Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы (Опаль)

Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы
Пятніцкая царква, аўтэнтычны выгляд
Пятніцкая царква, аўтэнтычны выгляд
Краіна Беларусь
Вёска Опаль
Каардынаты 52°19′06.20″ пн. ш. 25°24′07.10″ у. д. / 52.318389° пн. ш. 25.401972° у. д. / 52.318389; 25.401972Каардынаты: 52°19′06.20″ пн. ш. 25°24′07.10″ у. д. / 52.318389° пн. ш. 25.401972° у. д. / 52.318389; 25.401972
Канфэсія Беларускі экзархат
Эпархія Пінская япархія 
Архітэктурны стыль народнае дойлідзтва Беларусі[d] і заходнепалеская школа дойлідзтва
Дата заснаваньня 1796
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы на мапе Беларусі
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы на Вікісховішчы

Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Опалі. Тэрытарыяльна знаходзіцца ў суседняй вёсцы Лядавічах. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Царква і школа, 1934 г.

Царкву ў Опалі збудавалі ў 1796 годзе з дрэва. Па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату).

 
Царква па надбудове купалоў-цыбулінаў

У 2000-я гады ў выніку рэканструкцыі замест купала-бані з гістарычным каваным 4-канцовым крыжам над царквой паставілі маскоўскі пазалочаны купал-цыбуліну з сучасным 8-канцовым маскоўскім крыжам. Уласьцівую сакральнаму дойлідзтву Беларусі вэртыкальную шалёўку зьмянілі на гарызантальную (з сайдынгу), больш уласьцівую цэрквам Расеі. Перад царквой збудавалі званіцу ў стылі дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы, якая не адпавядае архітэктурнаму абліччу помніка.

Архітэктура

рэдагаваць

Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока. Гэта прастакутная ў пляне 3-нэфавая базыліка з зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтральны, вышэйшы за бакавыя, нэф завяршаецца 2-схільным дахам. Сьцены вэртыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваныя брусамі-лапаткамі, вокны прастакутныя і паўцыркульныя (у цэнтральным нэфе). Спачатку над галоўным фасадам узвышаліся дзьве вежы абапал трыкутнага франтона. Пры перабудове вежы разабралі, фасад аформлі 8-калённым портыкам (пазьней калёны схавалі пад шалёўкай тамбуру).

Унутраная прастора падзяляецца чатырма слупамі на нэфы. Хоры на двух слупах пераходзяць уздоўж бакавых сьценаў цэнтральнага нэфа ў кансольна-бэлечныя балюстрадныя галерэі. Апсыда вылучаецца створаным у 1830-я гады 3-ярусным іканастасам, пакрытым арнамэнтальнай разьбой; царскія вароты маюць выгляд контражурнай скразной разьбы на матыў вінаграднай лазы з гронкамі, сярод спляценьняў якіх разьмяшчаюцца 6 таблетак-клеймаў з выявамі 4 эвангелістаў і абразом «Зьвеставаньне». Мастацкую каштоўнасьць мае драўляная скульптура мяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў «Укрыжаваньне», абразы таго ж часу «Спас Пантакратар», «Сьвяты Панцеляймон», «Маці Божая Замілаваньне»[1].

  1. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.

Літаратура

рэдагаваць
  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000278