Антон Валынчык

беларускі харавы дырыгент, кампазытар, пэдагог

Антон Валынчык (23 ліпеня 1896, в. Мяльканавічы, Слонімшчына — 13 лістапада 1985, Горадня) — харавы дырыгент, кампазытар, пэдагог, выкладчык Наваградзкай беларускай гімназіі.

Увасабляў у канцэртных праграмах творы Ё. Баха, Л. Бетховена, П. Чайкоўскага, Ф. Шуберта, С. Манюшкі, К. Вебера. Апрацоўваў беларускія народныя песьні. Пісаў і рыхтаваў для выкананьня свае песьні і хоры на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Русака, Петруся Броўкі ды іншых беларускіх паэтаў. Практыкаваў у хорах выкананьне ў стылі «а капэла»[1].

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і царкоўнага рэгента. Пасьля заканчэньня Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі быў прызваны ў войска, дзе 19-гадовым юнаком кіраваў салдацкім хорам. Пасьля войска вярнуўся на радзіму і ў пэрыяд з 1939 па 1947 гг. працаваў выкладчыкам музыкі і сьпеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасьля ў Клецкай беларускай гімназіі, потым у Наваградзкай беларускай гімназіі, а таксама ў беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Слоніме. У 1937 Антон Валынчык завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансэрваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі. У гады Другой сусьветнай вайны жыў у Слоніме, дзе кіраваў рознымі хорамі.

Пасьля вайны быў мастацкім кіраўніком Беларускага міжабласнога ансамбля песьні і танца ў Ашмянах. Каб пазьбегнуць рэпрэсыяў, супрацоўнічаў з хорамі ў праваслаўных храмаў у Клецку, Наваградку, Слоніме, Жыровічах і Менску. У 1956 годзе кампазытар паехаў у Магілёўскую вобласьць, дзе ўладкаваўся кіраўніком хору Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Праз год вярнуўся ў Маладэчна, дзе стаў кіраўніком міжабласнога Маладэчанскага ансамбля песьні і танца, які ўзначальваў чатыры гады. У 1961 пераехаў у Горадню. Там ён узначальваў катэдру музыкі і сьпеваў Гарадзенскага пэдінстытута, адначасова працаваў хормайстрам Гарадзенскага народнага ансамбля песьні і танца «Нёман» (ад кіраўніцтва якога пасьля быў адхілены савецкай намэнклятурай) і мастацкім кіраўніком Гарадзенскай народнай харавой капэлы настаўнікаў. Кансультаваў як хормайстар многія харавыя капэлы Гарадзеншчыны. Памёр 13 лістапада 1985 году. Пахаваны на гарадзкіх могілках Горадні. На яго магіле няма помніка, пастаўлены просты жалезны крыж[1].

Літаратура

рэдагаваць
  • Чэмер, Андрэй. Наваградзкая беларуская гімназія / Андрэй Чэмер. — Вільнюс : Savarenas, 1997. — 135 с : іл. ; 20 см — ISBN 9986-749-04-2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць