Прадпрыемства

самастойная гаспадарчая юрыдычная асоба, якая на падставе выкарыстаньня працоўным калектывам маёмасьці вырабляе тавары, аказвае паслугі
(Перанакіравана з «Прадпрыемствы»)

Прадпрые́мства — самастойная гаспадарчая юрыдычная асоба, якая на падставе выкарыстаньня працоўным калектывам маёмасьці вырабляе тавары, аказвае паслугі і выконвае працы.

Мае права займацца законным статутным гаспадараньнем. Мае самастойны балянс, разьліковы банкаўскі рахунак і пячатку са сваім найменьнем. Віды: асабістае, дзяржаўнае, камунальнае, прыватнае, супольнае і сямейнае. Асабістыя і супольныя прадпрыемствы ўтвараюцца з маёмасьці грамадзянаў, сем'яў і калектываў, у тым ліку ў выніку набыцьця імі дзяржаўных і камунальных прадпрыемстваў. Камунальныя прадпрыемствы ўтвараюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і ўласнасьці органа мясцовага самакіраваньня. Дзяржаўныя прадпрыемствы ўтвараюцца за кошт бюджэтных адлічэньняў і ўкладаў дзяржаўных установаў. Ва ўмовах рынкавай гаспадаркі дзейнічаюць такія віды прадпрыемстваў, як асацыяцыя, біржа, кансорцыюм, канцэрн, малае і сумеснае прадпрыемства, таварыства[1].

Паводле 132-га артыкула Грамадзянскага кодэксу Беларусі, «у склад прадпрыемства як маёмаснага комплексу ўваходзяць усе віды маёмасьці, прызначаныя для яго дзейнасьці, уключна зь зямельнымі дзялянкамі, капітальнымі пабудовамі (будынкамі, збудаваньнямі), незавершанымі закансэрваванымі капітальнымі пабудовамі, ізаляванымі памяшканьнямі, машына-месцамі, абсталяваньнем, інвэнтаром, сыравінай, прадукцыяй, правамі патрабаваньня, даўгамі, а таксама правамі на абазначэньні, якія індывідуалізуюць прадпрыемства, яго прадукцыю, працы і паслугі (фірмовае найменьне, таварныя знакі, знакі абслугоўваньня), і іншыя выключныя правы». Пры гэтым, «прадпрыемства ў цэлым або яго частка могуць быць аб’ектам куплі-продажу, закладу, арэнды і іншых зьдзелак, зьвязаных з усталяваньнем, зьмяненьнем і спыненьнем рэчавых правоў»[2].

Згодна зь 530-м артыкулам Грамадзянскага кодэксу Беларусі, «паводле дамовы продажу прадпрыемства прадавец абавязваецца перадаць ва ўласнасьць пакупніка прадпрыемства ў цэлым як маёмасны комплекс». Да пакупніка таксама пераходзяць «права на фірмовае найменьне, таварны знак, знак абслугоўвання і іншыя сродкі індывідуалізацыі прадаўца і яго тавараў, працаў або паслуг, а таксама належныя яму на падставе ліцэнзіі правы выкарыстаньня такіх сродкаў індывідуалізацыі». Паводле 531-га артыкула Кодэксу, «дамова продажу прадпрыемства заключаецца ў пісьмовай форме шляхам складаньня аднаго дакумента, падпісанага бакамі». Пры гэтым, «дамова продажу прадпрыемства падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі і лічыцца заключаным з моманту такой рэгістрацыі». У 532-м артыкуле прадугледжвалася, што «склад і вартасьць прадпрыемства, якое прадаецца, вызначаюцца ў дамове продажу прадпрыемства на аснове поўнай інвэнтарызацыі». Пагатоў, «да падпісаньня дамовы продажу прадпрыемства бакамі маюць быць складзеныя і разгледжаныя дакумэнт, якім аформлены вынікі інвэнтарызацыі, бухгальтарскі балянс (кніга ўліку даходаў і выдаткаў арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня), аўдытарскае заключэньне аб складзе і вартасьці прадпрыемства як маёмаснага комплексу, а таксама пералік усіх даўгоў (абавязкаў), якія ўключаюцца ў склад прадпрыемства, з пазначэньнем крэдытораў, характару, памеру і тэрмінаў іх патрабаваньняў»[2].

Паводле 533-га артыкула Грамадзянскага кодэксу, «крэдыторы па абавязках, уключаных у склад прадпрыемства, якое прадаецца, маюць быць да яго перадачы пакупніку пісьмова апавешчаныя аб яго продажы адным з бакоў дамовы продажу прадпрыемства». Пры гэтым, крэдытор «мае права на працягу 3-х месяцаў з дня атрымання апавяшчэньня аб продажы прадпрыемства запатрабаваць спыненьня або датэрміновага выкананьня абавязкаў і пакрыцьця прадаўцом нанесеных гэтым стратаў». Пагатоў, крэдытор, які ня быў апавешчаны аб продажы прадпрыемства, можа прад’явіць позву аб задавальненні патрабаваньняў «на працягу году з дня, калі ён даведаўся або павінен быў даведацца аб перадачы прадпрыемства прадаўцом пакупніку». Урэшце «пасьля перадачы прадпрыемства пакупніку прадавец і пакупнік нясуць салідарную адказнасьць па ўключаных у склад перададзенага прадпрыемства даўгах, якія былі пераведзеныя на пакупніка бяз згоды крэдытора». Згодна зь 534-м артыкулам «перадача прадпрыемства прадаўцом пакупніку ажыцьцяўляецца паводле перадатачнага акту, у якім пазначаюцца дадзеныя аб складзе прадпрыемства і аб апавяшчэньні крэдытораў пра продаж прадпрыемства, а таксама зьвесткі аб выяўленых недахопах перададзенай маёмасьці і пералік маёмасьці, абавязкі па перадачы якой ня выкананыя прадаўцом з прычыны яе страты. Падрыхтоўка прадпрыемства да перадачы, уключна са складаньнем і прадстаўленьнем на падпісанне перадатачнага акту, ёсьць абавязкам прадаўца і ажыцьцяўляецца за яго кошт». Урэшце «прадпрыемства лічыцца перададзеным пакупніку з дня падпісаньня перадатачнага акту абодвума бакамі. З гэтага моманту на пакупніка пераходзіць рызыка выпадковай згубы або выпадковага пашкоджаньня маёмасці, перададзенай у складзе прадпрыемства»[2].

У 536-м артыкуле прадугледжвалася, што, «калі прадпрыемства перададзена і прынята паводле перадатачнага акту, у якім пазначаныя звесткі аб выяўленых недахопах прадпрыемства і аб страчанай маёмасьці, пакупнік мае права патрабаваць адпаведнага зьмяншэньня пакупной цаны прадпрыемства». Пагатоў, «пакупнік мае права патрабаваць зьмяншэньня пакупной цаны ў выпадку перадачы яму ў складзе прадпрыемства даўгоў (абавязкаў) прадаўца, якія не былі пазначаныя ў дамове продажу прадпрыемства або перадатачным акце». У сваю чаргу «прадавец у выпадку атрыманьня апавяшчэньня пакупніка аб недахопах маёмасьці, перададзенай у складзе прадпрыемства, або адсутнасьці ў гэтым складзе асобных відаў маёмасьці, што падлягаюць перадачы, можа без прамаруджаньня замяніць маёмасьць неналежнай якасьці або прадаставіць пакупніку маёмасьць, якой не хапае». Урэшце «пакупнік мае права ў судовым парадку патрабаваць скасаваньня або зьмяненьня дамовы продажу прадпрыемства і вяртаньня таго, што выканана бакамі паводле дамовы, калі ўсталявана, што прадпрыемства з прычыны недахопаў, за якія прадавец адказвае, непрыдатнае для мэтаў, названых у дамове продажу, і гэтыя недахопы ня ліквідаваныя прадаўцом»[2].

Згодна з 628-м артыкулам Грамадзянскага кодэксу Беларусі, «паводле дамовы арэнды прадпрыемства ў цэлым як маёмаснага комплексу, які выкарыстоўваецца для ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, арэндадаўца абавязваецца прадаставіць арандатару за плату ў часовае валоданьне і карыстанне зямельныя дзялянкі, капітальныя пабудовы (будынкі, збудаваньні), абсталяванне і іншыя асноўныя сродкі, якія ўваходзяць у склад прадпрыемства, перадаць у парадку, на ўмовах і ў межах, якія вызначаюцца дамовай, запасы сыравіны, паліва, матэрыялаў і іншыя абаротныя сродкі, правы карыстаньня зямлёй, вадой і іншымі прыроднымі рэсурсамі, капітальнымі пабудовамі і абсталяваньнем, іншыя маёмасныя правы, зьвязаныя з прадпрыемствам, правы на абазначэньні, якія індывідуалізуюць юрыдычную асобу, яе тавары (працы, паслугі), і іншыя выключныя правы, а таксама саступіць яму права патрабаваньня і перавесьці на яго даўгі, якія адносяцца да прадпрыемства». У 631-м артыкуле прадугледжвалася, што «арандатар ня мае права бяз згоды арэндадаўцы прадаваць, абменьваць, даваць у часовае карыстаньне або ў пазыку матэрыяльныя каштоўнасьці, якія ўваходзяць у склад маёмасьці арандаванага прадпрыемства, здаваць іх у субарэнду і перадаваць свае правы і абавязкі паводле дамовы арэнды ў адносінах да такіх каштоўнасьцяў іншай асобе. Пры ажыцьцяўленьні пазначаных зьдзелак са згоды арандатара не дапускаецца зьмяншэньне вартасьці прадпрыемства»[2].

Паводле 632-га артыкула Кодэксу, «арандатар прадпрыемства абавязаны на працягу ўсяго тэрміну дзеяньня дамовы арэнды прадпрыемства падтрымліваць прадпрыемства ў належным тэхнічным стане, у тым ліку ажыцьцяўляць яго бягучы і капітальны рамонт». Пры гэтым, «на арандатара ўскладаюцца выдаткі, зьвязаныя з эксплюатацыяй арандаванага прадпрыемства», а таксама з выплатай плацяжоў па страхаваньні арандаванай маёмасьці. Згодна з 633-м артыкулам «арандатар прадпрыемства мае права на пакрыцьцё яму вартасьці неаддзяляльных паляпшэньняў арандаванай маёмасьці, калі яны праведзены са згоды арэндадаўцы». Аднак «арэндадаўца можа быць вызвалены судом ад абавязку пакрыцьця арандатару вартасьці такіх паляпшэньняў, калі дакажа, што выдаткі арандатара на гэтыя паляпшэньні павышаюць вартасьць арандаванай маёмасці несувымерна паляпшэньню яе якасьці і эксплюатацыйных уласцівасьцяў або пры ажыцьцяўленьні такіх паляпшэньняў былі парушаныя прынцыпы добрасумленнасьці і разумнасьці». У 635-м артыкуле прадугледжвалася, што «падрыхтоўка прадпрыемства да перадачы арэндадаўцу, уключна са складаньнем і падачай на падпісаньне перадатачнага акту, ёсьць у гэтым выпадку абавязкам арандатара і ажыцьцяўляецца за яго кошт»[2].

Беларусь

рэдагаваць

Паводле 13-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «дзяржава гарантуе працоўным права прымаць удзел у кіраваньні прадпрыемствамі, ... з мэтай павышэньня эфэктыўнасці іх працы і паляпшэньня сацыяльна-эканамічнага ўзроўню жыцьця». Згодна з 62-м артыкулам Канстытуцыі «кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў... на прадпрыемствах». У 125-м артыкуле згадвалася, што «нагляд за дакладным і аднастайным выкананьнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў... прадпрыемствамі... ўскладаецца на генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў»[3]. Паводле 46-га артыкула Грамадзянскага кодэксу Беларусі 1998 году, прадпрыемствы «могуць стварацца ў форме гаспадарчых суполак і таварыстваў, вытворчых каапэратываў, унітарных прадпрыемстваў, сялянскiх гаспадарак». Згодна са 132-м артыкулам Кодэксу «прадпрыемствам як аб’ектам правоў прызнаецца маёмасны комплекс, які выкарыстоўваецца для ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці»[2].

На сьнежань 2013 году ў Беларусі налічвалася 110 000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Таксама існавала 2820 прадпрыемстваў зь дзяржаўным капіталам[4].

  1. ^ Прадпрыемства // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 537. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  2. ^ а б в г д е ё А. Лукашэнка. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 сьнежня 1998 г. № 218-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 сакавіка 2020 г. Праверана 15 чэрвеня 2021 г.
  3. ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 9 красавіка 2021 г.
  4. ^ Надзея Юшкевіч. «Неабходна, каб экспарт перавысіў імпарт» // Зьвязда : газэта. — 21 сьнежня 2013. — № 241 (27606). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.