Заходнепалеская школа дойлідзтва

архітэктурны стыль

Заходнепалеская школа дойлідзтва сфармавалася, як і ўсходнепалеская (прыпяцкая) школа, у XVII—XVIII стагодзьдзях у драўляным грамадзянскім і культавым дойлідзтве Беларускага Палесься, і разьвівалася да пачатку XX стагодзьдзя. Склалася ў межах сучаснай Берасьцейскай вобласьці паміж Берасьцем і Пінскам. Для школы характэрныя сувязі з дойлідзтвам Украіны (Валынь, Букавіна), Летувы й Польшчы.

Народнае жыльлё рэдагаваць

Народнае жыльлё гэтай зоны вылучаецца своеасаблівасьцю канструкцыі, плянаваньня, арґанізацыі панадворку, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гаспадарчых пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гаспадарчых збудаваньнях была пашыраная слупавая канструкцыя плеценых з лазы сьцен. Шырока бытавалі чатырохсхільныя стрэхі й паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрная каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазьней — на кроквах. Своеасаблівасьць плянаваньня трохкамэрнага жыльля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клецьцю, а з варыўняй. Найбольш пашыраны былі пагонныя двары.

Культавае дойлідзтва рэдагаваць

 
Сьвята-Мікіцкая царква ў Зьдзітаве

Цэрквы рэдагаваць

У культавым дойлідзтве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазыцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы абʼядноўвалі агульным плястычным ґонтавым дахам, як, напрыклад, у зьдзітаўскай Мікітаўскай царкве, Вавуліцкай царкве Раства Багародзіцы й інш. Будавалі таксама цэрквы зь невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы, як у Олтускай Спаскай царкве, храмы зь вежамі-званіцамі на галоўным фасадзе, як у Альбінскай Юр’еўскай царквы, крыжовыя зь перавагай у кампазыцыі падоўжнай восі, як у Чарнаўчыцкай царкве Параскевы Пятніцы.

 
Званіца ў Чэрску

Званіцы рэдагаваць

Асноўныя тыпы званіц — слупавыя (званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна), каркасныя (званіца ў в. Хмелева Жабінкаўскага раёна) і ярусныя зрубна-каркасныя (званіца ў Чэрску).