Люксэмбург (горад)

сталіца Люксэмбургу

Люксэмбу́рг, Люксэмбу́рґ (па-люксэмбурску: Lëtzebuerg, па-француску: Luxembourg, па-нямецку: Luxemburg) — сталіца і найбуйнейшы горад вялікага княства Люксэмбург, а таксама самы густанаселены горад краіны. Горад стаіць на ​​месцы зьліцьця рэк Альзэт і Пэтрус на поўдні краіны ў цэнтры Заходняй Эўропы. Ад гораде па дарозе да Брусэлю — 213 км, да Парыжу — 372 км і 209 км да Кёльну[1]. Адной з галоўных славутасьцяў гораду зьяўляецца Люксэмбурскі замак, які быў закладзены франкамі ў Раньнім Сярэднявеччы, вакол якога і паўстаў горад.

Люксэмбург
люкс. Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg'
Герб Люксэмбургу Сьцяг Люксэмбургу
Дата заснаваньня: 963
Краіна: Люксэмбург
Кантон: Люксэмбург
Мэр: Лідыя Польфэр
Плошча: 51,46 км²
Вышыня: 402 м н. у. м.
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 115 227 чал.
шчыльнасьць: 2239,16 чал./км²
Геаграфічныя каардынаты: 49°36′38″ пн. ш. 6°7′58″ у. д. / 49.61056° пн. ш. 6.13278° у. д. / 49.61056; 6.13278Каардынаты: 49°36′38″ пн. ш. 6°7′58″ у. д. / 49.61056° пн. ш. 6.13278° у. д. / 49.61056; 6.13278
Люксэмбург на мапе Люксэмбургу
Люксэмбург
Люксэмбург
Люксэмбург
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.vdl.lu/

Па стане на студзень 2016 году ў горадзе пражывала 115 227 чалавек[2], што больш чым у тры разы пераўзыходзіць насельніцтва другога паводле колькасьці гораду краіны Эш-сюр-Альзэт. Сталічная гарадзкая аглямэрацыя ўключае ў свой склад навакольныя камуны Эспэранж, Сандвайлер, Штрасэн і Вальфэрданж. З улікам пералічанных прадмесьцяў насельніцтва аглямэрацыі складае 180 000 чалавек[3].

У 2011 годзе Люксэмбург паводле ацэнак займаў другі радок у сьпісе гарадоў з найвялікшым СУП на душу насельніцтва ў 80119 даляраў[4]. Горад лічыцца адным з банкаўскіх і адміністрацыйных цэнтраў Эўропы. У сусьветным апытаньні 2011 году кансалтынгавай кампаніі Mercer Люксэмбург быў абраны лепшым горадам паводле паказчыку асабістай бясьпекі, але заняў толькі 19-ы радок паводле якасьці жыцьця сярод 221 гарадоў, якія былі ўключаны ў апытаньне[5].

Люксэмбург зьяўляецца адной з дэ-факта сталіцаў Эўрапейскага Зьвязу нароўні з Брусэлем і Страсбургам, бо менавіта тут разьмешчаны шэраг эўрапейскіх інстытутаў, як то Эўрапейскі суд, Эўрапейскі суд рэвізораў, Сакратарыят Эўрапейскага парлямэнту, Эўрапейскі інвэстыцыйны банк, Эўрапейскі інвэстыцыйны фонд і Эўрапейскі стабілізацыйны мэханізм.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Стары горад увечары

За часам рымскай імпэрыі на месцы будучага гораду стаяла ўмацаваная вежа, якая ахоўвала перакрыжаваньне двух рымскіх дарог. Праз абменную дамову з абацтвам Сэн-Максымін ў Трыры ў 963 годзе Зыгфрыд I Ардэнскі, блізкі сваяк францускага караля Людовіка II і імпэратара Атона Вялікага, набыў фэадальныя землі Люксэмбургу. Зыгфрыд пабудаваў свой замак, зьвесткі пра які ўпершыню сталі вядомы ў вышэйзгаданай абменнай дамове.

У 987 годзе арцыбіскуп Эгбэрт Трырскі асьвяціў пяць алтароў ў царкве Адкупленьня. Каля рымскага скрыжаваньні шляхоў побач з царквой быў пабудаваны рынак, вокал якога і пачаў сваё разьвіцьцё горад.

Горад, празь сваё разьмяшчэньне і геаграфію, доўгі час зьяўляўся месцам ваенна-стратэгічнага значэньня. Першыя ўмацаваньні былі пабудаваныя яшчэ ў X стагодзьдзі. Да канца XII стагодзьдзя былі пабудаваны новыя сьцены, што атачылі тэрыторыю ў 5 га. Горад да гэтага часу пачаў пашырацца на захад вакол новай царквы, што цяпер зьяўляецца Саборам Люксэмбурскай Божай Маці. Каля 1340 году за часам Ёгана Сьляпога былі пабудаваны новыя фартыфікацыйныя збудаваньні, якія прастаялі да 1867 году.

У 1443 годзе бургунды, якіх ачольваў Філіп Добры, заваявалі Люксэмбург. Горад стаў часткай бургундзкай дзяржавы, а пазьней гішпанскай і аўстрыйскай імпэрыяў. Каб падкрэсьліць моц Габсбургаў быў пабудаваны Люксэмбурскі замак у XVI стагодзьдзі, такім чынам Люксэмбург стаў адным з самых умацаваных гарадоў у Эўропе. Пасьля гэтага бургунды, гішпанцы, французы, зноў гішпанцы, аўстрыйцы, зноў французы, а потым і прусакі заваёўвалі Люксэмбург.

У XVII стагодзьдзі былі пабудаваны першыя казэматы. Справу пачалі гішпанцы, якія пабудавалі 23 км тунэляў, пачынаючы з 1644 году[6]. Затым даўжыня тунэляў была павялічана Францыяй, дзякуючы намаганьням маршалу Вабану. Пашырана сетка казэматаў была таксама і аўстрыйцамі ў 1730-х і 1740-х гадох.

Падчас францускіх рэвалюцыйных войнаў, горад быў двойчы акупаваны Францыяй. Адзін раз, коратка, у 1792—1793 гадох, і, пазьней, пасьля сямімесячнай аблогі[7]. Люксэмбург пратрымаўся так доўга, што пасьля перамогі францускі палітык і ваенны інжынэр Лязар Карно назваў горад «лепшай крэпасьцю ў сьвеце, за выключэньнем Гібральтару», што спарадзіла назву для Люксэмбургу — «Гібральтар Поўначы»[7].

Тым ня менш, аўстрыйскі гарнізон у рэшце рэшт здаўся, і, як сьледзтва, Люксэмбург быў анэксаваны Францускай Рэспублікай, стаўшы часткай аднаго з францускіх дэпартамэнтаў. У 1815 годзе згодна з парыскай мірнай дамовай, якая скончыла эпоху Напалеонаўскіх войнаў, Люксэмбург стаў часткай Нямецкага зьвязу, які нефармальна падпарадкоўваўся Прусіі, не зважаючы на тое, што сувэрэнітэт Люксэмбургу быў перададзены дому Аранскіх-Насаў, якія знаходзіліся ў асабістай уніі зь Нідэрляндамі.

Пасьля Люксэмбурскага крызісу ў 1867 годзе згодна зь лёнданскай дамовай Люксэмбург быў павінен дэмантаваць свае ўмацаваньні. Іхны знос праходзіў шаснаццаць гадоў, каштаваў 1,5 млн залатых франкаў. У выніку было зьнішчана больш за 24 км падземных абарончых сыстэмаў, 4 га казэматаў, казармы[8]. Акрамя таго, быў распушчаны прускі гарнізон.

Калі ў 1890 годзе вялікі князь Вілем III памёр, не пакінуўшы нашчадкаў мужчынскага полу, Вялікае Герцагства выйшла з-пад улады Нідэрляндаў. У Люксэмбурзе пачала панаваць самастойная лінія герцагаў, першым зь якіх стаў вялікі герцаг Адольф. Менавіта, толькі тады Люксэмбург, які да гэтага часу быў незалежным у тэорыі, стаўся сапраўды незалежная краінай, а горад аднавіў некаторую палітычную вагу, якую ён страціў у 1867 годзе.

Не зважаючы на высілкі Люксэмбургу заставацца нэўтральнай краінай у Першай сусьветнай вайне, 2 жніўня 1914 году герцагства было акупавана Нямеччынай. 30 жніўня таго ж году Гэльмут фон Мольтке перанёс сваю стаўку ў Люксэмбург, каб быць бліжэй да сваіх войскаў у Францыі, рыхтуючыся да хуткай перамогі. Аднак, перамога гэтак і не надыйшла, і Люксэмбург стаў месцам разьмяшчэньня нямецкага вайсковага камандаваньня на працягу наступных чатырох гадоў. У канцы акупацыі, горад Люксэмбург стаў сьведкам спробы камуністычнай рэвалюцыі. 9 лістапада 1918 году камуністы абвесьцілі сацыялістычную рэспубліку, але ейнае існаваньне доўжылася толькі некалькі гадзінаў[9].

У 1921 годзе межы гораду былі значна пашыраны. У склад гораду ўвайшлі камуны Эш, Гам, Голерыш і Ролінгергрунд. Такім чынам горад стаўся самым вялікім паводле колькасьці насельніцтва ў краіне.

У 1940 годзе Нямеччына зноўку акупавала Люксэмбург. Нацысты не дазволілі люксэмбурцам мець самакіраваньне і пачалі ягоную паступовую інтэграцыю ў склад Трэцяга Райху, далучыўшы герцагства да суседняй нямецкай правінцыі. Падчас акупацыі вуліцы сталічнага гораду атрымалі новыя нямецкія назвы. Гэтак Авэню-дэ-ля-Лібэртэ, галоўная дарога, якая вядзе да чыгуначнай станцыі, была пераназвана ў Адольф-Гітлер-Штрасэ. Люксэмбург быў вызвалены 10 верасьня 1944 году. А ў сьнежні 1944 і студзені 1945 гадоў быў абвергнуты бамбардаваньням з боку нацыстаў ракетамі Фаў-3.

Пасьля вайны Люксэмбург скасаваў свой нэўтралітэт і стаў адным з заснавальнікаў шэрагу міжурадавых і наднацыянальных урадавых установаў. У 1952 годзе горад стаў месцам разьмяшчэньня штаб-кватэры вышэйшага воргана Эўрапейскага аб’яднаньня вугалю і сталі. У 1967 годзе вышэйшы орган зьліўся з камісіямі іншых эўрапейскіх установаў. Хоць горад Люксэмбург і перастаў быць месцам разьмяшчэньня вышэйшага воргану да 1981 году ў Люксэмбурзе час ад часу праходзілі сэсіі паседжаньняў Эўрапейскага парлямэнту[10]. Люксэмбург застаецца местам дысьлякацыі сакратарыяту Эўрапейскага парлямэнту, а таксама Эўрапейскага суду, Эўрапейскага суду рэвізораў, а таксама Эўрапейскага інвестыцыйнага банку.

Гарады-сябры

рэдагаваць
  1. ^ Great Circle Distances between Cities. United States Department of Agriculture.
  2. ^ Stadt Luxemburg hat jetzt 100.000 Einwohner. Luxemburger Wort.
  3. ^ Affichage de tableau. Statec.
  4. ^ Luxembourg. International Monetary Fund.
  5. ^ 2011 Quality of Living worldwide city rankings. Mercer.
  6. ^ The Fortress. Luxembourg City Tourism Office
  7. ^ а б Kreins, Jean-Marie Histoire du Luxembourg. — Paris: Presses Universitaires de France, 2003. — С. 64.
  8. ^ World Heritage List — Luxembourg. ЮНЭСКО.
  9. ^ Luxembourg. WorldStatesman.org
  10. ^ Alcide De Gasperi Building. Centre Virtuel de la Connaissance sur l’Europe.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць