Рыпл

крыптавалюта і пратакол аплаты

Рыпл (анг. ripple — зыб) — крыптавалюта, выпушчаная ў верасьні 2012 году амэрыканскім прадпрыемствам «Опэнкойн» на чале з Крысам Ларсэнам.

Рыпл
Распрацоўка «Рыпл» (Сан-Францыска, штат Каліфорнія, ЗША)
Апошняя вэрсія 1.0.0 (15 траўня 2018 г.; 6 гадоў таму)
Напісаны на C++
АС Лінукс, MacOS, Windows
Тып крыптавалюта
Ліцэнзія «Кансорцыюм інтэрнэт-сыстэмаў» (Рэдвуд, штат Каліфорнія, ЗША)
Афіцыйная старонка ripple.com

Мае матэматычную аснову. Аплатная сетка «Рыпл» дазваляе пералічваць сродкі ў валюце іншай асобе за некалькі імгненьняў[1]. Праз супрацу з банкамі ёсьць канкурэнтам «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (ТСМФС; анг. SWIFT, Бэльгія)[2]. На 2018 год рыплам гандлявалі на больш як 60 крыптавалютных біржах. Яшчэ 4 аплатныя сыстэмы выкарыстоўвалі рыпл у міжнародных грашовых пераводах, зь іх:

  • 2 у ЗША — «Манігрэм» (Далас, штат Тэхас) і карпарацыя «Міжнародная сувязь са зьніжкай» (Ньюарк, штат Нью-Джэрзі);
  • 1 у Мэксыцы — кампанія «Куалікс» (Мантэрэй, штат Новы Леон);
  • 1 у Ангельшчыне — валютаабменьнік «Мэркуры» (Лёндан)[3].

Прадпрыемства

рэдагаваць

На 2018 год прадпрыемства «Рыпл» (Сан-Францыска, штат Каліфорнія, ЗША) мела сядзібы ў 5 краінах: Ангельшчына (Лёндан), Аўстралія (Сыднэй), ЗША (Нью-Ёрк), Індыя і Люксэмбург. «Рыпл» абслугоўваў звыш 100 банкаў. Асноўнымі ўкладальнікамі ў ЗША былі: фонд «Андрэсэн-Хоравіц» (Мэнла-Парк, штат Каліфорнія), «Асноўны інавацыйны капітал» (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія), фонд лічбавых пачынаньняў «Бостанскай кансультавальнай групы» (штат Масачусэтс), фонд пачынаньняў «Гугл» (Маўнтын-Вію, штат Каліфорнія), «Сігейт» (Купэртына, штат Каліфорнія) і фонд Чыгаскай таварнай біржы (штат Іліной). Замежнымі ўкладальнікамі былі: «Аксэнчэр» (Дублін, Ірляндыя), фонд інавацыйных пачынаньняў банка «Сантандэр» (аўт.суп. Кантабрыя, Гішпанія), «Стандартны статутны» банк (Лёндан, Ангельшчына) і група «Стратэгічны бізнэс-інаватар» (Токіё, Японія)[4]. У камітэт блёкчэйн-сеткі «Рыпл» уваходзілі банкі 6 краінаў: банк Амэрыкі «Мэрыл-Лінч» (Нью-Ёрк, ЗША), Заходне-ціхаакіянскі банк (Сыднэй, Аўстралія), Каралеўскі банк Канады (Таронта, правінцыя Антарыё), банк «Міцубісі» (Токіё, Японія), банк «Сантандэр» (Гішпанія) і «Стандартны статутны» банк (Ангельшчына)[5].

Мінуўшчына

рэдагаваць
Рыпл
Краіна ЗША
Падзел кропля
Код ISO-4217 XRP
Скарачэньне RPL
Абменны курс:
(7 чэрвеня 2018)
$0,67
  Галерэя выяваў у Вікісховішчы

У 2004 годзе канадзкі вэб-распрацоўнік Раян Фугэр стварыў у Ванкувэры пратакол аплаты «Рыплпэй» (анг. Ripplepay) для разьмеркаванай сыстэмы мясцовага абмену, карыстальнікі якой маглі ствараць уласныя грошы. У 2005 г. Фугэр запусьціў фінансавы вэб-сайт RipplePay.com, празь які карыстальнікі маглі ажыцьцяўляць он-лайн-плацяжы. У траўні 2011 году распрацоўнік амэрыканскай файлаабменнай сеткі «Электронны асёл» (анг. eDonkey) Джэд Макалеб прапанаваў стварыць лічбавую валюту, перавод якой меў пацьвярджацца згодай удзельнікаў сеткі для зьмяншэньня выдаткаў электраэнэргіі і павелічэньня хуткасьці яе пераводу. Адпаведную сыстэму «Рыпл» распрацавалі Артур Брыта і Дэвід Шварц. У жніўні 2012 году да распрацоўкі далучыўся заснавальнік кампаніі «Электронная пазыка» (E-Loan) Крыс Ларсэн. У верасьні 2012 году распрацоўнікі з удзелам Фугэра заснавалі карпарацыю «Опэнкойн» (OpenCoin — адкрытая манэта), якая стварыла пратакол «Рыпл» для імгненных і наўпростых плацяжоў між двума бакамі. Пратакол «Рыпл» дазволіў абменьваць без банкаўскіх збораў валюту, золата і бонусы ў выглядзе паветраных міляў. Праграмны код пратакола грунтуецца на агульным рэгістры, які кіруецца сеткай незалежных пацьвярджальных сэрвэраў, якія пастаянна параўноўваюць свае запісы пра транзакцыі. Адначасна для пераводу грошай стварылі крыптавалюту Рыпл (XRP).

2 ліпеня 2013 году ў пратаколе «Рыпл» зрабілі біткойн-мост, што дазволіла карыстальнікам «Рыпла» ажыцьцяўляць выплаты ў валюце на біткойн-адрас.

17 лістапада 2017 году кампанія «Амэрыкан Экспрэс» (Нью-Ёрк) абвясьціла пра ўдзел у блёкчэйн-сетцы «Рыпл». У выніку вартасьць крыптавалюты «Рыпл» вырасла за дзень на 28%, што павялічыла яе агульную капіталізацыю да $8,6 млрд (4-е месца ў сьвеце)[6]. 30 сьнежня 2017 году капіталізацыя крыптавалюты «Рыпл» вырасла да $97,2 млрд, што зрабіла яе 2-й у сьвеце. Цана рыпла склала $2,51[7]. На люты 2018 году старшыня прадпрыемства «Рыпл» Крыс Ларсэн стаў мільярдэрам з маёмасьцю на $7,5 млрд[8].

  1. ^ Іван Купарвас. Грошы не для партманета // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2016. — № 72 (28182). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Аляксандар Папко. «Крыптавалюты выжывуць, але ня ўсе» // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 23 студзеня 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.
  3. ^ Частыя пытаньні (анг.) // «Рыпл», 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.
  4. ^ Кампанія (анг.) // «Рыпл», 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.
  5. ^ Камітэт сеткі Рыпл (анг.) // «Рыпл», 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.
  6. ^ Курс біткойна ўпершыню перакрочыў $8000 // Газэта «Наша ніва», 17 лістапада 2017 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.
  7. ^ Названая другая крыптавалюта па капіталізацыі // Газэта «Новы час», 30 сьнежня 2017 г. Архіўная копія ад 30 сьнежня 2017 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.
  8. ^ «Форбс» упершыню склаў рэйтынг крыптавалютных мільянэраў // Газэта «Наша ніва», 7 лютага 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць