Узда — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., і пірамідальная капліца-пахавальня колішніх уладальнікаў паселішча паноў Завішаў.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Ўзду як двор Корсакаў у Менскім павеце датуецца 1450 годам. У 2-й палове XV ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У розны час Узда знаходзілася ў валоданьні Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У канцы ХV ст. Кавячынскія збудавалі тут кальвінскі эбор.

У 1572 годзе ўва Ўзьдзе знаходзіўся Сымон Будны ў зьвязку з выданьнем Бібліі[1]. У 1684 годзе па вяртаньні ў каталіцтва Кавячынскія заснавалі ў мястэчку парафію, набажэнствы праходзілі ў капліцы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Рынак. Касьцёл, 1918 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Узда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні. У канцы ХVІІІ ст. мясьціна перайшла да роду Завішаў. У 1798 годзе Казімер Завіша збудаваў касьцёл, таксама дзейнічала царква.

У 1829—1830 гадох ува Ўзьдзе працавалі друкарня Э. Прэса, школа, 4 пачатковыя навучальныя ўстановы, бровар, млын, аптэка, пошта, 30 крамаў, нядзельны кірмаш. На 1886 год — народная вучэльня, валасная ўправа, школа, бровары, суконная фабрыка, 2 млыны, 24 крамы; дзейнічалі царква, касьцёл, сынагога, мячэт, 3 малітоўныя дамы. У 1906—1909 гадох у мястэчку дзейнічала правінцыйнае кола польскага таварыства «Асьвета», якое займалася падтрымкай адукацыі на польскай мове[2].

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Узда абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Ігуменскі павет («падраён») Менскага раёну[3]. 17 ліпеня 1924 году Ўзда стала цэнтрам раёну (з 25 сьнежня 1962 да 30 ліпеня 1966 году ў Койданаўскім раёне). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

10 сакавіка 1999 году Ўзда атрымала статус места.

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 685.
  2. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 34-37.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць