П’ер Рышар

францускі актор

П’ер Рыша́р (сапраўднае імя П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд Дэфэ, па-француску: Pierre Richard Maurice Charles Léopold Defays; 16 жніўня 1934 году, Валянсьен, дэпартамэнт Нор) — францускі кінаактор-комік і рэжысэр, найбольш вядомы дзякуючы ролям нязграбнага летуценьніка ў камэдыйных фільмах.

П’ер Рышар
па-француску: Pierre Richard
Дата нараджэньня 16 жніўня 1934(1934-08-16)[1][2][3][…] (90 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак тэлеактор, кінаактор, комік, кінарэжысэр, сцэнарыст, мэмуарыст
Навуковая сфэра вінаградарства і выканаўчае мастацтва[d]
Псэўданімы Pierre Richard
Узнагароды
Нацыянальны ордэн Заслугаў афіцэр Ордэну Ганаровага Легіёну
IMDb ID nm0007069
Сайт pierre-richard.fr (фр.)

Біяграфія

рэдагаваць

Дзяцінства

рэдагаваць
 
Замак Ружвіль, які быў ва ўласнасьці сям’і Дэфэ. Тут ганаваўся малы Рышар.

Нарадзіўся 16 жніўня 1934 году ў сям’і тэкстыльнага прамыслоўца. Сваё імя актор атрымаў у гонар сцэнічнага псэўданіма іншага актора П’ера Рышара-Вільма, які быў улюбёнцам ягонай маці[5].

Ягоны бацька сышоў зь сям’і яшчэ да нараджэньня П’ера, таму ён гадаваўся маці і двума дзядулямі. Але выхоўваўся пераважна ў сям’і свайго дзеда, нашчадка старадаўняга арыстакратычнага роду, які жыў на поўначы Францыі. Калі хлопчыку было 7 гадоў, ён упершыню выпадкова сустрэў свайго бацьку ў Парыжы, на іпадроме Ланшам, а пазьней, таксама выпадкова, пабачыў яго ў сямейным замку. Аднак, бацька не цікавіўся хлопцам[6]. Каб суцешіць сябе і кампэнсаваць адсутнасьць бацькі, П’ер прыдумаў свой вобраз бацькі, які атаясамляў з сваім дзедам па матчынай лініі Аржыміра Паолясыні. Ён быў італьянскім імігрантам зь невялікай вёскі недалёка Анконы. Аржыміра пасяліўся ў Валянсьене прыкладна ў веку 20 гадоў. Менавіта ён падтрымліваў малога П’ера ў ягоным захапленьнем акторствам.

Першыя крокі ў акторстве

рэдагаваць

Па дасягненьні паўналецьця П’ер Рышар зьехаў у Парыж паступаць на драматычныя курсы, супраць чаго выступаў ягоны дзед. Гэта паслужыла падставай для разрыву будучага актора зь сям’ёй. У Парыжы актор браў урокі драмы ў школе Шарля Дзюлена. Рышар не імкнуўся да фінансавай падтрымкі сям’і, але ягоная настойлівая бабуля таемна прыдбала яму кватэру ў 16-й акрузе і нават дасылала харчы[5]. У 1958 годзе актор зьявіўся ў камэдыйным сэрыяле «Цудоўная каманда»[5]. У тытрах яго падпісалі як П’ер Рышар Дэфэй[5], але пасьля ўпікаў з боку сям’і ён узяў сабе сцэнічную мянушку П’ер Рышар[5]. Ягоны дэбют быў далёка не бліскучымі, бо актор жадаў граць у драмах, што было не ў ягоным характары.

Каб задаволіць сямейнікаў і супакоіць бабулю, яму давялося засвоіць іншую прафэсію, дзеля чаго вывучаў кінэзіятэрапію, але не адмовіўся ад выканаўчага мастацтва[5][7]. Рышар мусіў ужо забясьпечваць патрэбы сваёй новай маленькай сям’і, бо актор пабраўся шлюбам, у якім у 1960 годзе нарадзілася першае дзіця. У 1961 годзе поруч зь фізыятэрапэўтычнымі заняткамі, ён пачаў граць у тэатры з Антуанам Бурсэе, выступаючы ў парыскіх кабарэ. Там ён выконваў свае першыя скетчы, напісаныя разам зь Вікторам Ляну[8]. Цягам пяці гадоў два сябры стваралі скетчы і прэзэнтавалі іх у кабарэ пераважна на левым беразе гораду. Аднак, за гэты час стасункі між сябрамі сапсаваліся да такой ступені, што яны больш не размаўлялі адзін з адным па-за сцэнай[5]. Дуэт спыніў сваё існаваньне, калі Ляну ўладкаваўся ў Нацыянальны народны тэатар, і ягоны графік стаў несумяшчальным з выступамі ў кабарэ[5]. Нявызначанасьць некаторы час турбавала П’ера Рышара, пагатоў у ягонай сям’і нарадзілася другое дзіця[5]. Цягам дзесяцігодзьдзя ён часам зьяўляўся ў эстрадных шоў, прадусаваных Жанам-Крыстофам Авэрці, П’ерам Каральнікам і Жакам Разье[8].

Пачатак здымак у кіно і трыюмф

рэдагаваць
 
П’ер Рышар (справа) у 1975 годзе.

У 1966 годзе пасьля сумеснай працы над п’есай «У адкрытым моры» рэжысэр Іў Рабэр, ацаніўшы выкананьне Рышарам сваёй ролі, напісаў для яго невялікую ролю ў фільме «Дужа шчасьлівы Аляксандар» (1968)[9]. Гэта была ягоная першая сур’ёзная, але другарадная роля ў кіно, бо да гэтага актор зьяўляўся там толькі эпізадычна. Рышар скарыстаўся такой магчымасьцю, і дадаў у свайго героя камэдыйныя элемэнты, якія пільна адпрацаваў у сваіх бурлескных нумарах. Рабэр быў уражаны такой імправізацыяй і прапанаваў дапамогу ў стварэньні свайго кіно. Актор знайшоў у творы «Характары і звычаі нашага веку» Жана дэ Лябруера свайго пэрсанажа, які адпавядае яму, то бок зь дзяцінства хваравіта няўважлівага і нязграбнага[9][10]. Рабэр узяўся за прадусаваньне фільму ды падштурхнуў актора напісаць сцэнар, які быў зроблены ў супрацы з Андрэ Руэлянам. Гэтак быў створаны кінатвор «Няўважлівы» (1970)[9]. Кінастужка назьбірала паўтара мільёнаў праглядаў[5], а Рышар стаў узыходзячай зоркай як выканаўца галоўнай ролі. Актор пацьвердзіў гэты поспех дзьвюма наступнымі фільмамі, як то «Няшчасьці Альфрэда» (1972) і «Я анічога ня ведаю, але ўсё распавяду» (1973).

З ініцыятывы Франсіса Вэбэра Іў Рабэр даў Рышару галоўную ролю ў сваёй шпіёнскай камэдыі «Высокі бляндын у чорным чаравіку» (1972). Улічваючы, што рэжысэраваў кінастужку непасрэдна сам Рабэр, многія асаблівасьцю характару героя Франсуа Пэрэна былі выкрэсьленыя падчас мантажу. Рышар быў расчараваны такімі дзеямі, але разумеў, што гэта быў фільм Рабэра, а не яго самога[11]. Незадоўга да выхаду ў пракат катастрафічныя прэс-сэсіі прымусілі актора засумнявацца ў якасьці фільму да такой ступені, што ён пачаў лічыць, што ягоная слава ўжо скончылася[5]. Аднак, «Высокі бляндын у чорным чаравіку» займеў камэрцыйны посьпех, бо яго паглядзелі 3,5 мільёны чалавек[11][12]. Фільм здабыў адмысловага Срэбранага мядзьведзя на кінафэстывале ў Бэрліне, а актор набыў міжнародную вядомасьць[12]. Гэты фільм заклаў падмурак пад тыповага пэрсанажу П’ера Рышара, які пазьней быў бліскуча выкарыстаны іншымі рэжысэрамі. З таго часу іншыя рэжысэры цікавіліся акторам, калі меліся стварыць камэдыю з адпаведным характарам галоўнага героя. Працяг фільму пра бляндына, вядомы як «Вяртаньне высокага бляндына», пацьвердзіў посьпех актору. Рышар пасьля пасьпеў зьняцца ў яшчэ некалькіх фільмах, дзе спрабаваў сябе ў крыху іншых амплюа, як то «Воблак у зубах» (1974), але такія кінастужкі былі амаль не заўважанымі.

Пасьля ўхвалы з сваімі фільмамі з камэдыйным гуртом «Шарлё» рэжысэры Клёд Зыдзі і Крыстыян Фэшнэр, апошні зь якіх быў прадусарам фільму «Я анічога ня ведаю, але ўсё распавяду», прыцягнулі Рышара да здымак кінустужкі «Гарчыца падступае да носу» (1974). Актор выявіў у Зыдзі добры густ да эксцэнтрычных сытуацыяў, характэрных для бурлеску[13]. У выніку атрымаўся камэдыйны блокбастэр, які першапачаткова прызначаўся для Жана-Поля Бэльмандо і Брыжыт Бардо, але выйшаў з парай Рышар і Джэйн Біркін. Гэты ж дуэт, але зь іншай гісторыяй, зьявіўся ў творы «Гонка за цыбуляй-шалёт» (1975)[8][14]. Фэшнэр і Зыдзі плянавалі стварыць праект Рышара зь Люі дэ Фюнэсам, як даніну зьмены пакаленьняў паміж комікамі[15], але працы пачалі адставаць ад графіку, пасьля чаго дэ Фюнэс займеў праблемы са здароўем, а Рышар канчаткова адмовіўся ад ролі, расчараваны канчатковай вэрсіяй сцэнару[15].

Супраца з Вэбэрам і Дэпард’ё

рэдагаваць
 
П’ер Рышар у 2010 годзе.

Фрэнсіс Вэбэр напісаў для Рышара сцэнар да фільму «Цацка» (1976). Твор быў камэдыяй з жахлівым сюжэтам, дзе прыніжаны служачы быў вымушаны стаць уласнасьцю сына свайго боса[16]. Рышар папрасіў Вэбэра, каб ён і паставіў фільм, бо той часта крытыкаваў рэжысэраў, якія рабілі фільмы паводле ягоных сцэнароў[9]. «Цацка» сталася першым фільмам, які прадусараваўся ўласна Рышаравай прадусарскай кампаніяй Fideline Films, заснаванай у 1974 годзе. Рэжысэр абмяжоўваў імправізацыю, а ад коміка П’ер Рышар, такім чынам, больш наблізіўся да драматычнага актора, удасканаліўшы сваё выкананьне[17]. Кінастужка трапіла ў кінатэатры на Каляды 1976 году, але расчаравала як крытыкаў, гэтак і публіку, а таксама не апраўдала чаканьняў прадусараў, не зважаючы на годны вынік у паўтара мільёны гледачоў[5][16][17]. Актору было цяжка даць сабе рады, асабаліва праз тое, што фільм паўтараў ягонае ўласнае дзяцінства. Рышар баяўся, што ня зможа адысьці ад сваёй звычайнай камэдыйнай ролі ў вачах публікі[16][17].

Пасьля часу здымак у іншых рэжысэраў, актор пастанавіў вярнуцца да рэжысуры. Паводле сцэнару, падрыхтаванага ў суаўтарстве з Жан-Жакам Ано і Аленам Гадарам, ён зьняў фільм «Я сарамлівы, але паклапачуся пра сябе» (1978), у якім галоўную ролю поруч з самім Рышарам выканаў італьянскі комік Альда Мачонэ. Рэжысэр Жэрар Уры прыцягнуў П’ера Рышара для стварэньня фільму «Ўцёкі» (1978). У гэтай камэдыі дзея адбываецца на тле пратэстаў траўня 1968 году. У фільме спачатку плянаваўся Патрык Дэвэр, але ён расчараваўся ў сцэнары і пакінуў праект[18][19]. У выніку ролю зламысьніка Ўры аддаў Віктору Ляну, ня ведаючы, што ў 1960-х гадах Рышар і Ляну мелі ўласны дуэт[19]. У выніку фільм займеў вялікі посьпех, але і меншы, чым той, які мела папярэдняя кінастужка Ўры зь Люі дэ Фюнэсам у галоўнай ролі. Затым П’ер Рышар зрэжысэраваў уласны фільм «Гэта ня я, гэта ён» (1980), дзе зноў сыграў з Альда Мачонэ. Не зважаючы на ўхвалу, актор яшчэ доўга не займаўся стварэньнем іншых фільмаў, бо рэжысура яго больш не забаўляла. У 1980 годзе Рышар чарговы раз здымаецца ў фільме Ўры, вядомым як «Укол парасонам»[20].

Франсіс Вэбэр пасьля правалу фільму «Цацкі» чакаў чатыры гады, каб вярнуцца да рэжысуры. Да свайго фільму «Няўдахі» (1981) ён запрасіў Рышара, які мусіў сыграць ролю няўдачлівага наіўнага мужчыны. Гэтая роля спачатку плянавалася для Жака Вільрэ[21]. Першапачатковы партнэр Ліно Вэнтура адмовіўся ад удзелу ў фільму, і П’ер Рышар прапанаваў на ролю Жэрара Дэпард’ё, які да гэтага быў засяроджаны на аўтарскім кіно і быў прызнаны крытыкамі, але ў камэдыях зьяўляўся зрэдку[21]. Твор стаўся сапраўдным трыюмфам па сваім выхадзе. Кінастужка назьбірала ў кінатэатрах сем мільёнаў гледачоў[21]. З прыбытку як супрадусара твору Рышар прафінансаваў шэраг аўтарскіх фільмаў, у якіх ён сам не здымаўся[18]. Затым актор зьняўся ў фільме «Як Піліп з канапель» (1983) рэжысэра Бэрнара Гілю. Рышар спрадусараваў кінастужку на уласныя грошы, але яе чакала няўдача. Вяртаньне да Вэбэра і Дэпард’ё, зь якімі ён стварыў фільм «Татулі» (1983), пераўтварылася ў посьпех. Стужку паглядзелі амаль пяць мільёнаў гледачоў[22]. У наступным годзе актор папрацаваў зь Івам Рабэрам над фільмам «Блізьнюк» (1984), дзе актор быў адзіным галоўным героем. Аднак, камэрцыйны посьпех быў сьціплы.

Вэбэр у трэці раз сутыкнуўся з Рышарам і Дэпард’ё на фільме «Ўцекачы» (1986), але атмасфэра фільму не была камэдыйнай[21][22][23]. Гэта дазволіла актору дадаць некаторыя драматычныя штрыхі ў свайго пэрсанажа. Рышар пазьней успамінаў, што ягоны шлях як камэдыйнага актору мусіў завесьці яго да таго, каб дазволіць гледачам сьмяяцца і разжальвацца[8]. Фільм карыстаўся камэрцыйным посьпехам, а яго паглядзелі амаль чатыры з паловай мільёны чалавек[22]. Аднак ад’езд Вэбэра ў ЗША ў пошуках працягу кар’еры ў Галівудзе перашкодзіў стварэньню новых фільмаў з слыннай парай выканаўцаў. Рышар быў засмучаны заканчэньнем гэтай супрацы, пагатоў ягоныя ўласныя фільмы не выклікалі такой цікавасьці ў публікі.

Драматычныя ролі і правалы

рэдагаваць
 
П’ер Рышар у 1987 годзе.

У 1987 годзе пабачыў сьвет тэлевізійны дакумэнтальны фільм Рышара «Распавядзіце мне пра Чэ», які апавядаў гісторыю пра Чэ Гевару, чалавека, якім ён, як і многія маладыя людзі таго часу, захапляўся і якому хацеў аддаць належнае[24][25]. Ініцыятарам стварэньня кінастужкі быў журналіст Жан Карм’е, які быў сябрам Рышары. Карм’е прапанаваў актору зьняць фільм да дваццацігодзьдзя сьмерці рэвалюцыянэра пасьля сустрэчы з бацькам паўднёваамэрыканца[26]. На Кубе і ў Паўднёвай Амэрыцы Рышар і Карм’е апытвалі сямейнікаў Гевары ды іншых людзей, зьбіраючы гадзіны сьведчаньняў[26][27]. Фідэль Кастра запрасіў Рышара на сустрэчы па праглядзе фільму[28].

Прадусар Клёд Бэры заахвоціў актора зьняцца ў вадэвілі «Леваруч па выхадзе зь ліфта» (1988) паводле папулярнай п’есы Жэрара Лязье. Поруч з Рышарам у кінастужкі зьявіліся Рышар Барэнжэ і Эманюэль Бэар. Аднак, фільм аўдыторыя не прыняла, бо палічыла яго старамодным, занадта блізкім да тэатру[29]. Згубіўшы Вэбэра, Рышар больш ня мог знайсьці добрых камэдыяў для здымкаў, як ён прыгадваў у 1991 годзе[30]. Таксама ён не жадаў рабіць павярхоўныя камэдыі, таму актор заняўся вінаградарствам. Ужо некаторы час П’ер Рышар разважаў аб тым, каб выканаць драматычную ролю[5][30], але знайсьці рэжысэра, які б узяўся за такую працу, было цяжка. Пэўную цікавасьць меў Клёд Лелюш, але праекты не рэалізаваліся.

Актор, нарэшце, знайшоў сабе пэрсанажа, выканаўшы галоўную ролю ў фільме «Пажыральнік цьвікоў» (1988) працы рэжысэра Мошэ Мізрагі. Фільм быў экранізацыяй рамана Альбэра Каэна. Зважаючы на тое, што гэта была кінакамэдыя, але роля Рышара больш ня мела наіўнасьці ягоных звыклых герояў. Тут ён паўстаў у вобразе ганарлівага, ніцага і прагнага да грошай чмута[8][30][31]. Рышар у кадры выглядае барадачом з кароткімі пафарбаванымі ў карычневы колер валасамі[30]. Багатыя дыялёгі Каэна дазваляюць яму выказвацца больш праз словы, чым праз жэсты[8][31]. У выніку актора чакаў чарговы правал. П’ер Рышар паўтарае свой нетыповы вобраз у «Сардэчна запрашаем на борт» (1990), дзе выконвае ролю таямнічага, трывожнага, гаваркога і маніпулятыўнага аўтаспыньніка, але і гэты фільм быў ігнараваны грамадзкасьцю[8][30].

Творца вярнуўся да рэжысуры з камэдыяй «Мы заўсёды можам марыць» (1991), дзе галоўную ролю поруч з Рышарам сыграў Смаін[30][32]. Калі 1970-х гадах актор звычайна выконваў ролі летуценьнікаў, які часта сутыкаецца з рознымі босамі, у гэты раз ён быў у вобразе сівога, сур’ёзнага, халоднага і патаснага прамысловага і фінансавага магната, які страціў прагу да жыцьця[8][32]. Фільм атрымаў сьціплы вынік у 625 тысячаў праглядаў[32]. Наступнай чорнай камэдыі «Стары ашуканец» (1992) таксама бракавала посьпеху. Зьмяніўшы жанр, актор зьняўся ў дзьвюх гістарычных драмах, якія засталіся незаўважанымі, як то «Партыя шахматаў» (1994) з Катрын Дэнёў і «Шлюбнае каханьне» (1995)[33]. Актор таксама вярнуўся на сцэну тэатру[33].

 
На пляжы Баракоа на Кубе актор здымаўся ў тэлефільме «Рабінзон Круза».

Грузінская рэжысэрка Нана Джарджадзэ прапанавала яму галоўную ролю францускага кухара ў фільме «Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кухара» (1997). У гэтай гістарычнай драме з адценьнем рамантычнай камэдыі, дзея адбываецца ў вельмі маладой Грузіі ў савецкага ўварваньня[18][26][34]. Актора прывабіла паэтычнае вар’яцтва і празьмерная фантазія[35]. Роля прымушае яго чаргаваць лёгкія камічныя моманты і з больш змрочнымі сцэнамі[26]. Фільм не атрымаў цікавасьці аўдыторыі, але кінастужка здабыла ўхвальныя водгукі на Канскім кінафэстывалі[33]. Актор атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю на фэстывалі ў Карлавых Варах, а гэтая праца была намінаваная на Оскар як найлепшы фільм замежнай мовай. Пасьля Рышар вярнуўся да рэжысуры ў фільме «Наўпрост у мур» (1997), у якім ён сыграў ролю былога кінаактора, што было празрыстым адлюстраваньнем ягонага бачаньня стану ягогай кар’еры на той момант[5][33]. Выхад фільму скончыўся поўным правалам. Ягоныя драматургічныя спробы не далі рады[18][33], але больш гледачоў не прываблівалі новыя камэдыі з акторам[32].

Пасьля гэтых няўдачаў П’ер Рышар задумваўся аб спыненьні кар’еры ў кіно. Фактычна некалькі гадоў ён не здымаўся і больш прысьвяціў часу тэатру. На хвалі творчасьці Жазэ Даян на рубяжы 2000-х зьявіліся высокабюджэтныя гісторыка-літаратурныя тэлефільмы і міні-сэрыялы[36]. Тэлебачаньне прапанавала актору розныя ролі. Рышар выканаў драматычную ролю старога Віталіса ў міні-сэрыяле «Безь сям’і» (2000) Жана-Даніеля Вэраге паводле матываў твору Эктора Малё[33][37]. У 2002 годзе ён вярнуўся на Кубу, дзе здымаўся тэлефільм «Рабінзон Круза»[27][33][37].

Прэстыжныя ролі другога пляну

рэдагаваць
 
Рышар з ганаровай прэміяй Сэзар.

Актор сустракаўся з маладымі артыстамі і журналістамі, якія былі дзецьмі на піку ягонага посьпеху, у тым ліку з сцэнарыстам Крыстофам Дзюцюронам[38]. Захапленьне гэтым новым пакаленьнем кранула яго і зматывавала да вяртаньня[39]. Гэтыя новыя веды падштурхнулі яго да пераасэнсаваньня свайго мінулага праз кнігі, шоў, інтэрвію і канфэрэнцыі[40][41]. У гэты ж час ён паступова зноў зьявіўся ў кіно. Выконваючы ролю другога пляну, ён зьняўся з Джэйн Біркін у фільме «Жанаты, але не занадта» (2003)[42]. Дам’ен Адуль прапанаваў Рышару новую галоўную ролю, дзе ён мусіў паглыбіцца ў вобраз старога, які чакае сьмерці ў сваім замку ў драме «У чаканьні патопу» (2005). У тым жа годзе ён быў старшынём журы фэстывалю Трэ-Кур. На просьбу актора П’ер Пальмад напісаў п’есу для іх дваіх з Крыстофам Дзюцюронам «П’ер і сыны», якая была пасьпяхова пастаўленая ў 2006 годзе[43][44].

 
Рышар у 2010 годзе.

У гэты ж час маладыя крытыкі пераацанілі некаторыя ягоныя фільмы, якія ў свой час ня мелі посьпеху[39][45]. 26 лютага 2006 году Акадэмія мастацтваў і тэхналёгіяў кінэматографу ўшанавала яго ганаровым Сэзарам. Спачатку актор думаў адмовіцца ад гэтай прэміі[18], але быў вельмі ўзрушаны уручэньнем гэтай жа прэміі Бэрнару Бліе за пятнаццаць дзён да ягонай сьмерці[18]. У сваёй вітальнай прамове Рышар аддаў належнае вялікім амэрыканскім комікам, якія ў свой час натхнілі яго[5]. Пачынаючы з 2000-х гадоў актор стаў запатрабаваны рэжысэрамі новага пакаленьня[39]. Творца зьяўляўся на ролях другога пляну ў францускіх камэдыях і некаторых драматычных фільмах. Часта гэта былі фільмы з Клявісам Карнілякам[39], як то «Кактус» (2005), «Зьмяя» (2006), «Парыж 36» (2008) і «Мае героі» (2012). Гэта былі фільмы вельмі розных жанраў, ад камэдыі да трылера. Вялікі прыхільнік актора П’ер-Франсуа Мартэн-Ляваль даваў яму ролі другога пляну ў сваіх камэдыйных пастаноўках «Выпрабуй мяне» (2006) і «Кароль Гіём» (2009)[45]. Рышар упершыню пачаў агучваць мультфільмы. Рышар таксама зьявіўся ў шэрагу некалькіх замежных фільмах. Ён узьяднаўся з Нанай Джарджадзэ ў фільмах «Лета маіх 27 пацалункаў» (2000) і «Трусіная лапка» (2019)[46]. Актор выканаў галоўную ролю ў квэбэкаўскім фільме «Шчасьлівы П’ер» (2009), расейскім «Прадавец цацак» (2013)[47] і славенска-італьянскім «Анёл муроў» (2021).

На мяжы 2010-х гадоў, працягваючы заставацца запатрабаванай роляй другога пляну, Рышар таксама выконваў і галоўныя ролі. У веку 75 гадоў ён зноў сыграў галоўную камэдыйную ролю грувасткага старога ашуканца ў фільме «Віктор» (2009) Тамаса Жылю, але кінастужка не знайшла свайго гледача[48]. Актор зьявіўся ў драматычнай камэдыі пра старасьць «Мо пажывем усе разам?» (2011). У гэтым творы з шыкоўным акторскім складам, у які ўвайшлі Гі Бэдо, Джэральдына Чаплін, Клёд Рыш і Джэйн Фонда, ягоны пэрсанаж пакутуе на хваробу Альцгаймэра, а выкананьне нагадвае ягоных ранейшых галавакружных пэрсанажаў[49]. Рышар выканаў другарадныя ролі ў фантастычнай драме «Папавы паперы» (2013) і драматычнай камэдыі «Я быў банкірам» (2016)[50]. У 2014 годзе, калі яму споўнілася 80 гадоў, актор запусьціў сваё інтэрнэт-тэлебачаньне. Кароткамэтражны фільм «Агаф’я» Жана-П’ера Макі, які заснаваны на аповесьці Антона Чэхава, адзначыў сустрэчу на экране з Жэрарам Дэпард’ё праз дваццаць восем гадоў па выхадзе іхняга апошняга сумеснага фільму «Уцекачы»[5][51].

Стэфан Раблен, рэжысэр фільму «Мо пажывем усе разам?», зьняў фільм «Містэр Стайн ідзе анлайн» (2017) з Рышарам у галоўнай ролі[52][53]. У тым жа годзе актор выканаў ролю другога пляну ў фільме «Маленькі Сьпіру» (2017). Дэні Бун узяў актора ў свой фільм «Ад сям’і не уцячы» (2018)[54]. Рышар актыўна браў удзел у тэатральных пастаноўках, агучках ды здымках у кіно. У 2023 годзе ён поруч з Дэпард’ё зьявіўся ў кулінарным фільме «Умамі» (2023), але ў ролі другога пляну[55]. У тым жа годзе ўзяў удзел у здымках гістарычнага фільму «Жанна Дзюбары» з Джоні Дэпам, дзе сыграў ролю маршала-герцага дэ Рышэльё[41]. У 2024 годзе П’ер Рышар рыхтуе свой восьмы рэжысэрскі фільм пад назвай «Чалавек, які ўбачыў мядзьведзя, які ўбачыў чалавека». Гэта будзе першы фільм за амаль трыццаць гадоў па ягонай апошняй рэжысэрскай працы[56].

  1. ^ Pierre Richard // filmportal.de — 2005.
  2. ^ Pierre Richard // GeneaStar
  3. ^ Pierre Richard // Babelio (фр.) — 2007.
  4. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118990551 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п «Pierre Richard, l’incompris». France 2.
  6. ^ Richard, Pierre; Imbert, Jérémie (2015). «Je sais rien mais je dirai tout». Flammarion. — С. 59.
  7. ^ Lafitte, Jacques; Taylor, Stephen (2003). «Who’s Who in France». J. Lafitte. — С. 1618.
  8. ^ а б в г д е ё ж «Biographie de Pierre Richard». Pierre-Richard.fr.
  9. ^ а б в г «Pierre Richard: „Francis Veber est tout sauf un homme de gauche“». Le Nouvel Observateur.
  10. ^ «Le Distrait». Le Monde.
  11. ^ а б «Le Grand Blond avec une chaussure noire (1972)». DevilDead.com
  12. ^ а б «Le Grand Blond avec une chaussure noire». Box Office Story.
  13. ^ Chapeau 2019. С. 262—271.
  14. ^ Chapeau 2019. С. 276—282.
  15. ^ а б Chapeau 2019. С. 282—292.
  16. ^ а б в «Le jouet: la critique (1976)». CinéDweller.
  17. ^ а б в ««Le Jouet sur France 3: pourquoi ce film a-t-il été vécu comme un échec par Pierre Richard?». Allociné.
  18. ^ а б в г д е Schaller, Nicolas (2013). «Pierre Richard: „On ne peut pas juger Depardieu comme un type normal“». Le Nouvel Observateur.
  19. ^ а б «La Carapate (1978)». DevilDead.com
  20. ^ «Test Blu-ray: Le Coup du parapluie». Critique-Film.fr.
  21. ^ а б в г «La Chèvre: les coulisses d’une comédie modèle». CineComedies.
  22. ^ а б в «Les Compères sur France 4: pourquoi la collaboration Pierre Richard/Gérard Depardieu s’est-elle achevée au bout de 3 films?». Allociné.
  23. ^ «Saga Francis Veber: Les Fugitifs (1986), critique». Le Monde des Avengers.
  24. ^ Schaller, Nicolas (2016). ««Pierre Richard: „J’aurais aimé être Che Guevara“». Le Nouvel Obs.
  25. ^ Mingalon, Jean-Louis (1988). «Le portrait d’une idole». Le Monde.
  26. ^ а б в г Doze, Pierre (1995). «Le Grand Blond en Géorgie et loin de la comédie». Libération.
  27. ^ а б Calvo Ospina, Hernando (2007). «Pierre Richard: „Fidel Castro est un mythe vivant…“». Mediapart.
  28. ^ «Pierre Richard: „Je trouve le monde plus con qu’avant“». Le Journal du dimanche.
  29. ^ Virgile Dumez. «À gauche en sortant de l’ascenseur». CinéDweller.
  30. ^ а б в г д е «Pierre Richard, biographie et filmographie». Notre Cinéma.
  31. ^ а б Royet, Marie (2019). «Mangeclous, l’adaptation cinématographique de Moshé Mizrahi». Cahiers Albert Cohen. no 27. — ISBN 9782304047455.
  32. ^ а б в г Lanoye, Mickaël (2017). «Test Blu-ray: On peut toujours rêver». Critique-Film.fr.
  33. ^ а б в г д е ё Besnehard, Dominique; Lavoignat, Jean-Pierre (2014). «Casino d’hiver». Paris, Plon. — С. 480. — ISBN 978-2-259-21395-0.
  34. ^ Holden, Stephen (1997). «A Chef in Love (1996): Good Guys Are a Feast, Bad Guys A Famine». The New York Times.
  35. ^ «Les 1001 recettes du cuisinier amoureux». L’Officiel des spectacles.
  36. ^ «La Saga des feuilletons et des série». France 3.
  37. ^ а б Kerviel, Sylvie (2003). «Pierre Richard, Robinson facétieux». Le Monde.
  38. ^ Caussieu, Carine (2022). «Cinéma: Christophe Duthuron, „l’indécrottable rural“». Sud Ouest.
  39. ^ а б в г Cuyer, Clément (2005). «Le Cactus: rencontre avec Pierre Richard». Allociné.
  40. ^ Payen, Bernard. «Pierre Richard, du 6 au 27 avril 2016: Un Grand Blond peut en cacher un autre». Cinémathèque française.
  41. ^ а б Dell’Anna, Fabio (2023). «Pierre Richard: „J’ai amadoué Johnny Depp grâce au rire et au vin“». Le Matin.
  42. ^ «Dans les coulisses de Mariés mais pas trop avec Franck Garaud, acteur débutant». France Bleu.
  43. ^ «„Pierre et fils“ a surpris les spectateurs». Le Parisien.
  44. ^ Lizé, Hubert (2006). «Palmade-Richard, un tandem est né». Le Parisien.
  45. ^ а б Ardisson, Thierry (2006). «Pierre Richard: Ses anecdotes avec Darc, Carmet et Blier… ». YouTube.
  46. ^ «Patte de lapin». Kinoglaz.
  47. ^ «Vendeur de jouets». Kinoglaz.
  48. ^ «Thomas Gilou adopte Pierre Richard». Le Parisien.
  49. ^ Corrio, Jean-Jacques (2012). «Et si on vivait tous ensemble?». Critique-Film.fr.
  50. ^ Jean-Jacques Corrio (2015). «Test DVD: Les âmes de papier». Critique-Film.fr.
  51. ^ Menia, François (2014). «Gérard Depardieu et Pierre Richard: comment Mocky les a réunis». Le Figaro.
  52. ^ «Un profil pour deux, la critique». Paris Match.
  53. ^ Sotinel, Thomas (2017). «Un profil pour deux: triste triangle amoureux sur la Toile». Le Monde.
  54. ^ Balle, Catherine (2017). «La Ch’tite Famille: Line Renaud, la mère, accueille Pierre Richard, le père». Le Parisien.
  55. ^ Georget, Yvan (2023). «En partie tourné dans le Saumurois, le film Umami avec Gérard Depardieu sortira le 17 mai 2023». Ouest France.
  56. ^ Formica, Vincent (2024). «89 ans, 120 films et 1 César: quand reverra-t-on ce monument de la comédie française au cinéma?». Allociné.

Літаратура

рэдагаваць
  • Chapeau, Vincent Claude Zidi, en toute discrétion. — Hors collection, 2019. — 384 с. — ISBN 2258152526

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць