Літаратурны экспрэс Эўропа 2000

Літаратурны экспрэс Эўропа 2000 (па-нямецку: Literaturexpress Europa 2000, па-ангельску: Literature Express Europe 2000) — міжнародны літаратурны праект, прымеркаваны да пачатку новага тысячагодзьдзя. Заключны этап праекту адбыўся ў чэрвені — ліпені 2000 году.

ЭЎРОПА

Кантынэнт зьмяняецца. Яго заходняя арыентацыя, што калісьці ўспрымалася як дадзенасьць, зараз аспрэчваецца. Калі Эўропа імкнецца да аб’яднаньня ў больш чым толькі эканамічных справах, ёй спатрэбіцца культурная сьвядомасьць, якая ахоплівае Эўропу цалкам. Ці, можа, эўрапейская тоеснасьць зьяўляецца хімэрай?

МОВЫ

Эўропа складаецца з 48 дзяржаваў і ў ёй размаўляюць на больш чым 40 мовах. Мова ўяўляе сабой памяць людзей, якую, з аднаго боку, яна захоўвае, але, з другога, будуе бар’еры. З-за гэтай адметнасьці яе выкарыстаньне можа быць абмежавана. Як Эўропе справіцца з гэтым багацьцем, гэтым цяжарам?

ЛІТАРАТУРЫ

Пісьменьнікі прывязаныя да сваёй прылады: сваёй мовы. Мова зьяўляецца сродкам літаратуры і таму можа дасягнуць шмат, але з-за моўных бар’ераў яна таксама прывязвае яе да краіны, што стварае цяжкасьці пры спробах зьвяртаньня да іншых. Як гэтая супярэчнасьць суадносіцца з паняцьцем аб тым, што эўрапейскія культуры ўтвараюць «супольнасьць каштоўнасьцяў»? Ці будзе літаратура карысная ў ХХІ стагодзьдзі? Ці, можа, мастацтвы, прывязаныя да лінгвістычнага асяродзьдзя, будуць разбураныя і адкінутыя новыя сродкамі перадачы інфармацыі?

ПІСЬМЕНЬНІКІ

Суіснаваньне сацыяльных сыстэмаў, якія спаборнічаюць, стварала структуры, ў якіх пісьменьнік быў здольны знайсьці сабе месца і ролю ў асьветніцкіх традыцыях. У выніку падзей 1989 году гэтая стабільная структура развалілася і грунтоўна зьмяніла сацыяльныя ролі і погляды пісьменьнікаў. Як прарок, пісьменьнік памёр. Няхай жыве пісьменьнік?"

Заклік арганізатараў праекту да роздуму[1].

Ініцыятары і задума праекту

рэдагаваць

Ідэя арганізацыі праекту належыць доктару філялёгіі зь Нямеччыны Томасу Вольфарту (Thomas Wohlfahrt)[2]. Арганізацыйным цэнтрам праекту стала «Літаратурная майстэрня ў Бэрліне» (па-нямецку: literaturWERKstatt Berlin) з Бэрліну (Нямеччына). Падрыхтоўка праекту вялася на працягу трох з паловай гадоў[3]. Праект ажыцьцяўляўся пад патранажам Эўрапейскае рады, Эўрапейскае камісіі, ЮНЭСКА і Міжнароднага саюза чыгункі[4].

Задума арганізатараў праекту складалася ў злучэньні ў адзіным творчым натхненьні майстроў пяра з усіх краінаў Эўропы, ў тым, каб даць ім магчымасьць ва ўмовах шчыльнага творчага і чалавечага ўзаемадзеяньня экспэрымэнтаваць з іх мовай, выкарыстоўваць мову як сродак пазнаваньня Эўропы, экспэрымэнтаваць з камунікацыяй эўрапейскіх культураў і шукаць магчымасьці яе разьвіцьця ў ХХІ стагодзьдзі. Сярод галоўных задачаў праекту арганізатары вызначылі аспрэчваньне заходняй арыентацыі Эўропы, дасьледваньне ідэі эўрапейскай тоеснасьці і ролі мноства эўрапейскіх моваў у фармаваньні эўрапейскае культуры[5].

Арганізацыя ўласна падарожжа праз эўрапейскі кантынэнт шматлікай групы літаратараў з амаль усіх краінаў Эўропы стала галоўным, але не адзіным складнікам вялікага праекту. Задоўга да падарожжа кожны яго удзельнік прадставіў для перакладу на мовы краінаў-удзельнікаў Літаратурнага экспрэса адзін са сваіх твораў. Краінавыя каардынатары праекту арганізавалі пераклад твораў удзельнікаў экспрэсу на свае мовы. Пасьля гэтага пераклады твораў эўрапейскіх літаратараў друкаваліся асобна па кожнай краіне з улікам наяўных магчымасьцяў (асобныя кнігі, публікацыі ў літаратурных часопісах і інш.).

Падчас падарожжа па Эўропе ў месцах прыпынку экспрэса арганізоўваліся літаратурныя вечарыны і чытаньні, разнастайныя мерапрыемствы краязнаўчага і мастацкага кшталту. Анталёгія твораў, напісаных на працягу падарожжа яго ўдзельнікамі, — «Эўрабілён — Эўрапейская паэтыка» — была выдадзеная ў Нямеччыне да Франкфурцкага кніжнага кірмашу 2001 году[6].

Маршрут экспрэса праходзіў праз 11 эўрапейскіх краінаў (Партугалія, Гішпанія, Францыя, Бэльгія, Нямеччына, Польшча, Летува, Латвія, Эстонія, Расея і Беларусь[6]). На працягу шасьці тыдняў экспрэс прайшоў больш за 7 тысячаў кілямэтраў па маршруце легендарнага Паўночна-паўднёвага экспрэсу[4] і зрабіў прыпынкі ў 19 гарадох[7].

Распачалося падарожжа ў Лісабоне (Партугалія) 4 чэрвеня 2000 году. Цягнікі экспрэса (на працягу падарожжа іх зьмянялі ажно 5 разоў) прайшлі праз Мадрыд (Гішпанія), Бардо, Парыж, Ліль (Францыя), Брусэль (Бэльгія), Дортмунд, Гановэр (Нямеччына), Мальбарк (Польшча), Калінінград (Расея), Вільню (Летува), Рыгу (Латвія), Талін (Эстонія), Санкт-Пецярбург, Маскву (Расея), Менск, Берасьце (Беларусь), Варшаву (Польшча)[8]. Закончылася падарожжа экспрэса ў Бэрліне (Нямеччына) 17 ліпеня 2000 году[9].

Удзельнікі

рэдагаваць

У падарожжы экспрэса прынялі ўдзел 107 літаратараў з 43 краінаў Эўропы[10].

Унёсак Беларусі

рэдагаваць

Падрыхтоўчая праца

рэдагаваць

Каардынатарам падрыхтоўчай працы па арганізацыі падарожжа Літаратурнага экспрэса ад Беларусі была дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы Жанна Дапкюнас. Свае намаганьні ў гэтай працы аб’ядналі Беларуская чыгунка, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Інстытут Гётэ ў Менску. Напярэдадні падарожжа экспрэса быў арганізаваны пераклад на беларускую мову твораў амаль усіх удзельнікаў праекту. Значная частка гэтых перакладаў пасьля зьявілася ў друку ў літаратурных часопісах «Полымя», «Маладосьць» і інш.

«Я самы шчасьлівы чалавек на Зямлі. Мая задума ажыцьцявілася цалкам. Тры з паловай гады аддаў я падрыхтоўцы праекта і не сумняваюся: час патрачаны не дарэмна. Лічу, Беларусь нароўні з іншымі дзяржавамі нашага кантынэнту таксама паказала сябе ва ўсёй велічы і паўнаце. У вас ёсьць творцы сусьветнага ўзроўню, і першы сярод іх — Васіль Быкаў. Я меў і маю магчымасьць нярэдка бачыцца з ім, гутарыць: гэта не проста таленавіцейшы з творцаў, але і самы праведны і сумленны чалавек».

Томас Вольфарт, ініцыятар праекту «Літаратурны экспрэс Эўропа 2000»[11]

Удзельнікі ад Беларусі

рэдагаваць

У самім падарожжы праз Эўропу на цягніку прынялі ўдзел тры беларускія літаратары: Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк і Андрэй Федарэнка[12].

Знаходжаньне ўдзельнікаў экспрэса ў Беларусі

рэдагаваць

Пасьля прыёму ў мэрыі Менску 9 ліпеня ўдзельнікі экспрэса наведалі радзіму вялікага беларускага нацыянальнага паэта Янкі Купалы — вёску Вязынку[13]

На наступны дзень 10 ліпеня адбыліся літаратурныя сустрэчы, дыспуты, сэмінары на тэму «Літаратура Эўропы запрашае». Асобная дыскусія была прысьвечана тэме «Чарнобыль — боль Беларусі».

Вечарам таго ж дня ў вялікай зале Дома літаратара адбылася заключная сустрэча гасьцей зь беларускімі пісьменьнікамі і кнігавыдаўцамі, якія прадставілі навінкі перакладзеных на беларускую мову твораў замежных аўтараў[12]. На вечарыне ў Доме літаратара гасьцей вітаў міністар культуры Беларусі Аляксандар Сасноўскі, свае вершы чыталі Сяргей Законьнікаў, Генадзь Бураўкін, Раіса Баравікова, Алесь Пісьмянкоў, народныя песьні сьпявала Тацьцяна Мархель[14].

Падчас знаходжаньня 11 ліпеня ў Берасьці ўдзельнікі праекту наведалі музэй «Бярэсьце» і Берасьцейскую крэпасьць.

  1. ^ Пытаньні, якія ставіць праект Праверана 29 траўня 2000 г.
  2. ^ Бельгійскі госць з Літэкспрэса Беларускае таварыства сяброўства з замежнымі краінамі Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ Тамсама Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  4. ^ а б Ляўрэаты прэміі імя Янкі Купалы. Буклет // Складальнік Давідоўская Л. — Менск, Літаратурны музэй Янкі Купалы, 2000. — C. 16.
  5. ^ Literature Express Europa 2000 Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  6. ^ а б Тамсама Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  7. ^ Literaturexpress Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  8. ^ Маршрут Літаратурнага экспрэса tripod.com Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  9. ^ Графік падарожжа Літаратурнага экспрэса Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  10. ^ Literature Express Europa 2000 Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  11. ^ Імчыць па Еўропе літаратурны экспрэс... Звязда Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  12. ^ а б Што мы будуем: агульны дом еўрапейскіх культур ці новую вавілонскую вежу? Звязда Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  13. ^ Пісьменьнікі Эўропы ў Вязынцы Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  14. ^ Імчыць па Еўропе літаратурны экспрэс… Звязда Праверана 15 кастрычніка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць