Жыцьцё

форма існаваньня жывых істотаў

Жыцьцё́ — характарыстыка, якая адрозьнівае аб’екты, якія маюць самападтрымальныя працэсы, як то жывыя арганізмы, ад тых, якія ня маюць такіх працэсаў[1], альбо таму, што такія функцыі перасталі выконвацца з-за сьмерці, альбо таму што ў іх няма такіх функцыяў, і клясыфікуюцца адпаведна як няжывыя арганізмы[2][3]. Біялёгія ёсьць навука, якая займаецца вывучэньнем жыцьця.

Розныя формы жыцьця.

Жывыя арганізмы падвяргаюцца абмену рэчываў, падтрыманьню гамэастазу, маюць вялікі патэнцыял для росту, рэагуюць на зьнешнія раздражняльнікі, з посьпехам праходзяць натуральны адбор, зьдзяйсьняюць адаптацыю да навакольнага асяродзьдзя ў наступных пакаленьнях. Жывыя арганізмы характарызуюцца высокаўпарадкаванай будовай. Хімічныя рэчывы, зь якіх пабудаваныя жывыя арганізмы, значна больш складаныя і дасягаюць больш высокага ўзроўню арганізацыі ў параўнаньні з тымі рэчывамі, зь якіх складаецца большасьць няжывых целаў[4]. Больш складаныя жывыя арганізмы могуць мець зносіны з дапамогай розных сродкаў[5]. Разнастайныя жывыя арганізмы (жыцьцёвыя формы) інсуюць у біясфэры Зямлі, агульнай уласьцівасьцю для гэтых арганізмаў, як то расьлінаў, жывёлаў, грыбоў, найпростых, археяў і бактэрыяў зьяўляюцца тое, што ўсе яны ў сваёй аснове маюць вуглярод і воду, а таксама маюць атамарную будову й спадчынную генэтычную інфармацыю.

У філязофіі й рэлігіі, разуменьне жыцьця й ягоны характар іншы. Абодва панятка прапануюць інтэрпрэтацыі, як жыцьцё зьвязана зь існаваньнем і сьвядомасьцю, і абодва датычацца многіх пытаньняў, зьвязаных, у тым ліку з жыцьцёвай пазыцыяй, мэтамі, канцэпцыяй бога ці багоў, душы альбо замагільнага жыцьця.

Гісторыя дасьледаваньня

рэдагаваць

Матэрыялізм

рэдагаваць

Некаторыя з самых раньніх тэорыяў жыцьця былі матэрыялістычнымі, бо сьцьвярджалі, што ўсё існае ёсьць матэрыяй, а жыцьцё ўважаецца толькі складанай формай або арганізацыяй матэрыі. Эмпэдокл лічыў, што ўсё ў Сусьвеце складаецца з камбінацыі чатырох адвечных «элемэнтаў» ці «каранёў усяго»: зямлі, вады, паветра і агню. Усе зьмены тлумачацца разьмяшчэньнем і пераразьмяшчэньнем гэтых элемэнтаў. Розныя формы жыцьця, на думку гэтага старажытнагрэцкага філёзафа, узьнікаюць дзякуючы адпаведнай сумесі элемэнтаў.

Дэмакрыт быў атамістам і лічыў, што галоўнай характарыстыкай жыцьця ёсьць наяўнасьць душы, якая, як і ўсё астатняе, складаецца з «агнявых» атамаў. Ён падкрэсьліваў важнасьць агню празь ягоную сувязь зь цяплом і рухам, якія, здаваецца, павязаныя з жыцьцём[6]. У супрацьлегласьць матэрыялізму, Плятон сьцьвярджаў, што сьвет арганізаваны сталымі формамі, якія адлюстроўваюцца ў матэрыі недасканала, то бок гэтыя формы даюць кірунак і інтэлект, што тлумачыць заканамернасьці ў сьвеце.

Мэханістычны матэрыялізм, што ўзьнік у Старажытнай Грэцыі, быў адроджаны францускім філёзафам Рэнэ Дэкартам, які лічыў, што жывёлы і людзі — гэта наборы частак, якія працуюць як машына. Гэтая ідэя была далей разьвітая Жульенам Афрэ дэ Лямэтры ў ягонай кнізе «Чалавек-машына»[7]. У XIX стагодзьдзі прагрэс у вузнай тэорыі ў біялёгіі ўмацаваў гэтыя погляды, а эвалюцыйная тэорыя Чарлза Дарвіна прапанавала мэханістычнае тлумачэньне паходжаньня відаў праз натуральны адбор[8].

На пачатку XX стагодзьдзя Стэфан Ледзюк прасоўваў ідэю, што біялягічныя працэсы можна зразумець празь фізыку і хімію, сьцьвярджаючы, што штучныя вузы, якія «харчуюцца», «растуць», «дзеляцца», «рэагуюць» на зьнешнія раздражненні, таму ён лічыў, што штучныя вузы ўтвараюць пераход да сапраўдных, жывых вузаў. Ягоныя працы, прадстаўленыя ў кнізе «Сынтэтычная біялёгія»[9], былі адхіленыя сучаснікамі, але ў наш час атрымалі новае ўвасабленьне дзякуючы дасьледаваньням, зробленым Расэлам, Баржам і іхнымі калегамі[10].

Гілемарфізм

рэдагаваць

Тэорыя гілемарфізму была ўпершыню сфармуляваная старажытнагрэцкім філёзафам Арыстотэлем. Ён надаваў вялікую ўвагу прыкладаньню гілемарфізму ў біялёгіі, якая шырока адлюстраваная ў ягоных захаваных творах. Паводле гэтага погляду, усё ў матэрыяльным сьвеце складаецца з матэрыі і формы, прычым форма жывой істоты ёсьць ейнай душою.

Арыстотэль вылучаў тры віды душы. Гэтак вэгетатыўная душа ў расьлінаў забясьпечвае рост, гніцьцё і сілкаваньне, але не выклікае руху і наяўнасьці пачуцьцяў. Жывёльная душа дазваляе жывёлам рухацца і адчуваць, а рацыянальная душа, якая ёсьць крыніцай сьвядомасьці і мысьленьня і, паводле Арыстотэля, уласьцівая толькі чалавеку. Кожная найвышэйшая душа ўлучае ў сябе ўсе ўласьцівасьці ніжэйшых душаў. Арыстотэль сьцьвярджаў, што, хоць матэрыя можа існаваць бяз формы, але форма ня можа існаваць без матэрыі, а значыць, душа ня можа існаваць бязь цела[11].

Гэтая канцэпцыя ўзгадняецца з тэлелягічнымі тлумачэньнямі жыцьця, якія інтэрпрэтуюць зьявы празь іхныя мэты або скіраванасьць да выніку. Напрыклад, колер белага мядзьведзя тлумачыцца ягонай мэтай — маскаваньнем. Аднак такое тлумачэньне, у якім прычыннасьць ідзе ад будучыні да мінулага, супярэчыць навуковым доказам натуральнага адбору, які тлумачыць зьявы праз папярэднія прычыны. Біялягічныя рысы тлумачацца не аптымальнымі вынікамі ў будучыні, а эвалюцыйнай гісторыяй відаў у мінулым, якая прывяла да адбору і замацаваньня гэтых характарыстык[12].

Самазараджэньне

рэдагаваць

Самазараджэньнем уважаецца старыя ўяўленьні аб тым, што жывыя арганізмы могуць утварацца без паходжання ад падобных арганізмаў, то бок зь нежывога. Звычайна лічылася, што пэўныя формы жыцьця, напрыклад, блохі, могуць узьнікаць зь нежывой матэрыі, як то з пыла, або што мышы і вусякі могуць фармавацца з бруду ці сьмецьця ў пэўныя сэзоны[13].

Гэтая тэорыя была прапанаваная Арыстотэлем[14], які сыстэматызаваў і дапоўніў працы ранейшых прыродазнаўцаў і старажытныя тлумачэньні зьяўленьня жывых арганізмаў. Цягам двух тысячагодзьдзяў гэта лічылася найлепшым тлумачэньнем узьнікненьня жыцьця. Аднак у 1859 годзе Люі Пастэр канчаткова зьняпраўдзіў тэорыю самазараджэньня дзякуючы сваім экспэрымэнтам, працягваючы дасьледаваньні сваіх папярэднікаў, як то Франчэска Рэдзі[15][16].

Абвержаньне традыцыйных уяўленьняў пра самазараджэньне больш не выклікае спрэчак сярод біёлягаў[17][18].

Віталізм

рэдагаваць

Віталізмам ёсьць уяўленьні пра існаваньне нематэрыяльнага складніку ў жывых арганізмах. Гэты падыход узьнік дзякуючы Георгу Эрнсту Шталю і заставаўся папулярным да сярэдзіны XIX стагодзьдзя. Ён прывабліваў такіх філёзафаў, як то Анры Бэргсон, Фрыдрых Ніцшэ і Вільгэльм Дыльтэй[19], анатамаў, як то Ксавіе Біша, і хімікаў, як Юстус фон Лібіх[20]. Віталізм улучаў у сябе ідэю пра прынцыповую розьніцу паміж арганічнай і неарганічнай матэрыяй і меркаваньне, што арганічныя рэчывы могуць узьнікаць толькі з жывых арганізмаў.

Гэтае ўяўленьне было абвергнутае ў 1828 годзе, калі Фрыдрых Вёлер сынтэзаваў мачавіну зь неарганічных матэрыялаў[21]. Гэты сынтэз лічыцца пачаткам сучаснай арганічнай хіміі. Гістарычнае значэньне гэтай падзеі палягае на тым, што ўпершыню арганічнае злучэньне было атрыманае пры неарганічнай рэакцыі[20].

У 1850-х гадах Гэрман фон Гэльмгальц, працягваючы ідэі Юліюса Робэрта фон Маера, даказаў, што падчас руху цягліцаў энэргія не зьнікае, што азначала, што дзеля руху не патрэбныя «жыцьцёвыя сілы»[22]. Гэтыя вынікі прывялі да адмовы навуковай цікавасьці да віталістычных тэорыяў, асабліва пасьля таго, як Эдуард Бухнэр прадэманстраваў, што алькагольнае брузаваньне можа адбывацца ў бязвузных экстрактах дражджоў[23]. Не зважаючы на гэта, вера ў падобныя ідэі захоўваецца ў псэўданавуковых тэорыях, як то гамэапатыя, якая тлумачыць хваробы парушэньнямі ў жыцьцёвай сіле[24].

  1. ^ Koshland Jr, Daniel E. (March 22, 2002). «The Seven Pillars of Life». Science 295 (5563): 2215–2216.
  2. ^ «Definition of inanimate». WordNet Search by Princeton University.
  3. ^ «Merriam-Webster Dictionary». Merriam-Webster Dictionary.
  4. ^ Кемп П., Армс К. Введение в биологию. — М.: Мир, 1988. — С. 19. — 125 000 ас.
  5. ^ «Organism». Chambers 21st Century Dictionary (online ed.). 1999.
  6. ^ Parry, Richard (25.08.2010). «Democritus». Stanford Encyclopedia of Philosophy.
  7. ^ de la Mettrie, J.J.O. (1748). «L’Homme Machine». Leyden: Elie Luzac.
  8. ^ Thagard, Paul (2012). «The Cognitive Science of Science: Explanation, Discovery, and Conceptual Change». MIT Press. — С. 204—205. — ISBN 978-0-262-01728-2.
  9. ^ Leduc, Stéphane (1912). «La Biologie Synthétique». Paris: Poinat.
  10. ^ Russell, Michael J.; Barge, Laura M.; Bhartia, Rohit; et al. (2014). «The Drive to Life on Wet and Icy Worlds». Astrobiology. 14 (4): 308—343. — doi:10.1089/ast.2013.1110. PMC 3995032. PMID 24697642.
  11. ^ Marietta, Don (1998). «Introduction to ancient philosophy». M.E. Sharpe. — С. 104. — ISBN 978-0-7656-0216-9.
  12. ^ Stewart-Williams, Steve (2010). «Darwin, God and the meaning of life: how evolutionary theory undermines everything you thought you knew of life». Cambridge University Press. — С. 193—194. — ISBN 978-0-521-76278-6.
  13. ^ Stillingfleet, Edward (1697). «Origines Sacrae». Cambridge University Press.
  14. ^ Brack, André (1998). «Introduction». In André Brack (ed.). The Molecular Origins of Life. Cambridge University Press. — С. 1. — ISBN 978-0-521-56475-5.
  15. ^ Levine, Russell; Evers, Chris. «The Slow Death of Spontaneous Generation (1668—1859)». North Carolina State University. National Health Museum.
  16. ^ Tyndall, John (1905). «Fragments of Science». Vol. 2. New York: P.F. Collier. Chapters IV, XII, and XIII.
  17. ^ Zubay, Geoffrey (2000). «Origins of Life: On Earth and in the Cosmos» (2nd ed.). Academic Press. — ISBN 978-0-12-781910-5.
  18. ^ Smith, John Maynard; Szathmary, Eors (1997). «The Major Transitions in Evolution». Oxford Oxfordshire: Oxford University Press. — ISBN 978-0-19-850294-4.
  19. ^ Schwartz, Sanford (2009). «C.S. Lewis on the Final Frontier: Science and the Supernatural in the Space Trilogy». Oxford University Press. — С. 56. — ISBN 978-0-19-988839-9.
  20. ^ а б Wilkinson, Ian (1998). «History of Clinical Chemistry – Wöhler & the Birth of Clinical Chemistry». The Journal of the International Federation of Clinical Chemistry and Laboratory Medicine. 13 (4).
  21. ^ Friedrich Wöhler (1828). «Ueber künstliche Bildung des Harnstoffs». Annalen der Physik und Chemie. 88 (2): 253—256. — doi:10.1002/andp.18280880206.
  22. ^ Rabinbach, Anson (1992). «The Human Motor: Energy, Fatigue, and the Origins of Modernity». University of California Press. — С. 124—125. — ISBN 978-0-520-07827-7.
  23. ^ Cornish-Bowden Athel, ed. (1997). «New Beer in an Old Bottle. Eduard Buchner and the Growth of Biochemical Knowledge». Valencia, Spain: Universitat de València. — ISBN 978-8437-033280.
  24. ^ «NCAHF Position Paper on Homeopathy». National Council Against Health Fraud.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць