Марыя Казімера д’Арк’ен
Марыя Казімера Люіза дэ Ля Ґранж д’Арк’ен (па-француску: Marie Casimire Louise de La Grange d'Arquien; 28 чэрвеня 1641, Нэвэр, Францыя — 30 студзеня 1716, Блюа, Францыя) — каралева польская й вялікая княгіня літоўская, жонка Яна Сабескага.
Marie Casimire Louise de La Grange d'Arquien | |
Партрэт невядомага аўтара | |
Герб д’Арк’енаў | |
каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская | |
---|---|
1676 — 1696 | |
Папярэднік | Элеанора Марыя Юзэфа Габсбург |
Наступнік | Крыстыяна Эбэргардына фон Брандэнбург-Байройт |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзілася | 28 чэрвеня 1641 Нэвэр, Францыя |
Памерла | 30 студзеня 1716 (74 гады) Блюа, Францыя |
Пахаваная | |
Род | д'Арк'ены |
Бацькі | Анры Альбэр дэ ля Ґранж д'Арк'ен Франсуаза дэ ля Шатр |
Муж | Ян Сабепан Замойскі Ян Сабескі |
Дзеці | Людвіка Марыя Замойская Катажына Барбара Замойская Тарэса Кунэгунда Сабеская Якуб Людвік Сабескі Аляксандар Бэнэдыкт Сабескі Тарэса Тэафіля Сабеская Канстанты Ўладыслаў Сабескі Марыя Тарэса Сабеская Адэляйда Людвіка Сабеская Ян Сабескі іншыя |
Рэлігія | каталіцтва |
Дзейнасьць | палітык |
Подпіс |
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіла са старажытнага, але зьбяднелага францускага роду маркізаў д’Арк’ен. Была дачкой маркіза Анрыя Альбэра дэ ля Гранж д’Арк’ена й Франсуазы дэ ля Шатр, ахмістаркі Марыі Людвікі Ганзагі, якая ў 1645 стала жонкай караля польскага й вялікага князя літоўскага Ўладыслава Вазы. Як і маці, Марыя Казімера стала ахмістаркай Марыі Людвікі Ганзагі й у веку 4-х гадоў прыбыла ў Рэч Паспалітую. Пазьней праціўнікі Марыі Казімеры сьцьвярджалі, што яна была няшлюбнай дачкой каралевы Марыі Людвікі, але прычынай такіх плётак, хутчэй за ўсё, была проста прысутнасьць малое дзяўчынкі ў сьвіце каралевы. Марыя Казімера вельмі хутка засвоіла польскую мову й культуру, за што атрымала пяшчотнае найменьне Марысенька, пад якім яна ўвайшла ў гісторыю.
У 1648 у сувязі з складанай сытуацыяй у краіне й сьмерцю караля й вялікага князя Ўладыслава аўдавелая каралева адаслала Марысеньку ў родны Нэвэр, дзе тая на працягу 4-х гадоў навучалася ў кляшторнай школе. Сама позна ў 1653 Марыя Казімера вярнулася ў Рэч Паспалітую да двару Марыі Людвікі, якая ўжо была жонкай новага гаспадара — Яна Казімера Вазы. У сакавіку 1655 падчас прыдворных урачыстасьцяў, прымеркаваных да правядзеньня варшаўскага сойму, Марысенька пазнаёмілася са сваім будучым мужам і каралём Янам Сабескім. Знаёмства паглыбілася дзякуючы прыбыцьцю Яна Сабескага на каралеўскі двор у 1656. Паміж маладымі ўсталявалася ўзаемная прыязьнь, але да шлюбу, тым ня менш, справа не дайшла.
3 сакавіка 1658 Марыя Казімера выйшла замуж за сандамерскага ваяводу Яна Сабепана Замойскага. На думку Марыі Людвікі, меркаваньне якой найбольш паўплывала на выбар жаніха, Замойскі больш падыходзіў, бо, па-першае, быў больш заможным за Сабескага, а па-другое, падчас вайны з швэдамі першы застаўся верным Яну Казімеру. У шлюбе з Замойскім Марысенька мела чатырох дзяцей, але ніводзін зь іх не дажыў да паўнагодзьдзя.
Празь месяц пасьля сьмерці Яна Замойскага 14 траўня 1665 Марыя Казімера таемна ажанілася зь Янам Сабескім (афіцыйны шлюб адбыўся 5 ліпеня таго ж году). Як на думку сучасьнікаў, гэтак і гісторыкаў, гэта быў адзін зь нешматлікіх «шлюбаў па каханьні» таго часу. У шлюбе зь Янам Сабескім Марысенька мела 13 дзяцей, але толькі чацьвёра дасягнулі паўнагодзьдзя.
2 лютага 1676 была каранаваная на каралеву польскую й вялікую княгіню літоўскую. На гэтай пасадзе дамагалася заключэньня хаўрусу Рэчы Паспалітае й Францыі, адначасова спрабавала атрымаць ад Люі XIV прывілеі для свайго роду.
Каралеўская пара пакінула пасьля сябе вялікую карэспандэнцыю. Любоўныя лісты зьявіліся ў васноўным у 1665-1683 падчас шмалікіх растаньняў, выкліканых, напрыклад, рокашамі, паездкай Марысенькі ў Парыж, вайной 1675-1676 і аблогай Вены ў 1683. Зь лістоў можна даведацца пра асобы Сабескага й Марысенькі, іхнае каханьне, цяжкасьці таго часу.
Пасьля сьмерці мужа Марысенька ў 1699 годзе са шматлікай сьвітай выехала ў Рым, дзе жыла ў палацы Кіджы-Адэскалькі. Часта гасьцявала ў рымскіх папаў, спачатку ў Інацэнта ХІІ (ён, будучы нунцыем у Рэчы Паспалітай, шлюбаваў Марыю зь Янам Сабескім), пасьля ў Клімэнта ХІ. Пазьней выехала ў Францыі, аднак Люі XIV забараніў ёй зьяўляцца ў Парыжы й Вэрсалі. У сваіх лістох яна пісала: «Хачу лічыцца вашай васалкай, а не каралевай, бо, пакідаючы Рым, склала сваё каралеўства ля стопаў папескіх».
Апошнія паўтара году жыла ў Блюа, дзе й памерла пасьля прызначанага лекарам паласканьня страўніка ў студзені 1716 году. 2 красавіка яе труна была перанесеная ў капліцу сьвятога Яўстаха ў касьцёле сьвятога Збаўцы ў Блюа. Сэрца ж яе было пахаванае ў вурне ў мясцовым езуіцкім касьцёле (зьнікла падчас Францускае рэвалюцыі). У 1717 годзе цела Марысенькі было перапахаванае ля цела мужа ў касьцёле капуцынаў у Варшаве. Адтуль у 1733 годзе абодва целы былі перанесеныя на Вавэль.
У гонар Марыі былі назаваныя гданскія караблі Marie, Die Königin von Pohlen, Maria Casimira Königin von Pohlen, а таксама мястэчкі Марывіль і Марымонт.
Дзеці
рэдагавацьУ шлюбе зь Янам Замойскім Марыя Казімера мела чатырох дзяцей:
- Людвіка Марыя Замойская (красавік-травень 1659);
- дзіцё нарадзілася мёртвым (студзень 1660);
- Катажына Барбара Замойская (4/5 сьнежня 1660 — сьнежань 1662);
- дачка (1664).
У шлюбе зь Янам Сабескім Марыя Казімера мела трынаццаць дзяцей:
- Якуб Людвік Сабескі (2 лістапада 1667 — 19 сьнежня 1737), князь алаўскі, прэтэндэнт на сталец Рэчы Паспалітае;
- блізьняты (9 траўня 1669);
- Тарэса Тэафіля Сабеская (травень 1670);
- Адэляйда Людвіка Сабеская (15 кастрычніка 1672 — 1677);
- Марыя Тарэса Сабеская (1674—1675);
- Тарэса Кунэгунда Сабеская (4 сакавіка 1676 — 10 сакавіка 1730), княгіня Баварская;
- Аляксандар Бэнэдыкт Сабескі (6/9 верасьня 1677 — 16/19 лістапада 1714);
- Канстанты Ўладыслаў Сабескі (1 траўня 1680 — 28 лютага 1726);
- дзіцё.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМарыя Казімера д’Арк’ен — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Папярэдніца: Элеанора Марыя Юзэфа Габсбург |
каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская 1676—1696 |
Пераемніца: Крыстыяна Эбэргардына фон Брандэнбург-Байройт |