Фрэнсіс Дрэйк

(Перанакіравана з «Фрэнсыс Дрэйк»)

Сэр Фрэнсіс Дрэйк (па-ангельску: Francis Drake; 1540 — 28 студзеня 1596) — ангельскі мараплавец і карсар часоў Лізаветы I. Першы ангелец, які зьдзейсьніў кругасьветнае падарожжа (у 1577—1580 г.).

Сэр Фрэнсіс Дрэйк
па-ангельску: Francis Drake
Род дзейнасьці мараплавец і карсар
Дата нараджэньня люты — сакавік 1540
Месца нараджэньня Дэўрон, Ангельшчына
Дата сьмерці 28 студзеня 1596
Месца сьмерці Панама
Прычына сьмерці дызэнтэрыя[d]
Занятак падарожнік-дасьледнік, марак, вайсковец, капёр, палітык, інжынэр
Бацька Edmund Drake[d][1]
Маці Mary Mylwaye[d][2]
Узнагароды
рыцар-бакаляўр
Подпіс Выява аўтографу

Фрэнсіс Дрэйк нарадзіўся ў графстве Дэўрон ў сям’і фэрмэра (бацька — Эдмунд Дрэйк), які пазьней стаў сьвятаром. Наагул у сям’і Дрэйкаў было дванаццаць дзяцей, Фрэнсіс быў старэйшым. У 1549 сям’я Дрэйка перабралася ў Кент. З 13 гадоў стаў мараком, быў намесьнікам капітана, а ў 20 гадоў прыняў камандаваньне караблём. Першыя плаваньні — у Паўночным моры.

У 1567 выправіўся ў плаваньне ў Гвінэю і Вэст-Індыю, камандуючы караблём у нявольніцкагандлёвай экспэдыцыі свайго сваяка Джона Хокінса. Падчас гэтай экспэдыцыі на караблі ангельцаў напалі гішпанцы, і вялікая частка ангельскіх суднаў была патопленая. Паводле розных зьвестак ацалела ад аднаго (карабель Дрэйка) да трох караблёў.

У 1572 выправіўся ва ўласную экспэдыцыю ў Гішпанскія ўладаньні ў Вэст-Індыі, захапіў места Номбрэ-дэ-Дыас на Панамскім пярэсмыку, захапіў караблі ў гавані Картахены, спаліў Партабэла. Падчас гэтага рэйду Дрэйк некалькі разоў перасёк па сушы Панамскі пярэсмык і захапіў гішпанскі «Срэбны караван» (каля 30 тонаў срэбра). 9 жніўня 1573 Дрэйк вярнуўся ў Плімут знакамітым.

У 1577 Дрэйк быў пасланы каралевай Лізаветай у экспэдыцыю да ціхаакіянскага ўзьбярэжжа Амэрыкі. Афіцыйнай мэтай падарожжа было адкрыцьцё новых земляў, у прыватнасьці Аўстраліі. Фрэнсіс выправіўся ў гэтае падарожжа на 100-тонавым флягмане «Пелікан», які суправаджалі яшчэ 4 караблі. Не заходзячы ў Магеланавы праліў, Дрэйк першым абышоў Вогненую Зямлю, тым самым высьветліўшы, што яна не зьяўляецца часткай гіпатэтычнага паўднёвага кантынэнта. Шырокая пратока паміж Вогненай Зямлёй і Антарктыдай зараз носіць ягонае імя. Пасьля таго, як флягман «Пелікан» — адзіны з усіх караблёў — «прабіўся» да Ціхага акіяну, ён быў пераназваны ў «Залатую лань». Дрэйк прайшоўся ўздоўж ціхаакіянскага ўзьбярэжжа, атакуючы гішпанскія парты, як то Вальпараіса, і дасьледаваў узьбярэжжа паўночней гішпанскіх калёніяў, прыблізна да сучаснага Ванкувэра. 17 чэрвеня 1579 Дрэйк высадзіўся, як мяркуецца, у раёне Сан-Францыска (па іншых дадзеных, у сучасным Арэгоне) і абвесьціў гэты бераг ангельскім уладаньнем («Новы альбіён»). Пасьля папаўненьня запасаў харчу і рамонту, Дрэйк перасёк Ціхі акіян і выйшаў да Малуцкіх абтокаў. Абыйшоўшы Афрыку, Дрэйк вярнуўся ў Ангельшчыну ў верасьні 1580. За гэтую экспэдыцыю Дрэйк быў уганараваны рыцарскім званьнем. Разграміў гішпанскі флёт («Непераможную Армаду») у Гравэлінскай бітве 1588. Памёр ад крываўкі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Фрэнсіс Дрэйксховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ Lundy D. R. Sir Francis Drake // The Peerage (анг.)
  2. ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.