Рэвалюцыйнае дзеяньне
«Рэвалюцы́йнае дзе́яньне» («РД») — арганізацыя анархістаў у Беларусі, заснаваная ў красавіку 2010 году.
Рэвалюцыйнае дзеяньне | |
па-беларуску: Рэвалюцыйнае Дзеянне | |
Дата заснаваньня | 11 красавіка 2010 (14 гадоў таму) |
---|---|
Штаб-кватэра | Менск |
Ідэалёгія | анархізм |
Дэвіз | Свабода! Самакіраваньне! Анархізм! |
Афіцыйны сайт | revbel.org |
Утварэньне
рэдагавацьВытокам Рэвалюцыйнага Дзеяньня была арганізацыя «Аўтаномнае Дзеяньне – Беларусь»[1], якая была ўтвораная ў Менску 13 лютага 2005 году ўдзельнікамі Беларускага анархічнага фронту (БАФ) і суполкай самастойных анарха-актывістаў як аддзяленьне расейскай арганізацыі «Аўтаномнае Дзеяньне». У 2010 годзе абсалютнай большасьцю галасоў была прынятая пастанова пакінуць Аўтаномнае Дзеяньне і сфармаваць самастойную арганізацыю. Прычынамі аддзяленьня сталі:
- рух Аўтаномнага Дзеяньня ў бок левага лібэралізму;
- нязручнасьць арганізацыйных прынцыпаў Аўтаномнага Дзеяньня для беларускай арганізацыі і мясцовых рэаліяў;
- высокія чалецкія ўнёскі ў Аўтаномнага Дзеяньня і непразрыстасьць іх выкарыстаньня.
Ідэалёгія
рэдагавацьІдэалёгія РД грунтуецца на «сацыяльным анархізьме, анарха-камунізьме і ілегалізьме». Апошні ў інтэрпрэтацыі арганізацыі мае на ўвазе, што актывісты скарыстаюць тыя мэтады ў сваёй чыннасьці, якія зьяўляюцца эфэктыўнымі ў дадзенай сытуацыі, без аглядкі на іх законнасьць. Сярод сваіх мэтаў арганізацыя бачыць: пашыраньне ідэяў анархізму, стварэньне арганізаванага руху, сумяшчэньне агітацыі і прамога дзеяньня, падрыхтоўка да сацыяльнай рэвалюцыі і пашырэньне як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі, гэтак і за мяжой. Для распаўсюду сваіх ідэй РД скарыстоўвае сайт і сацыяльныя сеткі. Удзельнікі Рэвалюцыйнага Дзеяньня не афішуюць сваю арганізацыйную прыналежнасьць і свой удзел у якіх-небудзь акцыях як арганізацыя, у зьвязку з існаваньнем у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь артыкула 191 (Дзеяньне ад імя незарэгістраванай арганізацыі) і ўвагай спэцслужбаў да чыннасьці арганізацыі.
Прынцыпы арганізацыі
рэдагаваць- Закрыты сяброўскі склад;
- Разьмеркаваньне абавязкаў;
- Роўнасьць у галасаваньні (адзін чалавек — адзін голас);
- Плянаваньне;
- Кансьпірацыя;
- Ілегалізм.
Перасьлед
рэдагаваць- У 2016 годзе анархісцкая суполка «Рэвалюцыйнае дзеяньне», а таксама апублікаваныя ў аднайменнай суполцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» матэрыялы былі ўключаныя ў Рэспубліцы Беларусі ў сьпіс экстрэмісцкіх, а доступ да іх заблякаваны[2][3].
- У 2021 годзе МУС прызнала інтэрнэт-рэсурсы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» экстрэмісцкім фармаваньнем[4]. За стварэньне такога фармаваньня або ўдзел у ім ў Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасьць[5].
6 верасьня 2022 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Хрыпач вырак да зьняволеньня 10 чалавек паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі на запыт пракурора Рамана Бізюка. Сярод іншага, сьледзтва цьвердзіла, нібыта 31-гадовы сябра «Рэвалюцыйнага дзеяньня» Аляксандар Францкевіч (нар. 9 траўня 1990, Наваполацак) і 26-гадовая каадынатарка валянтэрскай службы Праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова зладзілі ў сакавіку 2017 году падпал падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну з выкарыстаньнем «кактэйляў Молатава»[6]. У выніку: Аляксандра Францкевіча выраклі да 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду — да 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Марфу Рабкову — да 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Аляксея Галаўко — да 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама да 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму выраклі 4-х абвінавачаных — Мікіту Дранца і Аляксандра Казьлянку, Андрэя Чапюка і Паўла Шпетнага. Урэшце, да 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму выраклі Андрэя Марача і Данілу Чулю. Пры гэтым, паводле Крымінальнага кодэксу ў:
- ладжаньні масавых беспарадкаў (частка 1 артыкула 293 КК Беларусі) абвінавацілі Гаеўскага-Ханаду, Рабкову і Францкевіча;
- падрыхтоўцы да ўдзелу ў беспарадках (ч. 1 арт 13, ч. 2 арт. 293) — Гаеўскага-Ханаду і Рабкову, Францкевіча і Чапюка;
- навучаньні да ўдзелу ў беспарадках (ч. 3 арт. 293) — Гаеўскага-Ханаду, Рабкову і Францкевіча;
- стварэньні і кіраваньні злачыннай арганізацыяй (ч. 1 арт 285) — Гаеўскага-Ханаду і Галаўко, Рабкову і Францкевіча;
- удзеле ў злачыннай арганізацыі (ч. 3 арт. 361) — Дранца і Казьлянку, Марача і Чапюка, Чулю і Шпетнага;
- закліку да шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі з выкарыстаньнем інтэрнэт-СМІ — Гаеўскага-Ханаду, Рабкову і Францкевіча;
- стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт 361-1) — Гаеўскага-Ханаду і Галаўко, Рабкову і Францкевіча;
- ладжаньні групавога парушэньня грамадзкага парадку (ч. 1 арт. 342) на Маршы недармаедаў 5 сакавіка 2017 году — Гаеўскага-Ханаду і Галаўко, Дранца і Казьлянку, Марача і Францкевіча, а таксама Шпетнага;
- ладжаньні парушэньня грамадзкага парадку (ч. 1 арт. 342) пры перакрыцьці трасы М1 на выезьдзе зь Берасьця ў 2018 годзе — Гаеўскага-Ханаду і Галаўко, Дранца і Казьлянку, Францкевіча і Чулю;
- распальваньні грамадзкай варожасьці (ч. 1 арт. 130) — Чапюка;
- распальваньні варожасьці групай асобаў (ч. 3 арт. 130) — Гаеўскага-Ханаду, Рабкову і Францкевіча;
- злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339) пры кіданьні ў 2016 годзе лямпачак з фарбай у рэклямныя шчыты Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі МУС Беларусі і ў будынак Белтэлерадыёкампаніі — Рабкову і Францкевіча;
- злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339) пры кіданьні дымавой шашкі ў будынак Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС у Берасьці ў 2016 годзе — Гаеўскага-Ханаду і Рабкову, Францкевіча і Шпетнага;
- апаганьваньні збудаваньня (арт. 341) праз першамайскае графіці ў Берасьці ў 2020 годзе — Гаеўскага-Ханаду і Галаўко, Марача і Рабкову, а таксама Францкевіча;
- апаганьваньні збудаваньня праз графіці супраць Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе — Гаеўскага-Ханаду і Рабкову, Францкевіча і Чапюка;
- групавым незаконным выкарыстаньні гаручых рэчываў (ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3) пры падпале гомельскай падатковай інспэкцыі і рэклямага шчыта Ўправы прымусовага выкананьня пакараньняў у Івацэвічах (Берасьцейская вобласьць) — Гаеўскага-Ханаду, Рабкову і Францкевіча[7].
У апошнім слове на судзе Аляксандар Францкевіч зьвязаў свой вырак з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну: «Калі арыштоўвала мяне палітычная паліцыя аўтарытарнай дзяржавы, то судзіць мяне ўжо вайскова-цывільная адміністрацыя Беларускай акругі. ... шкадую, што не прыклаў больш сілаў, больш стараньняў, каб гэтыя муры абрынуліся. Не зрабіў больш для таго, каб Расея ў рэшце рэшт была разбураная. Ня быў у Кіеве тады, калі расейскі вайсковы карабель пайшоў у вызначаным кірунку, а кіяўляне спынілі арду, якая ўявіла сябе непераможнай»[8]. Гаеўскі-Ханада таксама заявіў пра неналежны судовы разгляд: «Гэты тэатральны і „кафкіянскі“ працэс пакінуў толькі пачуцьцё глыбокага расчараваньня. Ён выйшаў настолькі нізкай якасьці, што былі выключаныя нават гледачы. ... З нас зьляпілі міжнародную злачынную арганізацыю, якая пагражала ажно тром дзяржавам. ... шкадую толькі пра тое, што не прыклаў усе высілкі супраць фашысцкай банды, якая сфармавала краіну, дзе "часам не да законаў"»[9]. Сярод іншых, Рабкова адмовіла сваю віну і назвала абвінавачаньні сфабрыкаванымі: «Вы навешваеце на мяне бірку экстрэміста, сьцьвярджаеце, што я ёсьць "дэструктыўным элемэнтам", "азлобленай", што я "згубіла свае карані". ... Я не прызнаю віну ні па адным прад'яўленым абвінавачваньні. Лічу іх цалкам сфабрыкаванымі, абсурднымі, выдуманымі супрацоўнікамі ГУБАЗіК»[10].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://web.archive.org/web/20171226225757/http://revbel.org/istoriya-rd/
- ^ http://news.21.by/society/2017/03/21/1309096.html(недаступная спасылка)
- ^ Республиканский список экстремистских материалов
- ^ МВД признало «экстремистскими формированиями» три анархистских интернет‑ресурса (рас.) Мэдыязона Праверана 2022-01-18 г.
- ^ БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова Беларуская асацыяцыя журналістаў Праверана 2021-12-22 г.
- ^ 94 гады на ўсіх — вынесены дзікі прысуд па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» // Партал «Наша ніва», 6 верасьня 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калёніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзьняволеным // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 6 верасьня 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ «Судзіць мяне вайскова-цывільная адміністрацыя беларускай акругі». Апошняе слова Аляксандра Францкевіча на судзе // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 верасьня 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ «Такое прадстаўленьне ня вартае нават пухавіцкага палаца культуры», — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 7 верасьня 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ Марфа ў апошнім слове: «Калі мы дапамагаем адно аднаму, выказваем салідарнасьць — мы набліжаем надыход нашай Беларусі» // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 8 верасьня 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.