Кораліна (мультфільм)
«Ко́раліна» (інш. пераклады: баўг. Кораліна і таямніца люстэрка, польск. Кораліна і таямнічыя дзьверы, рас. Кораліна ў краіне жахаў) — амэрыканскі лялечны 3-вымерны мультфільм 2009 году пра дзяўчыну, якая сьніць паралельны сьвет.
«Кораліна» | |
анг. Coraline | |
Тып мультфільму | лялечны |
---|---|
Жанр | жахлівік |
Рэжысэр | Генры Сэлік |
Аўтар сцэнару | Ніл Гейман |
Ролі агучвалі | Дакота Фэнінг і Тэры Хэчэр |
Кампазытар | Бруно Куле |
Аніматары | Трэвіс Найт і Трэй Томас |
Апэратар | Піт Казачык |
Гукаапэратар | Дыд'е Лізе |
Прадусэр | Біл Мэканік |
Студыя | «Лайка» (штат Арэгон) |
Краіна | ЗША |
Мова | ангельская |
Працягласьць | 100 хвілінаў |
Прэм’ера | 5 лютага 2009 (15 гадоў таму) |
Бюджэт | 60 млн $ |
Касавыя зборы | 124,6 млн $ |
Папярэдні | «Месяцовая дзяўчына» (2005) |
Афіцыйны сайт | |
Паводле клясыфікацыі фільму, прызначаўся для прагляду з 6 гадоў[1]. Стаў 3-м найбольш касавым лялечным мультфільмам у сьвеце.
Дзея
рэдагавацьКораліна Джоўнз выходзіць на шпацыр з Ружовага палацу, куды толькі пераехала з бацькамі. За ёй сочыць чорны кот, які выпадкова скідае камень на сьцежку з пагорка. Кораліна кідае камень назад і зьбягае ў лагчыну, пачуўшы каціны крык. Там яна сустракае чорнага ката, у якога пытае пра стары калодзеж. З пагорка на ровары зьяжджае Ўайборн Ловіт у масцы. Кораліна кажа, што пераехала з гораду Пантыяк у штаце Мічыган. Ўайборн расчышчае калодзеж, на якім яна стаяла. Ён дзівіцца, што ягоная бабуля, як уласьніца Ружовага палацу, здала кватэру ў ім сям’і зь дзіцём. Ўайборн раіць Кораліне насіць пальчаткі, бо тая трымае ў руках галінку атрутнага дуба, і зьяжджае на вокліч сваёй бабулі. На наступны дзень Кораліна кажа сваёй маці Мэле пра калодзеж. Мэла перадае Кораліне пакунак з падобнай да яе лялькай ад Ўайборна, якую той знайшоў у бабулі. Бацька дзяўчынкі Чарльз Джоўнз набірае артыкул пра садаводзтва на кампутары і прапануе Кораліне пакуль ідзе дождж падлічыць вокны ў 150-гадовым доме, у які яны пераехалі. У сваім пакоі яна знаходзіць заклееную шпалерамі дзьверцу, бо каля яе ляжала лялька. Маці адмыкае ключом дзьверцу, за якой цагляны мур. Увечары Кораліна адмаўляецца есьці прыгатаванае бацькам бацьвіньне мангольда і кладзецца спаць.
Караліна сьніць, што сьледуе за мышкай і знаходзіць за дзьверцай паралельны сьвет. У ім на карціне хлопец у сінім касьцюме есьці марозіва, а не раняе яго. На кухні іншая маці Бэлдама з гузікамі замест вачэй дастае з духоўкі курыцу і просіць Кораліну паклікаць на вячэру іншага бацьку, які грае на раялі ў майстэрні. Іншы бацька сьпявае песьню пра Кораліну. Пасьля вячэры з малочна-мангавым напоем іншыя бацькі праважаюць яе ў ложак. Бэлдама мажа брудам яе далонь, параненую атрутным дубам. Кораліна прачынаецца бяз ранкі на далоні і распавядае бацькам пра сон. На параду маці яна спускаецца да суседак-акторак, але па дарозе завітвае да расейскага акрабата Сяргея Бабінскага. Яна заносіць яму сыр, які той заказаў поштай для свайго мышынага цырка. Пры разьвітаньні Бабінскі дае ёй бурак для сілы, але Кораліна яго выкідае. Таксама Бабінскі перадае ад сваіх мышэй: «Не хадзі празь дзьверцу». У падвальнай кватэры Кораліну сустрэла былая акторка Эпрыла Сьпінк з 3-ма чорнымі сабакамі. Яе каляжанка Мірыям Форсібл падала Кораліне язьмінавы ўзвар. Па заварцы ў кубку Эпрыла наваражыла «пагрозу», а Мірыям — «высокага прыгажуна», бо паглядзела дагары нагамі. Як Эпрыла сказала, што «жырафы ня звальваюцца зь неба», са столі ўпала міска са слодычамі. У двары Ўайборн распавёў Кораліне, што перададзеная ім лялька старэйшая за яго бабулю. Ён дадаў, што бабуліна сястра-двайнятка зьнікла ў Ружовым палацы, таму ён ніколі ў ім ня быў.
Перад сном Кораліна пакінула сыр каля дзьвярэй пакоя. У сьне яна бяжыць церазь дзьверцу за 3-ма мышанятамі з сырам. Бэлдама накіроўвае Кораліну паклікаць іншага бацьку ў садзе. Там яе казычуць кветкі львінага зеву, якія іншы бацька зразае ў букет, едучы на мэханічным коніку. Пасьля вячэры Кораліна разам зь нямым іншым Ўайборнам ідзе да Бабінскага. Той паказвае ў сваім пакаёвым цырку нумар з мышыным аркестрам, прысьвечаны Кораліне. Прачнуўшыся, Кораліна распавядае сон бацькам падчас паездкі ў рэдакцыю для здачы каталёга. Паездка прыпала на Прэзыдэнцкі дзень, які сьвяткуюць у 3-і панядзелак лютага, таму маці павезла Кораліну ў краму на распродаж школьнай формы. Мэла набыла ёй шэрую форму замест яркіх пальчатак, пра якія Кораліна прасіла. Таксама Мэла патлумачыла, што замкнула дзьверцу, бо знайшла каля яе мышыны памёт. Урэшце маці пакідае Кораліну дома і зьяжджае ў харчовую краму. Кораліна адшуквае ключ ад дзьверцы на кухні і ўваходзіць у яе. Чорны кот заўважае адкрыцьцё дзьверцы праз вакно. Па ўваходзе Кораліна бачыць на кухонным стале пірожныя і знаходзіць у скрынцы вопратку і сінія чаравікі ў падарунак ад іншай маці. Знадворку Кораліна сустракае чорнага ката, які кажа, што не зьяўляецца іншым. Яна сумняецца, хоць бачыць адсутнасьць гузікаў замест вачэй. Тады кот нагадвае яе абразу наконт «слабой коткі», за якую Кораліна просіць прабачэньня. Кот згадвае, што гуляе з Бэлдамай, якая ненавідзіць катоў і праганяе яго, хоць той вяртаецца, як пажадае. У падвальнай кватэры Кораліна трапляе ў канцэртную залю з сабакамі. На 1-м шэрагу яна займае месца поруч зь іншым Ўайборнам.
На сцэне іншыя акторкі Эпрыла і Мірыям у паўаголеным выглядзе граюць ролі марскіх сырэнаў. Дэкарацыі ламаюцца і тыя падаюць. Перад занавесай іншыя акторкі здымаюць касьцюмы састарэлых і выглядаюць, як тыя ў маладосьці. У ходзе акрабатычнага паказу яны падхопліваюць Кораліну. Пры канцы выступу іншы Ўайборн адорвае яе ружай. У доме Бэлдама прапануе Кораліне застацца назаўжды, для чаго просіць пракалоць сабе вочы іголкай і начапіць на іх гузікі. Кораліна адмаўляецца і замыкаецца ў сваёй спальні. Пазьней яна спускаецца на 1-ы паверх, дзе знаходзіць іншага бацьку. У садзе яе сустракае кот, які паказвае малы памер паралельнага сьвету празь вяртаньне дадому шляхам аддаленьня. Перад домам кот забівае пацука, які дзьмуў у трубу на знак трывогі. У доме Кораліна кажа Бэлдаме, што тая — не яе маці. Тая пераўтвараецца ў высокую ведзьму і кідае яе церазь люстэрка ў пакой з 3-ма прывідамі дзяцей. Прывіды распавядаюць пра сачэньне ведзьмы празь ляльку і заманьваньне пры дапамозе прысмакаў і гульняў. Яны просяць знайсьці іх вочы, каб вызваліць іх душы. Іншы Ўайборн выцягвае Кораліну назад празь люстэрка. Тая здымае зь яго прышытую ўсьмешку. Ён выводзіць Кораліну да дзьверкі.
На кухні Кораліна знаходзіць сапсаваную ежу ў крамным пакунку. У дзьверы звоніць Ўайборн, які просіць вярнуць бабуліну ляльку. Кораліна прыводзіць яго ў свой пакой да дзьверкі і кажа, што бачыла там сястру ягонай бабулі. Яна баіць пра паралельны сьвет, за што Ўайборн называе яе шалёнай і зьбягае. У двары яна знаходзіць бацькоўскі аўтамабіль і смартфон, але не датэлефаноўваецца да іх. У кватэры былых акторак Эпрыла нашывае крылы на старога сабаку Ангуса. Мірыям прыносіць цукеркі 1921 году. Эпрыла раструшчвае цукеркі і дастае зь міскі бірульку зь дзіркай для адшуканьня згубленых рэчаў. Дома ў ложку Кораліну будзіць чорны кот, які прыводзіць яе да люстэрка. Кораліна бачыць просьбу бацькоў аб дапамозе ў люстэрку і разьбівае яго. З-пад ложка кот дастаў 2-баковую ляльку яе бацькоў, якую Кораліна спальвае ў коміне. Па дарозе ў паралельны сьвет кот раіць ёй прапанаваць ведзьме гульню. Кораліна прапануе пошукавую гульню, каб знайсьці бацькоў і вочы прывідаў дзяцей. У якасьці падказкі ведзьма кажа, што схавала ў 3-х цудах вочы прывідаў. У садзе Кораліна бароніцца нажніцамі ад драпежных кветак і здабывае вока ад іншага бацькі пасьля таго, як заўважае тое празь бірульку. У падвальнай кватэры Кораліна бачыць сабака-кажаноў на столі. Пры дапамозе бірулькі заўважае наступнае вока, якое трымаюць рукі ўнутры абгорткі. Кораліна дастае зь іх вока, але акторкі выскокваюць на яе. Кораліна ратуецца, кінуўшы ліхтарык на сабакаў-кажаноў, і тыя счэпліваюцца з акторкамі. У кватэры Бабінскага яна трапляе на пацукоў, у аднаго зь якіх беспасьпяхова шпурляе бірулькай. Знадворку зьяўляецца чорны кот з забітым пацуком і 3-м вокам прывіда. Кораліна забягае ў дом з катом у сумцы, бо звонку паралельны сьвет разбураецца, як толькі яна бярэ 3-е вока. У спальні ведзьма выкідае бірульку ў комін. Кораліна кажа, што яе бацькі за дзьверцай, якую ведзьма адмыкае. Адначасна дзяўчына бачыць бацькоў у калядным шары над комінам, куды заскоквае кот. Яна кідае на ведзьму ката, які выдзірае гузікі зь яе твару і ўцякае ў дзьверцу. Кораліна з дапамогай прывідаў замыкае дзьверцу за сабой, але абламвае мэталічную далонь ведзьмы.
Бацькі вяртаюцца дамоў з намерам сьвяткаваць садовы каталёг. Перад сном маці пакідае пакунак з пальчаткамі на ложку Кораліны. У сьне прывіды кажуць пра пагрозу праз ключ. Кораліна прачынаецца і выходзіць на вуліцу. Празь дзьверцу прадзіраецца мэталічная далонь ведзьмы. Кораліна дастае ключ над калодзежам, але мэталічная далонь выскоквае на яе. Ўайборн скідае далонь убок, але ледзь ня звальваецца зь ёй калодзеж. Кораліна і Ўайборн разам адольваюць ведзьміну далонь ды скідаюць ключ у калодзеж. Кораліна запрашае Ўайборна і яго бабулю на пачастунак у наступны дзень. Зранку Кораліна частуе ліманадам усіх жыхароў Ружовага палаца, якія займаюцца тульпанамі ў садзе, і знаёміцца з бабуляй Ўайборна[2].
Агучка
рэдагаваць- Кораліна Джоўнз, дзяўчына зь Мічыгану — Дакота Фэнінг;
- Мэла Джоўнз, маці Кораліны — Тэры Хэчэр;
- Іншая маці Бэлдама, ведзьма — Тэры Хэчэр;
- Эпрыла Сьпінк, былая акторка — Джэніфэр Сондэрз;
- Мірыям Форсібл, былая акторка — Дона Фрэнч;
- Чорны кот — Кіт Дэвід;
- Чарльз Джоўнз, бацька Кораліны — Джон Ходжмэн;
- Іншы бацька — Джон Ходжмэн;
- Ўайборн Ловат, унук гаспадыні Ружовага палацу — Робэрт Бэйлі;
- Сяргей Аляксандар Бабінскі, уласьнік мышынага цырку — Ян Макшэйн;
- Дзяўчына-прывід, сястра гаспадыні Ружовага палацу — Анка Ніл;
- Хлопец-прывід — Джордж Сэлік;
- Высокая дзяўчына-прывід — Ганна Кайзэр;
- Сябры на здымку зь Мічыгану — Гары Сэлік і Марына Будоўская;
- Грузчык — Джэром Ранфт;
- Спадарыня Ловат, бабуля Ўайборна — Караліна Кроўфард.
Беларускі пераклад
рэдагаваць8 лютага 2017 году перакладніца Дар'я Вашкевіч прадставіла кнігу Ніла Геймана «Кораліна» на 24-й Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая адбылася ў «БелЭкспа»[3].
Відэагульня
рэдагаваць27 студзеня 2009 году, за тыдзень да паказу мульфільма, японскае выдавецтва «Д3» выпусьціла гульню «Кораліна» на японскіх відэапрыстаўках «Плэй Стэйшн 2», «Ўіі» і «Нінтэнда ДС»[4].
Узнагароды
рэдагаваць14 сьнежня 2009 году Кола кінакрытыкаў Сан-Францыскага заліву (штат Каліфорнія) ўручыла стваральнікам «Кораліны» ўзнагароду за найлепшы мультфільм. У 2009 годзе Амэрыканскі кінаінстытут (Лос-Анджэлес) улучыў мультфільм «Кораліна» ў 10-ку найлепшых фільмаў году. Брытанская акадэмія кіно і тэлевізійных мастацтваў (БАКТМ) прысудзіла мульфільму ўзнагароду за лепшы мастацкі фільм для дзяцей. 6 лютага 2010 году Лос-Анджэлескае аддзяленьне Міжнароднага аб'яднаньня анімацыйных фільмаў (Францыя) уручыла францускаму кампазытару Бруно Куле амэрыканскую ўзнагароду «Ані» за найлепшую музыку ў мультфільме «Кораліна», а дызайнэрам Шэйн Прыгмор і Шэнану Тындлу — за лепшы дызайн пэрсанажаў, Крыстафэру Апэльгансу і Тадахіру Ўэсугу — за найлепшы дызайн пастаноўкі. У 2010 годзе Міжнароднае аб’яднаньне анімацыйных фільмаў (МААФ) уручыла рэжысэру Генры Сэліку ўзнагароду за найлепшы мастацкі фільм на Ансійскім міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў (АМФАФ). 27 лютага 2010 году Кінэматаграфічнае аўдыётаварыства ўзнагародзіла Гэнры Сэліка за дасягненьне ў жыцьці, а дызайнэра гуку Рэндэла Тома — за дасягненьне ў кар’еры.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сяргей Календа. Балтыйскія шкарпэткі // Партал «Вулей», 7 лістапада 2019 г. Праверана 7 сьнежня 2020 г.
- ^ Генры Сэлік. Поўны фільм «Кораліна» (2009) 1080п (анг.) // «Пераматай мяне ТБ», 19 ліпеня 2020 г. Праверана 7 сьнежня 2020 г.
- ^ Алег Грушэцкі. Што цікавага на Міжнароднай выставе-кірмашы // Газэта «Новы час», 8 лютага 2017 г. Праверана 7 сьнежня 2020 г.
- ^ Відэагульня «Кораліна» на «Плэй Стэйшн 2» (анг.) // Інтэрнэт-крама «Амазон» (ЗША), 2020 г. Праверана 7 сьнежня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Фільм «Кораліна» // Партал «Кукумба», 2020 г. Праверана 7 сьнежня 2020 г.
- Бруно Куле. Поўная гукавая дарожка «Кораліны» (анг.) // «Гукавыя дарожкі па парадку», 31 кастрычніка 2019 г. Праверана 7 сьнежня 2020 г.