Крычына

вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці Беларусі

Кры́чына[2] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 24 км на паўночны захад ад Барысава. Крычына ўваходзіць у склад Весялоўскага сельсавету.

Крычына
трансьліт. Kryčyna
Першыя згадкі: 1510
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Весялоўскі
Вышыня: 190 м н. у. м.
Насельніцтва: 87 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222132[1]
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°22′32.7″ пн. ш. 28°22′42.0″ у. д. / 54.37575° пн. ш. 28.378333° у. д. / 54.37575; 28.378333Каардынаты: 54°22′32.7″ пн. ш. 28°22′42.0″ у. д. / 54.37575° пн. ш. 28.378333° у. д. / 54.37575; 28.378333
Крычына на мапе Беларусі ±
Крычына
Крычына
Крычына
Крычына
Крычына
Крычына

Гісторыя

рэдагаваць

Да сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя гэта было адно з найбольш значных і адметных пасяленьняў Барысаўшчыны.

Разьвіцьцю Крычына ў першай палове другога тысячагодзьдзя спрыяла тое, што яно знаходзілася каля пераправы празь Бярэзіну на шляху зь Менску на Лукомаль. Тут жа ў той час праходзіў і шлях зь Менску на Полацак. Найбольш старое пісьмовае сьведчаньне пра Крычына можа быць датавана каля 1510 годам. Аднак яго гісторыя больш старэйшая. Сьведчаньнем гэтаму можа быць гарадзішча, якое знаходзіцца каля Бярэзіны і мае ўзрост каля дзьвюх тысяч гадоў.

Сярод іншых тутэйшых пасяленьняў Крычына найперш вылучалася тым, што тут з даўніх часоў сяліліся татары. Пачатак гэтаму, верагодна, быў пакладзены пры Вітаўце ў ХVІ стагодзьдзі. Крычына практычна зьяўлялася цэнтрам татараў на Барысаўшчыне. Нямала захавалася пісьмовых сьведчаньняў пра іх ХVІ — пачатку ХVІІ стагодзьдзя. Самае старое зь іх датуецца каля 1510 годам. Найбольшая частка дакумэнтаў датычыцца 1580-х — 1590-х гадоў. На той час у Крычыне мелі зямлю і жылі харужы татарскі князь Мартуз Аліскевіч з жонкай Мамцэкавай Габілевіч, князі Асал Усейнавіч Айдарэўш, Абрагім Асанавіч (сын Мартуза Аліскевіча), Асан Казіміравіч з жонкай княжной Багданай Пятроўнай. Узгадваюцца ў тыя часы і тамтэйшыя татары Шабатал Абрагімавіч, Шабанаўна Мішцэкава Габылевіч, Нусьця Еніхаўна Шабанаўна і іншыя. Да зыходу з жыцьця ў 1642 годзе меў зямлю ў Крычыне харужы татарскі князь Самуел Абрагімавіч.

Аднак Крычына ў тыя часы не зьяўлялася выключна татарскім пасяленьнем. Так, у 1582 годзе тут жыў баярын Навіцкі, меў двор пан Ёсіф Тышкевіч. У 1642 годзе тут меў зямлю падкаморый аршанскі Адам Саковіч. На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў Крычына ўзгадваецца як сяло. Аднак пасьля вайны сярэдзіны XVII стагодзьдзя яго статус паменшыўся. Пра Крычына больш позьнія зьвесткі амаль не сустракаюцца. Татары тут працягваюць жыць, але іх абшчына ўжо не адыгрывае той ролі, як у былыя часы. Яшчэ да другой паловы 20-х — першай паловы 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя тут захоўваліся татарскія могілкі (найбольш старое пісьмовае сьведчаньне пра татарскія могілкі ў Крычыне датуецца 1642 годам), і яшчэ зусім нядаўна ў навакальлі вёскі быў курган, які называлі татарскім.

У Крычыне з даўніх часоў была каталіцкая абшчына, меўся касьцёл. Час яе заснаваньня невядомы. Прыпісана яна была да Зембіну. Скасавана крычынская абшчына была ў другой палове ХІХ стагодзьдзя.

У сярэдзіне — другой палове ХІХ стагодзьдзя ў Крычыне было ўсяго 8 гаспадарак, а магчыма і меней. Пазьней вёска расьце. У 1890 годзе тут было 17 гаспадарак. У 1908 годзе — ужо 32. У 20-х гадах тут жыло каля 85 чалавек. Цяпер жа тут пражывае каля 250 жыхароў.

Ня менш цікавую гісторыю мае Крычынскі маёнтак, які знаходзіцца недалёка ад вёскі на беразе Бярэзіны. Тут па сёньняшні час захаваўся адзін з найбольш старых і адметных паркаў на Барысаўшчыне.

Вядомы ён па пісьмовых крыніцах з 1582 году, аднак яго гісторыя, безумоўна, значна больш старая. Менавіта на яго тэрыторыі, дзе разьмешчаны так званыя «панскія могілкі», знаходзіцца гарадзішча. Раскопкі на гарадзішчы, як і на тэрыторыі маёнтку, наогул ніколі не праводзіліся. Дасьледавалася яно ў 1979 годзе.

На месцы маёнтка ў сярэднявеччы, у часы, калі яшчэ не існаваў Барысаў, верагодна, знаходзілася значнае стратэгічна важнае пасяленьне. Гэтаму шмат ускосных сьведчаньняў. І мусіць, не выпадкова, што ў адным з дакумэнтаў, які датуецца 1619 годам гэты маёнтак называецца ня інакш як Старое Сяло.

З дакумэнтаў канца XVI стагодзьдзя вынікае, што маёнтак разьмяшчаўся на левым беразе Бярэзіны, аб’ядноўваў землі абапал яе, а таксама сенажаці каля Гайны. Адносілася да маёнтку і вёска Касьцюкі. Гаспадарыў тут пан Ян Кураж, які знаходзіўся на дзяржаўнай службе. Мелася ў той час у маёнтку і пасада пісара, якую займаў пан Вайцахоўскі.

Напрыканцы XVI стагодзьдзя ў гэтым месцы зьдзяйсьняўся перавоз празь Бярэзіну ў бок Кіміі. Можна ўпэўнена казаць, што тамтэйшая пераправа празь Бярэзіну мае значна больш старажытную гісторыю, чым пераправа ў Барысаве.

У 1737 годзе маёнтак належыў панам Белановым. У ХІХ стагодзьдзі тут гаспадарылі Кукевічы. У прыватнасьці, у 1876 годзе ім валодаў дваранін Іван Ігнацьевіч Кукевіч, які атрымаў яго ў спадчыну ў 1865 годзе. Між іншым, у той час гэты маёнтак уваходзіў у лік шасьці найбуйнейшых прыватных маёнткаў, што знаходзіліся на Барысаўшчыне.

Апошні маёнтак каля Крычына меў вялікі аднапавярховы палац, двухпавярховы жылы будынак, канюшню і шэраг іншых гаспадарчых пабудоў. Меўся тут і драўляны мост празь Бярэзіну, празь які ішла дарога да панскага маёнтку ў Кіміі. Аднак мостам перасталі карыстацца яшчэ да Другой сусьветнай вайны, а будынкі маёнтку былі зьнішчаны партызанамі падчас яе. Да сёньняшняга часу акрамя парку захаваліся толькі падмуркі будынкаў, рэшткі вялікай студні і склеп панскага дома.

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2010 год — 87 жыхароў
  • 2008 год — 53 двары, 110 жыхароў[3]
  • 2001 год — 250 жыхароў
  • 1999 год — 115 жыхароў
  • 1908 год — 32 гаспадаркі
  • 1890 год — 17 гаспадарак

Інфармацыя для турыстаў

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Касьцёл
  • Капліца могілкавая
  1. ^ Алфавитный список улиц по Кричино — Белпошта (рас.)
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 66
  3. ^ Крычына // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 138

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць