Нямецкія ваеннапалонныя ў СССР
Нямецкія ваеннапалонныя ў СССР — вайскоўцы Ўзброеных сілаў Нямецкай дзяржавы, узятыя ў палон Чырвонай арміяй СССР падчас нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў. Выкарыстоўваліся пераважна ў якасьці будаўнікоў для аднаўленьня разбураных дарог, жытла і заводаў. Да 4 траўня 1950 г. СССР вярнуў на радзіму 1 939 163 нямецкіх ваеннапалонных[1]. 12 кастрычніка 1959 г. Управа ў справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Міністэрства ўнутраных справаў СССР выдала статыстычную справаздачу аб паланеньні 2 389 560 нямецкіх вайскоўцаў, зь якіх у палоне памерлі 356 678 (14,9%) чалавек і 2 032 873 (85,1%) вярнулі на радзіму да канца 1956 году. У савецкі палон здаліся 2 319 715 (97%) нямецкіх жаўнераў і малодшых афіцэраў, 69 469 афіцэраў і 376 нямецкіх генэралаў[2].
Паланеньне
рэдагавацьНа 1 студзеня 1942 г. 9147 нямецкіх вайскоўцаў патрапілі ў савецкі палон пераважна ў ходзе бітвы за Маскву(ru), што пачалася 30 верасьня 1941 году. Да 2 лютага 1943 г. 91 тыс. нямецкіх вайскоўцаў паланілі ў выніку Сталінградзкай бітвы, што пачалася 17 ліпеня 1942 году. 12 ліпеня 1943 г. у Краснагорску(ru) (Маскоўская вобласьць) Народны камісарыят унутраных справаў СССР і Галоўная палітычная ўправа Чырвонай арміі(ru) стварылі Нацыянальны камітэт «Свабодная Нямеччына»(ru) зь ліку ваеннапалонных.
12 кастрычніка 1959 г. Управа ў справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Міністэрства ўнутраных справаў СССР выдала статыстычную справаздачу аб паланеньні цягам вайны 2 389 560 нямецкіх вайскоўцаў, у тым ліку 2 319 715 (97%) нямецкіх жаўнераў і малодшых афіцэраў, 69 469 афіцэраў і 376 нямецкіх генэралаў.
Год | Квартал | Палонных (тыс.) |
---|---|---|
1941 | IV | 26 |
1942 | I | 120 |
II | 120 | |
III | 110 | |
IV | 100 | |
1943 | I | 170 |
II | 160 | |
III | 190 | |
IV | 200 | |
1944 | I | 240 |
II | 370 | |
III | 560 | |
IV | 560 | |
1945 | I | 1100 |
II | 2000 | |
III | 1900 | |
IV | 1400 | |
1946 | IV | 1100 |
1947 | IV | 840 |
1948 | IV | 500 |
1949 | IV | 85 |
1950 | IV | 29[3] |
Вызваленьне
рэдагаваць18 чэрвеня 1946 г. Савет міністраў СССР зацьвердзіў пастанову № 1263—519сс «Аб адпраўцы на радзіму хворых і непрацаздольных ваеннапалонных нямецкай і іншых заходніх нацыянальнасьцяў». 24 кастрычніка 1947 г. у Маскве Нарада міністраў замежных справаў Брытаніі, ЗША, СССР і Францыі зацьвердзіла рашэньне аб вяртаньні на радзіму да 31 сьнежня 1948 г. нямецкіх ваеннапалонных, якія ня бралі ўдзелу ў ваенных злачынствах. Да 4 траўня 1950 г. СССР вярнуў на радзіму 1 939 163 такіх нямецкіх ваеннапалонных[1]. Паводле справаздачы Цэнтральнага фінансавага аддзелу Міністэрства ўнутраных справаў СССР, за 1943—1949 гг. (за 7 гадоў) нямецкія ваеннапалонныя адпрацавалі ў будаўніцтве і прамысловасьці звыш 38 млрд савецкіх рублёў ($185 млрд у цэнах 2015 г.), чым пакрылі 5,6% з 679 млрд рублёў шкоды, нанесенай СССР у вайне[4]. 29 кастрычніка 1955 г. прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР выдаў указ «Аб датэрміновым вызваленьні і рэпатрыяцыі нямецкіх ваеннапалонных, асуджаных за ваенныя злачынствы» (Адэнаўэраўская амністыя(ru)). 22 красавіка 1956 г. Галоўная ўправа лягераў (ГУЛаг) Міністэрства ўнутраных справаў СССР налічыла 2 733 739 былых ваеннапалонных з Узброеных сілаў Нямеччыны, у тым ліку 2 171 312 (79,4%) немцаў. 12 кастрычніка 1959 г. Управа ў справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Міністэрства ўнутраных справаў СССР выдала статыстычную справаздачу аб паланеньні 2 389 560 нямецкіх вайскоўцаў, зь якіх у палоне памерлі 356 678 (14,9%) чалавек і 2 032 873 (85,1%) вярнулі на радзіму да канца 1956 году. У палоне сканалі 85 тыс. (93%) з 91 тыс. нямецкіх вайскоўцаў, захопленых падчас Сталінградзкай бітвы[5]. Агулам большасьць гібеляў нямецкіх ваеннапалонных адбылася яшчэ да канца вайны падчас шматдзённага пешага шляху ў лягеры па прычыне пераахаладжэньня, голаду, адсутнасьці лекаваньня баявых ранаў і сыпнога тыфу (ад вошай у выніку нямытасьці).
Народнасьць | Лік ваеннапалонных | Вярнуліся на радзіму | Памерлі ў палоне |
---|---|---|---|
Немцы | 2 171 312 | 2 031 743 | 297 250 |
Аўстрыйцы | 156 681 | 145 790 | 10 891 |
Чэхі і славакі | 69 977 | 65 954 | 4 023 |
Французы | 23 136 | 21 811 | 1325 |
Югаславы | 21 830 | 20 354 | 1476 |
Палякі | 60 277 | 57 149 | 3128 |
Нідэрляндцы | 4730 | 4530 | 200 |
Бэльгійцы | 2014 | 1833 | 181 |
Люксэмбуржцы | 1653 | 1560 | 93 |
Гішпанцы | 452 | 382 | 70 |
Датчане | 456 | 421 | 35 |
Нарвэжцы | 101 | 83 | 18 |
Іншыя | 3989 | 1062 | 2927 |
Агулам | 2 733 739 | 2 352 671 | 381 067 |
Беларусь
рэдагавацьУ 1944—1955 гг. у Беларускай ССР дзейнічалі лягеры для нямецкіх ваеннапалонных і інтэрнаваных нямецкіх грамадзянаў, празь якія прайшлі 103 тыс. чалавек. У 1945 г. Аддзел у справах ваеннапалонных і інтэрнаваных Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР налічваў 7 спэцшпіталёў і 9 лягераў: Бабруйск (№56), Баранавічы (№410), Барысаў (№183), Берасьце (№284), Ваўкавыск (№281), Віцебск (№271), Гомель (№189), Магілёў (№311) і Масюкоўшчына (№168; цяпер Менск). У лягерах і спэцшпіталях утрымлівалі 83 159 чалавек, зь іх 3734 (4,5%) афіцэры. Паводле народнасьці ўтрымлівалася 70 020 (84,2%) немцаў, 6482 аўстрыйцы, 5384 вугорцы і 1273 прадстаўнікоў іншых народнасьцяў (румыны, італьянцы, французы, палякі, чэхі, славакі, жыды, югаславы, бэльгійцы і люксэмбуржцы)[6].
Нямецкія ваеннапалонныя ўдзельнічалі ў будаўніцтве Менскага аўтамабільнага заводу (МАЗ) і Менскага трактарнага заводу (МТЗ). Пасьля вяртаньня апошніх ваеннапалоных на радзіму ў 1956 г. у БССР засталося 77 магілаў памерлых у палоне (0,1% ад ліку ваеннапалонных). Частку рэштак пахаваных перанесьлі на зборныя могілкі нямецкіх вайскоўцаў: 9 лістапада 2010 г. адчыніліся ў вёсцы Шчаткава (Бабруйскі раён)[7], 1 кастрычніка 2012 г. — у Бярозе (Берасьцейская вобласьць).
У культуры
рэдагаваць- «Архіпэляг ГУЛАГ» (1973) — нарыс расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына (1919—2008)
- «Пакуль ногі нясуць»(de) (2001) — фільм нямецкага рэжысэра Гарды Мартынса (нар. 1963)
- «Час зьбіраць камяні»(ru) (2005) — фільм расейскага рэжысэра Аляксея Карэліна(ru) (нар. 1967)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 4 траўня 2013. — № 82 (27447). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Барыс Хаўкін. Нямецкія ваеннапалонныя ў СССР і савецкія ваеннапалонныя ў Нямеччыне. Пастаноўка праблемы. Крыніцы і літаратура (рас.) = Немецкие военнопленные в СССР и советские военнопленные в Германии. Постановка проблемы. Источники и литература // Форум найноўшай усходнеэўрапейскай гісторыі і культуры : часопіс. — 2006. — № 1.
- ^ Рудыгэр Овэрманс(de). Жаўнеры за калючым дротам. Нямецкія ваеннапалонныя Другой сусьветнай вайны = Soldaten hinter Stacheldraht. Deutsche Kriegsgefangene des Zweiten Weltkriege. — Бэрлін: Ульстайн(de), 2000. — С. 246. — 288 с. — (Прапілеі). — ISBN 3-549-07121-3
- ^ Іраіда Ружына. Нямецкія ваеннапалонныя ў аднаўленьні народнай гаспадаркі СССР. 1941–1955 (рас.) = Немецкие военнопленные в восстановлении народного хозяйства СССР. 1941–1955 // Вучоныя запіскі Цэнтральнага музэю ВАВ : часопіс. — 2015. — В. 7. — С. 70-84.
- ^ Вялікая Айчынная вайна: 55 год пасьля (анг.) // Сусьветная служба Бі-Бі-Сі, 12 траўня 2000 г. Праверана 20 красавіка 2016 г.
- ^ Вераніка Чаркасава. Закладнікі вайны // БелГазэта : газэта. — 17 верасьня 2001. — № 36 (302). — ISSN 1684-4742.
- ^ Кіра Аляксеева. У Бабруйскім раёне перапахаваныя астанкі 920 салдатаў і афіцэраў вэрмахта, якія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны // БелаПАН, 9 лістапада 2010 г. Праверана 20 красавіка 2016 г.