Франц Ка́фка (па-нямецку: Franz Kafka; 3 ліпеня 1883, Прага — 3 чэрвеня 1924, Кірлінг, каля Вены) — адзін з асноўных нямецкамоўных пісьменьнікаў XX ст., большая частка працаў якога была апублікаваная пасьмяротна. Ягоныя творы, прасякнутыя абсурдам, страхам перад вонкавым сьветам і вышэйшым аўтарытэтам здольныя выклікаць у чытача адпаведныя трывожныя эмоцыі, — зьява ўнікальная ў сусьветнай літаратуры.

Франц Кафка
ням. Franz Kafka
Франц Кафка, фатаздымак 1906 году
Франц Кафка, фатаздымак 1906 году
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 3 ліпеня 1883
Прага
Памёр 3 чэрвеня 1924 (40 гадоў)
Вена
Пахаваны
Бацькі Герман Кафка[d]
Юлія Кафка[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік, страхавы чыноўнік, кіраўнік фабрыкі
Гады творчасьці 1904—1924
Кірунак мадэрнізм, літаратура абсурду, экзыстэнцыялізм
Жанр прытча, раман, малая проза
Мова нямецкая
Дэбют першыя празаічныя накіды ў мюнхэнскім часопісе «Гіпэрыён», 1909
Значныя творы
Подпіс Выява аўтографу
Творы ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com
https://www.franzkafka.de

Фрац Кафка нарадзіўся ў габрэйскай сям’і, якая жыла ў праскім раёне Юзэфаў (былое гета гораду Прагі — тады ў складзе Аўстра-Вугорскай Імпэрыі). Франц быў першым дзіцём у сям’і Германа й Юліі Кафкаў (у дзявоцтве Леві). Сям’я Кафкі належала да сярэдняй клясы: бацька, сам будучы чацьвертым дзіцём у беднай правінцыйнай сям’і, пасьля прыезду ў Прагу адкрыў галянтэрыйную краму, маці была родам з забясьпечанай сям’і півавараў з Подэбрадаў. Сына, народжанага меней чым год пасьля шлюбу, назвалі Францам у гонар Імпэратара Франца Ёсіфа. Франц Кафка меў двух братоў, Георга і Гайнрыха — яны памерлі ў год пасьля нараджэньня, а таксама тры сястры: Элі, Валі і Отлу (загінулі падчас ІІ сусьветнай вайны).

Прозьвішча «Кафка» па-чэску (kavka) азначае літаральна птушку каўку (галку). Выява гэтай птушкі была эмблемай фірмы Германа Кафкі.

З 1889 да 1893 году Франц наведваў нямецкую (Deutsche Knabenschule), а не чэскую, пачатковую школу, што адлюстроўвала жаданьне яго бацькі пасунуцца вышэй па сацыяльнай лесьвіцы. Хаця большасьць насельніцтва Прагі ў тыя часы размаўляла па-чэску, мовай эліты была нямецкая. Франц свабодна валодаў чэскай, а таксама няблага ведаў францускую (адным зь яго ўлюбёных пісьменьнікаў быў Флябэр). Будучы габрэям, ён аднак амаль ня ведаў ідыш і стаў цікавіцца традыцыйнай культурай свайго народу толькі ў дваццаць гадоў, а іўрыт пачаў вывучаць толькі ў канцы жыцьця.

У 1901 годзе Кафка скончыў гуманітарную гімназію на староўцы (Altstädter Gymnasium). У жніўні таго ж году распачаў навучаньне ў Карлавым унівэрсытэце Прагі. Прысьвяціўшы два тыдні хіміі, ён аднак перавёўся на факультэт права. У 1906 годзе атрымаў ступень доктара права і распачаў стажыроўку ў судзе.

Менавіта падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце Кафка пазнаёміўся са сваім лепшым сябрам, вядомым тады праскім пісьменьнікам жыдоўскага паходжаньня, Максам Бродам. Дзякуючы Броду большасьць твораў Кафкі і пабачыла сьвет.

З 1908 да 1922 году Кафка працаваў у страхавой фірме ў Празе і меў шмат службовых падарожжаў па Чэхіі. У час, калі ён сышоў з працы, ён займаў добрааплачваемае становішча старэйшага інспэктара.

 
Магіла Франца Кафкі ў Празе

Да 35 гадоў Кафка жаў разам з бацькамі. Ён меў складаныя адносіны са сваім дэспатычным айцом і да канца жыцьця застаўся кавалерам. У пэрыяд паміж 1912 і 1917 гадамі ён заляцаўся да бэрлінскай сакратаркі Фэліцыі Баўэр, двойчы быў зь ёй заручаны і двойчы зрываў шлюб. Істотнай жанчынай у жыцьці Кафкі была Мілена Есэнская — чэская журналістка, пісьменьніца й перакладчыца ягоных твораў. Апошняй жанчынай Кафкі была Дора Дымант, габрэйка з артадаксальнай сям’і з Пабяніцаў, якая зацікавіла яго вывучэньнем Талмуду.

У 1922 годзе праз прагрэсуючыя сухоты Кафка быў вымушаны сысьці з працы. У 1923 годзе ён перабраўся ў Бэрлін, каб жыць разам з Дорай Дымант. У той час ён імкнуўся займацца толькі творчасьцю. Праз год Франц Кафка памёр у санаторыі Кірлінг каля Вены, імаверна ад зьнясіленьня: болі ў горле не дазвалялі яму прымаць ежу, а ўнутраная тэрапія была ў той час няразьвітая. Яму было 40 гадоў.

Творчасьць

рэдагаваць

Першы зборнік апавяданьняў і фрагмэнтаў прозы Кафкі быў выдадзены ў 1913 годзе пад назвай Сузіраньне (Betrachtung). У той жа час паўстала першая глава няскочанага раману Амэрыка. Агулам, падчас жыцьця Кафка апублікаваў толькі чатыры зборнікі: вышэйзгаданае Сузіраньне, Вясковы доктар, Кары і Мастак голаду. Галоўныя яго творы — Амэрыка, Працэс і Замак — выйшлі з друку ўжо пасьля яго сьмерці і насуперак апошняму жаданьню (Кафка прасіў Макса Брода зьнішчыць рукапісы). Таксама пасьля сьмерці былі выдадзеныя дзёньнікі і ліставаньні Кафкі з Бродам, Фэліцыяй Баўэр і некаторымі іншымі асобамі. Броду ўдалося папулярызаваць творчасьць Кафкі на хвалі захапленьня экзыстэнцыялізмам у 1940-х і 1950-х гадах.

У сваіх аповесьцях Кафка стварыў мадэль сытуацыі, якую называюць кафкаўскай (у нямецкай мове існуе нават адмысловы прыметнік kafkaesk). Істотай кафкаўскай сытуацыі ёсьць канфлікт паняволенай самотнай адзінкі з вышэйшай інстанцыяй, ананімнай і недасяжнай[2].

Выбраныя творы

рэдагаваць
 
Помнік Францу Кафку ў Празе

Апавяданьні і фрагмэнты

рэдагаваць
  • 1913 — Прысуд (Das Urteil)
  • 1914 — У калёніі для зьняволеных (In der Strafkolonie)
  • 1914 — Перад законам (Vor dem Gesetz)
  • 1915 — Ператварэньне (Die Verwandlung)
  • 1917 — Рапарт для акадэміі (Ein Bericht für eine Akademie)
  • 1922 — Досьледы сабакі (Forschungen eines Hundes)
  • 1925 — Працэс (Der Prozess); няскончаны раман, пісаўся ў 1914—1915 гадах, выдадзены пасьля сьмерці
  • 1926 — Замак (Das Schloß); няскончаны раман, распачаты ў 1922 годзе, выдадзены пасьля сьмерці
  • 1927 — Амэрыка (Der Verschollene); няскончаны раман, распачаты ў 1912 годзе, выдадзены пасьля сьмерці

Беларускія пераклады

рэдагаваць

Некалькі кароткіх твораў даступныя на сайце «Беларуская палічка»[3].

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць