Дэзоксырыбануклійная кісьля

Дэзо́ксырыбануклійная кі́сьля[1] (ДНК) — нуклійная кісьля, якая зьяўляецца носьбітам генэтычнай інфармацыі пра разьвіцьцё і функцыянаваньне ўсіх жывых арганізмаў і часткі ДНК-зьмяшчальных вірусаў. Галоўнай роляй ДНК ў вузах зьяўляецца захаваньне інфармацыі пра структуру РНК і бялкоў.

Падвоеная сьпіраль ДНК

У вузах эўкарыётаў, як то жывёлаў, расьлінаў або грыбоў, ДНК знаходзіцца ў ядры вузы ў складзе храмасомаў, а таксама ў некаторых вузавых арганэлах, як то мітахондрыях і плястыдах. У вузах пракарыётаў, як то бактэрыяў і археяў, колцавая або лінейная малекула ДНК, гэтак званы нуклеоід, знаходзіцца ў цытаплязьме і прымацаваны знутры да вузавай мэмбраны. У іх і ў ніжэйшых эўкарыётаў, як то дрожджаў, сустракаюцца таксама невялікія аўтаномныя колцавыя малекулы ДНК, званыя плязьмідамі. Акрамя таго, адно- або двухланцуговыя малекулы ДНК могуць утвараць геном ДНК-вірусаў.

З хімічнага пункту гледжаньня, ДНК зьяўляецца доўгай палімернай малекулай, якая складаецца з паўтаральных блёкаў — нуклеатыдаў. Кожны нуклеатыд складаецца з азотавых асноваў, цукру (дэзоксырыбозы) і фасфатнай групы (або гамалягічнай арсэнойднай). Сувязі паміж нуклеатыдамі ў ланцугі ўтвараюцца за кошт дэзоксырыбозы і фасфатнай групы. У пераважнай большасьці выпадкаў (акрамя некаторых вірусаў, якія зьмяшчаюць адналанцуговую ДНК) макрамалекула ДНК складаецца з двух ланцугоў, арыентаваных азотавымі асновамі адзін да аднаго. Гэтая двухланцуговая малекула ўтварае сьпіраль. У цэлым структура малекулы ДНК атрымала назву «падвоенай сьпіралі».

У ДНК сустракаецца чатыры віды азотавых асноваў (адэнін, гуанін, тымін і цытазін), аднак выключэньне складаюць выпадкі пазьнейшых мадыфікацыяў нуклеатыдаў, як то мэтылаваньня). Азотавыя асновы адной з ланцугоў злучаныя з азотавымі асновамі іншага ланцуга вадароднымі сувязямі згодна з прынцыпам камплемэнтарнасьці, то бок адэнін злучаецца толькі з тымінам, гуанін — толькі з цытазінам. Пасьлядоўнасьць нуклеатыдаў дазваляе «кадаваць» інфармацыю аб розных тыпах РНК, найбольш важнымі зь якіх зьяўляюцца інфармацыйныя, або матрычныя (мРНК), рыбасамальныя (рРНК) і транспартныя (тРНК). Усе гэтыя тыпы РНК сынтэзуюцца на матрыцы ДНК (гэта значыць, за кошт капіяваньня пасьлядоўнасьці ДНК у пасьлядоўнасьць макрамалекулы, якая сынтэзуецца) у працэсе транскрыпцыі і ўдзельнічаюць у біясынтэзе бялкоў, то бок працэсах сплайсінгу і трансьляцыі). Акрамя кадаваньня пасьлядоўнасьцяў, ДНК вузы ўтрымлівае пасьлядоўнасьці, якія выконваюць рэгулятарныя і структурныя функцыі. Участкі кадавальнай пасьлядоўнасьці разам з рэгулятарнымі вучасткамі называюцца генамі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць