Чэ́наі (па-тамільску: சென்னை) — горад у Індыі, сталіца штату Тамілнад. Месьціца на беразе Бэнгальскай затокі. Да жніўня 1996 году горад зваўся Мадрасам. На поўнач ад гораду разьмешчаны касмадром Шрыгарыкота. Паводле індыйскага перапісу насельніцтва 2011 году, Чэнаі зьяўляецца шостым паводле колькасьці насельніцтва горадам і ўтварае чацьвертую паводле гэтага ж паказчыку гарадзкую аглямэрацыю ў Індыі. Места традыцыйна ёсьць брамай Паўднёвай Індыі, таму горад ёсьць адным з самых наведвальных індыйскіх гарадоў з боку замежных турыстаў. Да таго ж, Чэнаі ўваходзіць у лік пяці самых заможных гарадоў краіны[2].