню побыту і нораваў розных народаў, выкладзены мэтады лячэньня розных хвароб. Лекарка шмат у чым абапіралася на здабыткі народнай мэдыцыны, папулярызавала вучэньне пра гігіену і фізычнае выхаваньне. Усё гэта ў лучнасьці з дасягненьнямі фармакалёгіі і хірургіі таго часу стварала бездакорную сыстэму, у адпаведнасьці зь якой працавала Русецкая — «доктар мэдыцыны і акулістыкі», як яна сама сябе называла.

  1. ^ Salomea Regina Pichelsteinowa // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  2. ^ Salomea Regina Pilsztynowa // MAK (пол.)
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 297.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць