Лаўрыш-Рымант — літоўскі князь, сын вялікага князя літоўскага Тройдзеня. Паводле шматлікіх летапісаў Вялікага Княства Літоўскага, выконваў абавязкі вялікага князя ад сьмерці Тройдзеня (1282 год) да паднясеньня на вялікакняскі сталец Віценя (1294 год).

Лаўрыш-Рымант
лац. Łaŭryš-Rymant
Асабістыя зьвесткі
Бацькі Тройдзень

Рымісмунд або Рымунд (Rimismund, Rimund) — імя германскага паходжаньня[1]. Іменная аснова -рым- (імёны ліцьвінаў Рымейка, Рымель, Рыман; германскія імёны Rimicho, Riemel, Rimann) паходзіць ад гоцкага rimis 'спакой, стрыманасьць, непарухлівасьць'[2], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[3] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[2]. Такім парадкам, імя Рымонт азначае «непарушная гарлівасьць» (тое ж, што і імя Монтрым)[4].

Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: czernec Ławrasz, po litowsku zowemy Rymont, a po rusku Wasiley (Хроніка Быхаўца)[5].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Паводле летапісаў ВКЛ, Рымант быў сынам Тройдзеня ад мазавецкай княжны. Адна з крыніц, ужытых Тэадорам Нарбутам (рукапіс князя Чэрскага), апавядае рамантычную гісторыю пра сустрэчу Тройдзеня і мазавецкай княжны Ганны Земавітаўны падчас захопу ліцьвінамі мазавецкага замку Бабіна: Ганна выйшла насустрач Тройдзеню з дагай у руцэ, каб абараніць хворую маці, і, убачыўшы адзін аднаго, Тройдзень і Ганна адразу закахаліся[6].

Паводле летапісаў ВКЛ, Рымант быў аддадзены на выхаваньне да галіцкага князя Льва Мсьціславіча, прыняў праваслаўе зь імем Васіля, а потым манаскі пострыг зь імем Лаўрыша. Вернуўшыся да Літвы, Лаўрыш-Рымант заснаваў Лаўрышаўскі манастыр ля Наваградку, у якім жыў. Па сьмерці Тройдзеня (1282 год) пскоўскі князь Даўмонт захапіў Полацак і рушыў на Літву, жадаючы быць вялікім князем літоўскім. Каб абараніць Айчыну, Лаўрыш-Рымант выйшаў з манастыра, сабраў войска і разьбіў Даўмонта ў бітве, па чым вярнуў у склад ВКЛ Полацак (і, паводле «Хронікі літоўскай», Віцебск):


  «...чернец Лаврыш (...) оставівшы чын чернеческій і прышол до панов. І собравшыся со всякімі сіламі літовскімі, і потягнул протівко Довмонта, хотечы помстіті кров отца своего. І направівшыся с полкі своімі, і поткаліся з Довмонтом над озером, і колі зышліся полкі з обу сторон, і был межы німі бой і сеча велікая с поранку, оліж до вечера, і поможеть Бог Лаврышу, і все войско дядка своего Довмонта наголову поразіл і самого его убіл, і город Полтэск взял».  

Летапіс Рачынскага[7]

Паводле летапісаў ВКЛ і Раўданскага рукапісу, на сойме ў Кернаве Лаўрыш-Рымант паднёс на вялікае княжаньне Віценя:


  «І вернувшыся назад к стольцу отца своего до Кернова, і рек паном: «(...) Возміте собе господарем, кого воля ваша будеть. (...) А прото оберыте собе господара доброго, хто бы мел бороніті того панства, Велікого Князства Літовского. І так мі ся відіть, іж бы к тому был годный Вітеня, который был маршалком ув отца моего».  

—Летапіс Рачынскага[8]

  1. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1268, 1277.
  2. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  3. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24—25.
  5. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 135.
  6. ^ Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. IV. — Wilno, 1838. S. 288—289.
  7. ^ Летапіс Рачынскага / Летапісы і хронікі Беларусі. — Смаленск: «Інбелкульт», 2013. С. 290.
  8. ^ Летапіс Рачынскага / Летапісы і хронікі Беларусі. — Смаленск: «Інбелкульт», 2013. С. 290..

Літаратура

рэдагаваць