Маладыя паліцыянты

паўднёвакарэйская кінакамэдыя 2017 году пра прыгоды 2-х аднакурсьнікаў Карэйскага нацыянальнага ўнівэрсытэту паліцыі

«Малады́я паліцыя́нты» (іншы пераклад: анг. Паўночныя бегуны) — паўднёвакарэйская кінакамэдыя 2017 году пра прыгоды 2 аднакурсьнікаў Карэйскага нацыянальнага ўнівэрсытэту паліцыі (Ён’ін, Кёнгійская вобласьць).

«Маладыя паліцыянты»
кар. 청년경찰
Жанр камэдыя
Рэжысэр Джэйсан Кім
Сцэнарыст Джэйсан Кім
Прадусар Кім Чжэчжун
У ролях Пак Со Чжун, Кан Ханыль
Вытворчасьць «Рок-фільмы»
Распаўсюд Lotte Entertainment[d]
Дата выхаду 9 жніўня 2017 (7 гадоў таму)
Працягласьць 109 хвілінаў
Краіна Паўднёвая Карэя
Мова карэйская
Бюджэт $7 млн
Прыбытак $38,7 млн
Старонка на IMDb

Здымкі вяліся з 21 лістапада 2016 году па 23 лютага 2017-га. 16 сакавіка 2017 году на Ганконскім міжнародным кірмашы фільмаў і тэлеперадачаў (Кітай) правы на паказ набылі прадпрыемствы з 5 дзяржаваў Азіі: Кітаю, Сынгапуру, Тайваня, Філіпінаў і Японіі. За 5 тыдняў паказу ў Паўднёвай Карэі, з 9 жніўня па 14 верасьня, фільм паглядзела 5,61 млн чалавек (11% насельніцтва дзяржавы). Касавыя зборы перавысілі $39 млн, што зрабіла фільм 4-м найбольш пасьпяховым за 2017 год. За мяжой фільм паказалі ў 4 ангельскамоўных краінах — ЗША, Аўстраліі, Брытаніі і Новай Зэляндыі — і 8 дзяржавах Азіі: Віетнаме, Інданэзіі, Кітаі (Ганконг), Малайзіі і Сынгапуры, на Тайване і Філіпінах, а таксама ў Японіі. Увосень 2017 году Пак Со Чжун атрымаў 2 узнагароды за найлепшую дэбютную ролю: ад Карэйскага аб’яднаньня кінакрытыкаў і на кінафэстывалі «Вялікі звон» ад Кінэматаграфічнага аб’яднаньня Карэі. У студзені 2018 году Пак Со Чжун атрымаў адпаведную ўзнагароду ад Карэйскага аб’яднаньня кінарэпартэраў[1].

  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У верасьні 2015 году на ўрачыстым прыёме ў Карэйскі нацыянальны ўнівэрсытэт паліцыі (КНУП) маладзёны Кан Хіёль і Парк Кічжун разьвітваюцца з бацькам і маці адпаведна перад пастраеньнем і наступнай стрыжкай. На першым зборы выкладнік Янг паведамляе, што летась 4 з 96 абітурыентаў выбылі пасьля 2-тыднёвага выпрабаваньня. Курсант Чжэ Хо кажа, што яго бацька таксама паліцыянт, які паступіў у КНУП у 1985 годзе. За 3 хвіліны абітурыентаў зьбіраюць на пляцы для практыкаваньняў да самага вечару. На вячэры Кічжун абураецца малой порцыі і бярэ 2 сасіскі ў Хіёля, якія той адмовіўся есьці, бо сасіскі зьмяшчаюць ракатворныя рэчывы — глютамат і нітрат натру. На наступны ранак адзін абітурыент падае з каната і пашкоджвае плячо, таму выбывае з выпрабаваньня. Удзень выкладнік Янг прапануе абітурыентам выбраць для навучаньня цягам 4 гадоў адзін з 4 відаў адзінаборства — тэквандо, дзюдо, айкідо або кэндо. У той дзень з ВНУ выбыла 2 курсанты. У апошні дзень 2-га тыдню абітурыенты бягуць на гару Буфва і назад. Каб паступіць у ВНУ, забег меў заняць менш за гадзіну. Хіёль падвярнуў нагу пры забегу і просіць Чжэ Хо дапамагчы, але той бяжыць далей. Кічжун жа нясе Хіёля да фініша, бо той абяцае пачаставаць ялавічынай з крамы бацькі на Маджанскага рынку ў Сэуле. Хіёль і Кіджун вяртаюцца з прабега больш як праз гадзіну. Хіёль тлумачыцца перад інструктаркай, якая загадвае астатнім паўторна бегчы на гару, бо тыя не дапамаглі пацярпеламу. Увечары Хіёль кажа, што скончыў Сэульскі ліцэй навукі(ko). Кічжун называе яго дзіваком, бо замест паліцыі пасьлядоўней было б пайсьці ў Карэйскі інстытут перадавых тэхналёгіяў(ko) (Тэджон). Хіёль прызнаецца, што гадаваўся байструком і паступіў у КНУП, бо навучаньне ў ім бясплатнае.

Праз 2 гады курсанты праходзяць экзамэн. На занятку выкладнік Янг паведамляе, што 70% выкрадзеных жанчынаў забіваюць праз 7 гадзінаў пасьля выкраданьня. Настаўнік дзюдо замаруджана паказвае на Чжэ Хо абарону ад нападніка з нажом. Ён прапануе выкруціць нападніку руку і нанесьці ўдары ў нос і шыю. У распранальні Чжэ Хо паказвае на смартфоне выяву сваёй дзяўчыны, калі Хіёль і Кічжун разважаюць пра гуляньне на Раство. У выніку ўдушальнага прыёму Кічжуна на дзюдо Чжэ Хо прызнаецца, што сустрэў сваю дзяўчыну на клюбе «8-кутнік». Хіёль адзначае, што ўваход у клюб каштуе $30. Хлопцы бяруць курткі ў Чжэ Хо. За гэта Кічжун згаджаецца паддацца яму ў дзюдо. Замест кёльнскай вады Кіджун абпырсквае Хіёля з асьвяжальніка паветра. Выкладнік Янг ухваляе запыт на адгул. Хлопцы выпраўляюцца ў сэульскі раён Гангнам на аўтобусе. На ўваходзе ў клюб хлопцы бачаць сьпевака Хванга Чансунга з гурта «2ПМ». На 2-м паверсе клюбу заўважаюць рэпэрку Ан Су Мін са спаборніцтва «Непрыгожая рэп-зорка 2». П’яная дзяўчына запрашае Хіёля на танец, аднак высьвятляецца, што ў яе ёсьць хлопец. Дзяўчына ў бліскучай сукенцы дзівіцца, што Кічжун стаў курсантам, і кажа, што той усё жыцьцё будзе бедным. Пасьля клюбу засмучаныя хлопцы п’юць у шынку і выказваюць сумнеў у вартасьці свайго навучаньня. Апоўначы на вуліцы яны замілоўваюцца дзяўчынай у ружовай куртцы, якая абарочваецца. Кічжун выйграе ў гульню камень, нажніцы, папера ў Хіёля, каб зь ёй пазнаёміцца. Тым часам выкрадальнікі аглушаюць дзяўчыну ўдарам па галаве і звозяць яе прэч у аўтафургоне. Кічжун тэлефануе ў паліцыю, але Хіёль называе памылковы рэгістрацыйны знак аўтамабіля. У паліцэйскім участку Гангнама хлопцы зьвяртаюцца да сьледчага аддзела па справах выкраданьняў, які навучаўся ў КНУП з 1999 году. Кічжун кажа, што дзяўчыну выкралі 30 хвілінаў таму каля станцыі мэтро «Нонхьюн»(ko). На загад начальніка сьледчы зьяжджае шукаць унука кіраўніка «Самсунга». Тым часам выкрадальнік Гун Хо гандлюецца па тэлефоне за давоз аглушанай дзяўчыны.

На прапанову Хіёля хлопцы вяртаюцца на месца злачынства, каб выйсьці на крыніцу расьсьледаваньня. Па тым, што аўтафургон чакаў на дзяўчыну, Хіёль робіць выснову, што злачынцы дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы. Кічжун заўважае чорны пакет, які дзяўчына выраніла пры выкраданьні. У пакеце апынаюцца тушаныя рысавыя аладкі(ko) зь зялёнай цыбуляй у колькасьці, дастатковай для некалькіх чалавек. Падчас апытаньня гандляроў тушанымі аладкамі хлопцы высьвятляюць, што дзяўчына працавала ў вушным салёне каля крамы. Салён працуе без уліку, таму Кічжун сочыць за ўваходам, каб Хіёля не злавілі ўнутры і ня выключылі з унівэрсытэту. У салён заходзяць паліцыянты, увагу якіх Кічжун адцягвае абразай. Тыя бягуць за ім, але ня могуць дагнаць. Хіёль высьвятляе ў супрацоўніцы салёна, што выкрадзеная дзяўчына — 17-гадовая Лі Юнчжун, якая зьбегла з дому. Хіёль атрымлівае адрас, дзе тая жыла зь іншымі зьбеглымі падлеткамі. Калі Хіёль і Кічжун грукаюць у дзьверы па тым адрасе, дзьверы прыадчыняе хлопец, які спрабуе ўцекчы праз вакно. Хіёль знаходзіць яго на падземнай аўтастаянцы, дзе абараняецца ад яго нападу з нажом паводле настаўленьня, атрыманага на дзюдо. Па смартфоне затрыманага курсанты высьвятляюць, што той атрымаў ад Гун Хо за выдачу Юнчжун $1000. Затрыманы кажа, што Гун Хо знаходзіцца ў бараніннай страўні ў мікрараёне Даэрым на захадзе Сэулу. З гаманца затрыманага Хіёль дастае візытоўку з адрасам страўні «Хэган». Хлопцы прывязваюць затрыманага да сьцяны скотчам і вяртаюцца ў кватэру, дзе жыла выкрадзеная. Ад 2 дзяўчынаў, якія зь ёй жылі, яны даведваюцца, што год таму тыя пазнаёміліся зь Юнчжун у прытулку. Юнчжун зьбегла ад айчыма, які зьбіваў яе да беспрытомнасьці. Хіёль кажа дзяўчынам пра выкраданьне Юнчжун, ад чаго тыя пачынаюць плакаць і прасіць яе знайсьці. Хіёль дае ім грошай, каб тыя пераехалі ў ацепленую кватэру. Па дарозе ў Даэрым на таксі Хіёль кажа, што выкрадальнікі выбралі ўцеклую дзяўчыну, бо бацькі не паведамяць пра зьнікненьне, а іншыя зьбеглыя сужыхаркі баяцца паліцыі. Тым часам Гун Хо робіць укол у жывот Юнчжун. У Даэрыме таксіст заўважае, што там жывуць толькі кітайцы. Ён адзначае частасьць нажавых нападаў і шматлікасьць іншаземных злачынцаў у раёне. Хлопцы ж бачаць, што на вуліцы ўсе надпісы па-кітайску.

У страўні «Хэган» Кічжун набіруе нумар выкрадальніка Гун Хо, які апынаецца за суседнім сталом з трыма сваімі супольнікамі. Гун Хо перазваньвае, і выкрадальнікі высьвятляюць, што Кічжун у страўні набіраў з тэлефона іх пасобніка. Пасьля бойкі хлопцы выпытваюць у Гун Хо месцазнаходжаньне Юнчжун. На 3-м паверсе будынку побач Хіёль знаходзіць разьбіты флякон гарманальнага лека «Мэнапур»(en) і высьвятляе, што выкрадзеных дзяўчынаў некалькі. Гун Хо кажа Кічжуну, што гармон коляць дзяўчынам, у якіх вымаюць заплодкавыя вузы. Кічжун выламвае дзьверы ў пакой, дзе хлопцы знаходзяць Юнчжун у ліхаманцы і з крывацёкам. Яны выносяць Юнчжун на вуліцу, дзе натыкаюцца на тузін выкрадальнікаў. Тыя зьбіваюць абодвух да непрытомнасьці. Хлопцы прачынаюцца падвешанымі за рукі да столі з пазнакамі на жыватах для трыбушэньня на ворганы. Кічжуну ўдаецца сарвацца на падлогу, пасьля чаго хлопцы спрабуюць выкрасца праз пакой, дзе сьпяць выкрадальнікі. Ад будзільніка Кічжуна прачынаецца Гун Хо, пасьля чаго хлопцам даводзіцца бегчы ад злачынцаў да паліцэйскага ўчастка. Хлопцы паведамляюць паліцыянту пра будынак з выкрадзенымі дзяўчынамі, але той патрабуе іх пасьведчаньні. Кічжун кажа, што ў іх забралі гаманцы і тэлефоны. Паліцыянт кажа пра патрэбу ў фота на пасьведчаньні, на што Кічжун абражаецца і лаець афіцэра. Той страляе ў абодвух з электрашокавай зброі. Зранку выкладнік Янг вызваляе хлопцаў з участку, якія паказваюць будынак, дзе ўтрымлівалі выкрадзеных. Янг згадвае, як у 2007 годзе ўпершыню пабачыў авуляцыйны лек, калі злавіў пасярэдніка ў гандлі заплодкавымі вузамі. Ён тлумачыць, што такі лек дазваляе мець да 20 заплодкавых вузаў за месяц замест адной, як звычайна. Пасярэднікі зьвязваюць бясплодныя пары з давальніцамі заплодкавых вузаў за плату. У пустым будынку Янг бачыць толькі сьляды крыві і прапануе зьвярнуцца ў абласны аддзел расьсьледаваньняў, праца якога зойме 2 тыдні. Таксама Янг згадвае, што аддзел адмысловых расьсьледаваньняў ладзіць выведкавае расьсьледаваньне. Ён даведваецца праз даўняга сябра, што зялёны фургон выкрадальнікаў мае няўлічаны нумар, таму яго вышук запатрабуе ручнога пошуку праз вулічныя відэакамэры цягам месяца.

Па вяртаньні ва ўнівэрсытэт Чжэ Хо выбачае хлопцам страту ягоных куртак і паведамляе тэлефон былой інструктаркі КНУП, якая цяпер загадвае Гангнамскім асяродкам відэасачэньня. Тая пагаджаецца адсачыць фургон па нумары. Хіёль і Кічжун атрымліваюць са складу ВНУ на загад Янга 2 паліцэйскія дубінкі, двое кайданкоў, 2 электрашокавыя пісталеты і 2 наборы ахоўнай вопраткі. Тым часам выкрадальнікі вырашаюць выняць унутраныя органы зь дзяўчыны, якая страціла здольнасьць вырабляць заплодкавыя вузы. Хіёль і Кіджун пачынаюць разьмінацца з дубінкамі і электрашокерам. У харчаваньні яны пераходзяць на смажаную ялавічыну і энэргетычныя напоі. Празь некалькі дзён былая інструктарка «Мэдуза» паведамляе, што патрэбны фургон бачылі пасярод Сэулу 13 і 27 лістапада разам з такім самым фургонам ззаду, які меў лягатып лякарні бясплодзьдзя «Н». Хлопцы высьвятляюць празь Сеціва, што лякарня зачыненая ў 2-ю нядзелю месяца, якая будзе праз 2 дні. Тым часам лекар прадае штучнае апладненьне заплодкавымі вузамі Юнчжун за $80 000. Нядзельным ранкам 8 выкрадзеных дзяўчынаў прывозяць у лякарню бясплодзьдзя. Завадатар выкрадальнікаў атрымлівае за прывоз канвэрт з грашыма ад лекара. На падвальнай стаянцы Хіёль і Кічжун зьбіваюць дубінкамі 10 злодзеяў, аднак Хіёлю ламаюць далонь левай рукі. Яшчэ ў траіх Кічжун страляе з электрошокера. Хіёль і Кічжун падымаюцца на ліфце да 8-га паверху, дзе месьціцца апэрацыйны пакой. Пасьля бойкі яны адзяваюць кайданкі на завадатара выкрадальнікаў і выклікаюць паліцыю. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту пакідае Хіёля і Кічжуна на 2-і год замест выключэньня, бо тыя раскрылі злачынства.

  Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.
  • Кан Хіёль, курсант КНУП зь сям’і крамніка — Пак Со Чжун
  • Парк Кічжун, курсант КНУП зь няпоўнай сям’і — Кан Ханыль
  • Янг Сунгіль, выкладнік унівэрсытэту паліцыі — Сунг Донг Іль
  • Чжэ Хо, курсант КНУП зь сям’і паліцыянта — Бэ Юрам
  • Лі Юнчжун, выкрадзеная дзяўчына — Лі Хочжун
  1. ^ Фільм «1987» выбраны рэпартэрамі ў якасьці лепшага фільму 2017 году // Агенцтва «Аб'яднаныя навіны» (Сэул), 30 студзеня 2018 г. Праверана 16 верасьня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць