Канстанцін Герчык
Канстанцін Васілевіч Герчык (1918, Сорагі, цяпер Слуцкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 2001, Масква, Расея) — савецкі вайскавод.
Канстанцін Герчык | |||||||
27 верасьня 1918 — 28 чэрвеня 2001 | |||||||
Месца нараджэньня | Сорагі, Слуцкі павет, Менская губэрня, Беларуская Народная Рэспубліка | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца сьмерці | Масква, Расея | ||||||
Прыналежнасьць | Савецкі Саюз | ||||||
Род войскаў | Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня СССР | ||||||
Гады службы | 1938—1979 | ||||||
Званьне | генэрал-палкоўнік (1976) | ||||||
Камандаваў | касмадромам Байканур (1958—1960) | ||||||
Узнагароды | |
2-ы начальнік касмадрома Байканур (1958—1960) у Казаскай ССР. Браў удзел у запуску 1-га штучнага спадарожніка Зямлі і касьмічных караблёў. 24 кастрычніка 1960 годзе атрымаў цяжкія апёкі падчас выпрабаваньня балістычнай ракеты на касмадроме. У выніку здарэньня 74 чалавекі загінулі на месцы разам з галоўнакамандуючым Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня СССР Мітрафанам Нядзеліным. Кавалер 2-х ордэнаў Леніна і ляўрэат Ленінскай прэміі. Стрыечны брат Даніл Герчык распрацоўваў крылатыя ракеты марскога базаваньня ў канструктарскім бюро акадэміка Чаламея ў падмаскоўным Рэўтаве[1].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1938 годзе пачаў службу ў Чырвонай арміі. Паступіў у 2-ю Ленінградзкую артылерыйскую вучэльню, якую скончыў у 1940 годзе. Падчас Нямецка-савецкай вайны служыў на Заходнім, Бранскім, Цэнтральным, 1-м і 4-м Украінскіх франтах. Займаў пасады камандзіра ўзводу, батарэі і дывізіёну, начальніка штабу 19-га артылерыйскага палка і 135-й гарматнай артылерыйскай брыгады. Браў удзел у баях пад Бабруйскам (Беларуская ССР), Рославам (Смаленская вобласьць), Бранскам (Расейская СФСР), Яльцом (Ліпецкая вобласьць), Варонежам, Курскам, Львовам (Украінская ССР) і Прагай (Чэхаславаччына). У 1950 годзе скончыў Артылерыйскую акадэмію імя Фэлікса Дзяржынскага ў Маскве[2], дзе стаў выкладаць тактыку артылерыі. Затым заняў пасаду намесьніка артылерыйскай вучэльні.
У 1954 годзе стаў камандзірам 80-й брыгады асаблівага прызначэньня ў Белакаровічах Корасьценскага раёну (Жытомірская вобласьць, Украінская ССР). У 1957 годзе заняў пасаду начальніка штабу 5-га навукова-дасьледчага палігона-касмадома Байканур (в/ч 11284, Кызылардзінская вобласьць, Казаская ССР). Загадваў увядзеньнем у дзеяньне пускавых установак і правядзеньнем лётных выпрабаваньняў першых міжкантынэнтальных ракетаў. 2 чэрвеня 1958 году стаў кіраўніком касмадрому[2]. 8 траўня 1960 году атрымаў годнасьць генэрал-маёра. 24 кастрычніка 1960 году атрымаў моцныя апёкі падчас выбуху балістычнай ракеты Р-16 на 41-й пляцоўцы касмадрому. У выніку здарэньня 74 чалавекі загінулі на месцы разам з галоўнакамандуючым Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня СССР (РВСП) Мітрафанам Нядзеліным.
У 1961 годзе стаў начальнікам Цэнтральнага каманднага пункту РВСП СССР і намесьнікам начальніка Галоўнага штабу РВСП у баявым кіраваньні. У 1963 годзе стаў начальнікам штабу ракетнай арміі. У 1968 годзе атрымаў годнасьць генэрал-лейтэнанта і скончыў Найвышэйшыя афіцэрскія курсы пры Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў СССР у Маскве з годнасьцю кандыдата ваенных навук. У 1972 годзе заняў пасаду камандуючага Смаленскай ракетнай арміяй (Расейская СФСР). У 1975—1980 гадох быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР[2]. Пасьля сыходу ў запас у 1979 годзе перайшоў на працу ў Навукова-дасьледчы інстытут аўтаматычнай апаратуры ў Маскве пры Акадэміі навук СССР. Ад 1991 году быў старшынёй Міжрэгіянальнай рады вэтэранаў касмадрому Байканур. У 1994 годзе выдаў кнігу ўспамінаў «Прарыў у космас».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Тацьцяна Лазоўская. «Слуцкі сьлед» у космасе // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2014. — № 63 (27673). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Герчык Канстанцін Васілевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 202. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |