Навіны грозные а жалостлівые…
«Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562» ― першая беларуская газэта, першая газэта Вялікага Княства Літоўскага; прысьвечаная трагічным падзеям у Полацку у 1563 годзе.
Навіны грозные а жалостлівые… | |
Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562 | |
Аблога Полацка ў 1563 годзе, гравюра з Аўгсбургскага «лёткага лістка». | |
Тып | газэта |
---|---|
Выдавец | Нясьвіская друкарня |
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Заснаваная | 1563 |
Закрытая | 1563 |
Мова | старабеларуская |
Штаб-кватэра | Нясьвіж |
Наклад | невядома |
Перадгісторыя выданьня
рэдагавацьУ ходзе Лівонскай вайны маскоўскія войскі Івана IV 15 лютага 1563 пасьля аблогі захапілі горад Вялікага Княства Літоўскага Полацак. Купецкія дамы былі разрабаваныя; як паведамляюць Пскоўскі летапіс і польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі, полацкім юдэям пад страхам сьмерці было загадана хрысьціцца, хто працівіўся ― тапілі ў Заходняй Дзвіне.
Некаторыя крыніцы кажуць аб забойстве татарамі з маскоўскага войска полацкіх каталіцкіх манахаў. Частку каталікоў прадалі ў рабства мусульманам. Некаторыя гістарычныя крыніцы, зрэшты, гэтыя зьвесткі лічаць несапраўднымі. Нямецкіх наймітаў расейцы не кранулі, некаторыя зь іх нават уступілі ў расейскае войска.
Весткі аб падзеях у Полацку прыйшлі ў Нясьвіж, дзе ў 1562 годзе пад заступніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага ўжо дзейнічалі кіраваныя Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім друкарня і паперня, якія выпусьцілі за 1562—1571 гады шэраг выдатных кніг: «Нясьвіскі песеньнік» з 40 псальмамі і 110 песьнямі, «Катэхізіс» і «Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам» на старабеларускай мове, тут Астафей Валовіч выдаў на старабеларускай мове частку Эвангельля, Сымон Будны ― для кальвінісцкіх супольняў Біблію і Новы Запавет з рэлігійна-філязофскімі камэнтарамі. У нясьвіскай друкарні пачаў выдавецкую працу Васіль Цяпінскі, ён пераклаў Эвангельле на старабеларускую мову.
Невядома, у каго ў Нясьвіжы ўзьнікла ідэя аб выпуску навін з Полацку. Магчыма, гэта быў сам Мікалай Радзівіл Чорны, ― ва ўсякім выпадку, безь ягонай згоды гэта наўрад ці адбылося бы.
Першая газэта Вялікага Княства Літоўскага
рэдагавацьУ энцыкляпэдыях першай беларускай газэтай звычайна называецца «Gazeta Grodzieńska (1776)» («Горадзенская газэта», 1776—1783), але гэта няправільна[1][2].
Нават калі вызначаць газэту як першае пэрыядычнае беларускае выданьне, то ім ёсьць «Нясьвіская газэта» (1707)[3].
У Вялікім Княстве Літоўскім часам пачынаюць выходзіць газэты-аднадзёнкі, прысьвечаныя якім-небудзь значным грамадзкім падзеям: «Новіна іста а правдіва…» (1571), «Эдыкт з замку Полацкага» (1597), «Новіны аб узятыі Смаленска …» (1610), «Новіны аб шчаслівом поступаньні на царства Маскоўскае Найясьнейшаго Владыслава, Караля Польскага, 1617».
Першай аднаразовай газэтай стала нясьвіская ― «Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562». Газэта была знойдзеная ў архівах Оксфардскага ўніверсытэта. Згадваючы пра яе ў гісторыі беларускай журналістыкі, гісторыкі спасылаюцца ў асноўным на публікацыю Рыгора Максімовіча (Вітаўта Тумаша) у Мюнхену (1966), якую пазьней перадрукавалі ў Менску (1994).
Іншыя беларускія дасьледнікі гэтай газэты ня бачылі.
Газэта распавядае пра «поражцы месцы Полацка», памылкова называючы дату ― 1562. Захоп Полацка расейскімі войскамі быў 13 лютага 1563 году. Імаверна, гэта памылка друку ― або ў газэце ці ў Р. Максімовіча.
Выдадзена на старабеларускай мове, уяўляе сабой старонку памерам у разварот сучаснага школьнага сшытка. Наклад невядомы.
Літаратура
рэдагаваць- Being. Першыя Беларускіе Часопісі. // Беларускі сьцяг : часопіс. — 1922. — № 2—3. — С. 55.
- Р. Максімовіч. «Навіны грозныя» 1563 года. Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў. // «Запісы» : часопіс. — 1966. — № 4. — С. 247—250.
- Р. Максімовіч. «Навіны грозныя» 1563 года. Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў. // Спадчына : часопіс. — 1994. — № 3.