Кальварыя (прадмесьце)

прадмесьце ў Менску

Кальварыя, Кальварыйскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы места, уздоўж шляху да Кальварыйскіх могілак і вакол іх. Архітэктурнай дамінантай мясцовасьці быў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, які захаваўся да нашага часу.

Кальварыйскае прадмесьце, удалечыні брама Кальварыйскіх могілак

На захад ад Кальварыі пачынаюцца Цівалі, на поўнач — Міхалянка, на ўсход — Татарская Слабада, на поўдзень — Тучынка[1][2].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Прадмесьце Кальварыя, 1917 р.

У XVIII ст. на ўзгорку, што разьмяшчаўся на Ракаўскім гасьцінцы (раён цяперашняй вуліцы Кальварыйскай), адкрыліся каталіцкія могілкі. Назва могілак паходзіць з лацінскай мовы і перакладаецца, як чэрап, лысая гара, што для хрысьціянаў разумецца як Галгофа[3].

 
Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, сучасны стан

Ужо ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў на гэтых могілках існаваў драўляны касьцёл з «высокімі вежамі», які ў 1830 року разабралі з прычыны старасьці[4]. У 1830 року менскі гісторык і зьбіральнік даўніны Юры Кабылянскі збудаваў могілкавую ўваходную браму. У верхняй яе частцы знаходзіцца надпіс на польскай мове, зь якога відаць, што пад адной з масіўных апораў спачыла жонка гісторыка — Юзэфа. У 1839 року на могілках збудавалі капліцу (цяпер гэта касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа), у якой пахавалі вядомага мастака Яна Дамеля. За алтаром капліцы знаходзілася велічная фрэска — выява гары Ерусалалімскай Кальварыі, крыжовай Галгофы. «У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалачонай раме вобраз Хрыста, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля», — пісаў у сваім гістарычна-краязнаўчым нарысе «Менск» паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч)[5].

Паводле сьведчаньняў падарожніка Паўла Шпілеўскага, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. могілкі атачаў «арэхавы лес, багаты на грыбы і ягады»[6]. У «Сьпісе домаўладальнікаў… м. Менску», які датычыцца 1866—1867 рокаў, упамінаецца «Кальварыя (урочышча) — 6 дамоў»[4].

У зьвязку з ростам места ў пачатку XX ст. Кальварыя ўвайшла ў склад Менску, у пятую паліцэйскую частку. Гэтую ж назву атрымала навакольнае прадмесьце, празь якое праходзіла Кальварыйская вуліца[7].

За часамі БССР камуністы перайменавалі Кальварыйскую вуліцу ў гонар Апанскага — савецкага чэкіста, які ўвайшоў у гісторыю як змагар супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1993 року вуліцы Апанскага вярнулі гістарычную назву[8].

На паседжаньні 6 траўня 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. Кальварыйская — праезд Кальварыйскі — могілкі «Кальварыя» назвы «Кальварыйскі»[9].

На Кальварыйскіх могілках да нашага часу зьбераглася мураваная брама, помнік архітэктуры клясыцызму, выкананая ў характэрнай традыцыі тутэйшага дойлідзтва, а таксама нэагатычны Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Пра прадмесьце напамінюаць Кальварыйская вуліца, Кальварыйскі праезд і Кальварыйскі сквэр.

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 231.
  4. ^ а б в Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  5. ^ Лакотка А. Кальварыя // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 548.
  6. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  7. ^ Сацукевіч І.. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008
  8. ^ Бондаренко В. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы, Менск стары і новы»
  9. ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 траўня 2009.
  10. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1](недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць