Апёк
Апёк — пашкоджаньне тканак арганізму, выкліканае ўзьдзеяньнем высокай тэмпэратуры або ўзьдзеяньнем некаторых хімічных рэчываў (лугам, кісладзю, солямі цяжкіх мэталаў і іншае).
Адрозьніваюць 4 ступені апёкаў: пачырваненьне скуры, утварэньне пузыроў, амярцьвеньне ўсіх слаёў скуры, абвугліваньне тканак. Ступень апёку вызначаецца велічынёй плошчы і глыбінёй пашкоджаньня тканак. Чым большую плошчу ён займае і чым глыбейшае пашкоджаньне тканак, тым цяжэйшы стан апёку. Першая дапамога пры апёках — спыненьне ўзьдзеяньня зьнешніх фактараў і апрацоўка раны.
Асаблівая форма апёкаў — прамянёвыя апёкі (сонечныя, рэнтгенаўскія і іншыя) і ўдар электрычнасьці.
Беларусь
рэдагавацьУ 1948 годзе на прапанову прафэсара Ўладзімера Бабука ў хірургічным аддзяленьні 3-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску вылучылі 6 апёкавых ложкаў. У 1958 годзе лік ложкаў павялічылі да 20 пад кіраўніцтвам прафэсара А.С. Раўнова. 11 сакавіка 1968 году ў Беларусі адчынілі першае апёкавае аддзяленьне на 40 ложкаў, якое месьцілася ў хірургічнай клініцы 3-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску. 19 ліпеня 1968 году Міністэрства аховы здароўя Беларускай ССР ухваліла Загад № 81 аб пераўтварэньні апёкавага аддзяленьня ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар (Кастрычніцкі раён, вул. Кіжаватава, д. 58), які ўзначаліў прафэсар Цімафей Гніларыбаў. У 2005 годзе ўпершыню ўвялі пасаду камбустыёляга-хірурга, які лечыць апёкі, што патрабуюць плястычнага закрыцьця, а таксама атрыманыя ад іх дэфармацыі, кантрактуры і рубцы. За 2020 год з апёкамі ў лякарні Беларусі зьвярнулася каля 30 000 чалавек, зь іх каля 6000 пацярпелых прайшлі стацыянарнае лячэньне ў апёкавых аддзяленьнях. Пры гэтым, ў рэанімацыйныя аддзяленьні паступіла прыкладна 400 чалавек, зь якіх 1/3 складалі дзеці. Дарослыя часьцей атрымлівалі апёкі агнём і гарачай вадкасьцю, а дзеці — гарачай вадкасьцю, асабліва ў веку да 5 гадоў. На 2021 год у Беларусі налічвалася 50 камбустыёлягаў, якія працавалі ў абласных апёкавых аддзяленьнях і Рэспубліканскім апёкавым цэнтры. Асноўнай прычынай атрыманьня апёку было парушэньне правілаў бясьпекі[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Марыя Дадалка. «Камбустыялёгія патрабуе трапяткога стаўленьня да пацыента» // Зьвязда : газэта. — 17 лістапада 2021. — № 222 (29591). — С. 1, 8. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |