Малішаў (Хвойніцкі раён)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Малішаў (Хойніцкі раён)»)

Ма́лішаў[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Цяпер у складзе места Хвойнікі.

Малішаў
трансьліт. Mališaŭ
Дата заснаваньня: перад 1600 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Насельніцтва: 370 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247628
СААТА: 3254700021
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°53′8″ пн. ш. 30°0′33″ у. д. / 51.88556° пн. ш. 30.00917° у. д. / 51.88556; 30.00917Каардынаты: 51°53′8″ пн. ш. 30°0′33″ у. д. / 51.88556° пн. ш. 30.00917° у. д. / 51.88556; 30.00917
Малішаў на мапе Беларусі ±
Малішаў
Малішаў
Малішаў
Малішаў
Малішаў
Малішаў

Гісторыя

рэдагаваць

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць
 
Герб Боньча роду Харлінскіх

Паводле пісьмовых крыніцаў, Малішаў вядомы ад 1600 году як сяло ў Астраглядаўскім маёнтку паноў Харлінскіх, месьціўся ў Кіеўскім ваяводзтве Каралеўства Польскага[a]. 26 чэрвеня т. г. sioło Maleszow адпісанае Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю. 12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле адабралі валоў у яго падданых з Паселічаў, Карчовага, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя "іnszych wsiów i przysiołków")[4].

 
Герб Ястрабец зьменены паноў Абрамовічаў.

У 1627 г. пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[5], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе з двух дымоў вёскі Малешаў пана М. Абрагамовіча выплачвалася па тры злотых[6]. У дакумэнтах 1631 г. Малішаў згаданы ў пераліку паселішчаў Астраглядаўскага маёнтку, часткі якога Шчасны (малодшы) і Самуэль Харлінскія ўрэшце згадзіліся саступіць за плату пану М. Абрамовічу і пану Лукашу Мадлішэўскаму, мужу ўдавы пані Гальшкі Харлінскай[7].

 
Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[b].

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хвойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясьціны[8]. У інвэнтары 1698 г. маёнтку князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, Малішаў, а таксама Гарошкаў, Карчовае ды неіснуючыя сёньня Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусьцелыя (wsi puste)[9]. Няма ніякіх зьвестак пра вёску ў рэвізіі 1716 г. і ў інвэнтары 1721 г., калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хвойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча.

Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў. Тады Хвойнікамі валодалі малодшы сын князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.

У габрэйскім перапісе 1784 г. нарэшце засьведчана пражываньне ў Малішаве пяці głow żydowskich, што належалі да Хвойніцкага кагалу[10].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Герб уласны роду Прозараў

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Малішаў апынулася ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11]. Паводле рэвізіі 1795 году тут было 15 двароў, у якіх жылі людзі прыгоннага стану, 44 мужчыны і 50 жанчын. Прозьвішчы – Дрозд, Каток, Бандарэнка, Шматко, Турчын, Канопчанка, Баран, Ліцьвінка. Побач, акрамя таго, у 10 дварах пражывалі 41 мужчына і 42 жанчыны зь ліку людзей, пакуль што (за выключэньнем безьзямельнай шляхты Цішкевічаў), асабіста вольных. Прозьвішчы – Зубко (Зубок), Тышкоўскі (Цішкоўскі), ізноў жа Турчын, Тышкевіч (Цішкевіч), Сітнік[12]. У наступным 1796 годзе Малішаў згаданы сярод уладаньняў пана Людвіка[c] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[13].

 
Малішаў на мапе Ф. Ф. Шубэрта сярэдзіны XIX ст.

2 лютага 1807 году фальварак Паселічы зь вёскамі Паселічы і Малішаў аддадзены ў пажыцьцёвую арэнду пані Караліне Крушэўскай за штогадовую выплату 9 800 польскіх злотых пры ўмове, што ў выпадку сьмерці пані Людвікі Прозар тая арэнда будзе спынена[14]. Паводле інвэнтару 1844 г., Малішаў – у складзе маёнтку Хвойнікі пана Ўладыслава Прозара. У сьпісе незацьверджанай у правох расейскага дваранства шляхты названыя сямействы Мікалая, сына Сымона, Базыля, сына Рыгора, Яна, сына Уладыслава, Яна, сына Казімера, Цішкевічаў (агулам 38 чалавек), жыхароў Малішава[15]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 51 жыхар абодвух полаў зь вёскі Малішаў быў прыхаджанінам Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, 57 малішаўскіх мужчын і 58 жанчын зьўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[16].

У парэформавы пэрыяд вёска належала да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 102 мужчынскія душы сялян-уласьнікаў, прыпісаных да Малішаўскага сельскага таварыства, трое аднадворцаў (Цішкевічы), прыпісаных да воласьці[17]. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 77 асобаў мужчынскага і 82 асобы жаночага полу з 20 двароў вёскі Малішаў[18].

Згодна зь перапісам 1897 года, тут было 69 двароў і 454 жыхары[2]. На 1909 год у Малішаве — 88 двароў з 610 жыхарамі[19].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Малішаў у складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[20].

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Хвойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 г. у Малішаве працавалі дзьве школы першай ступені (г. зн. пачатковыя): у адной, агульнай, – 109 вучняў, у другой, польскай, – 25 вучняў[21].

 
Малішаў, Хвойнікі, Валокі, Забалацьце на мапе 1924-26 гг.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР, ад 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году вёска – цэнтр Малішаўскага сельсавету Хойніцкага раёну Рэчыцкай, ад 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, а тэрыторыя далучана да Валоцкага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Красный Рассветовец», працавалі вятрак і кузьня. З 20 лютага 1938 году Малішаў — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. У 1939 годзе ў вёску пераселеныя жыхары пасёлку "Новый Путь". 71 жыхар Малішава загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

З 8 студзеня 1954 года Малішаў — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы было 936 жыхароў. Малішаў — у складзе Хвойніцкага пассавету і калгасу імя М. І. Калініна з цэнтрам у вёсцы Валокі), працавалі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, адзьдзяленьне сувязі[2].

1 сьнежня 2009 года вёска далучаная да места Хвойнікі[22].

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 1999 год — 475 чалавек
  • 2009 год — 370 чалавек

Вуліцы і завулкі

рэдагаваць
  • Малішаўская вуліца з аднайменным завулкам
  • Прыазёрная вуліца
  • Сасновая вуліца з завулкам
  • Шасэйная вуліца з завулкам
  • Зялёны завулак
  • Аляксандар Зелянкоўскі (1921 — 1997) — заснавальнік і першы дырэктар Хвойніцкага раённага краязнаўчага музэя[23].
  1. ^ С. В. Марцэлеў атаясаміў хвойніцкі Малішаў зь вёскай, якую кароль Казімер падараваў пану Алёхну Дылю яшчэ ў XV ст., геаграфічна зьмясьціўшы яго ў Менскім ваяводзтве, калі тое не існавала[2]. Неадэкватнасьць сьцьвярджэньня робіцца відавочнай, дзеля чаго дастаткова зьвярнуцца да самой крыніцы[3].
  2. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  3. ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 311. Сустракаецца таксама варыянт Ма́лешаў
  2. ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 448—449
  3. ^ Русская историческая библиотека. Т. XXVII. Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 1: Книга записей. Т. 1. – С.-Петербург, 1910. Стб. 83–95
  4. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów - Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. – Warszawa, 1894. S. 60, 281, 637
  5. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie (далей: AGAD. ApiJ). Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 56
  6. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 396 – 397
  7. ^ AGAD. ApiJ. S. 59
  8. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. – С. 553
  9. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133 адв.
  10. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 392
  11. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  12. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 190 – 195
  13. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск, 2018. С. 70 – 71
  14. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8
  15. ^ НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7-27адв.: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.
  16. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  17. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. – Минск, 1870. Л. 68об.
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 234, 239адв.; гл. таксама: Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  19. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 118
  20. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  21. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  22. ^ Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области (рас.) / Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290
  23. ^ Клаўдзія Босак. Нязгасны прамень святла.

Літаратура

рэдагаваць