Вячаслаў Адамовіч (малодшы)
Вячасла́ў Вячасла́вавіч Адамо́віч (1890, Ашмянскі павет — пасьля 1939) — беларускі палітычны дзяяч, вайсковец; псэўданім: Язэп Дзяргач. Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча.
Вячаслаў Адамовіч | |
Род дзейнасьці | палітычны дзяяч, выдавец |
---|---|
Дата нараджэньня | 1890 |
Месца нараджэньня | Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | XX стагодзьдзе |
Месца вучобы | |
Занятак | палітык, вайсковец, выдавец |
Месца працы |
|
Сябра ў | Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва[d], Беларуская вайсковая камісія і Беларускі палітычны камітэт |
Бацька | Вячаслаў Адамовіч (старэйшы) |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Адамовіч.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў 1890 годзе ў Ашмянскім павеце (подле іншых зьвестак — у Коўне). Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча. Скончыў Ковенскую мужчынскую казённую гімназію і камэрцыйную вучэльню, у 1914 годзе — гідратэхнічныя і агранамічныя курсы ў Пецярбургу. З 1912 году зьяўляўся карэспандэнтам газэты «Наша Ніва».
Удзельнік Першае сусьветнае вайны, падпаручнік. У 1917 годзе праводзіў беларускую нацыянальную працу сярод апалчэнцаў 1-е Менскае дружыны і слухачоў Менскае духоўнае сэмінарыі. У 1918—1919 гадох вучыўся на Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. Удзельнічаў у працы Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, як харыст уваходзіў у склад Беларускага хору Ўладзімера Тэраўскага. Драматург і літаратар, аўтар гарманізацыі некалькіх народных песень. У 1919—1920 гадох быў карэспандэнтам менскіх газэтаў «Звон» і «Беларусь».
У часе польска-савецкае вайны зьяўляўся сябрам Беларускае вайсковае камісіі (БВК), кіраўнік адкрытых 5 студзеня 1920 году ў Менску курсаў вярбоўкі агентаў БВК. Адзін са стваральнікаў сялянскай паўстанцкай арганізацыі «Зялёны дуб», начальнік штабу ягоных партызанскіх аддзелаў. У траўні 1920 году накіраваны БВК вярбовачным афіцэрам-інструктарам у Слуцкі і Бабруйскі паветы, арганізаваў там вярбовачныя пункты для добраахвотнікаў у паўстанцкія аддзелы «Зялёнага дубу». Адзін з кіраўнікоў Беларускага палітычнага камітэту (БПК). З 2 кастрычніка па 20 лістапада 1920 году — выдавец-рэдактар гарадзенскае газэты «Беларускае слова». Зь ягонае ініцыятывы 24 кастрычніка 1920 году гарадзенскі БНК выступіў у падтрымку Станіслава Булак-Балаховіча. Подле некаторых зьвестак, прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне на завяршальным этапе, як камандзір аднаго з аддзелаў удзельнічаў у баёх з бальшавікамі пад Мелкавічамі і Старобінам.
У пачатку 1920 гадоў спрабаваў стварыць пад шыльдай Лігі паветранае абароны аддзелы з былых балахоўцаў. Выступіў афіцыйным арганізатарам беларускага зьезду ў Вільні 10 красавіка 1921 году, які падтрымаў палітку генэрала Люцыяна Жалігоўскага ў Сярэдняй Літве. У сьнежні 1921 году быў адным з ініцыятараў скліканьня так званага «Зьезду Заходняе Беларусі» ў Вільні, на якім была прынятая рэзалюцыя, насуперак пастанове Віленскага БНК, браць удзел у выбарах у Віленскі сойм. Уваходзіў у шэраг беларускіх палянафільскіх арганізацыяў: Краёвая сувязь, Арганізацыя беларускіх беспартныйных актывістаў ды іншых. У часе парлямэнцкіх выбараў у Польшчы 1922 году падтрымліваў праўрадавае Дзяржаўнае аб’яднаньне на крэсах.
У 1924 годзе ў Вільні пад псэўданімам Дзяргач выдаў кніжку «Тыпы Палесься», якая дагутуль друкавалася ў выглядзе асобных апавяданьняў у газэце «Грамадзкі Голас». У тым жа годзе намагаўся заснаваць новую палітычную арганізацыю палянафільскае арыентацыі пад назвай «Камітэт беларускіх справаў».Тады ж у вёсцы Гаўрыльчыцах ля польска-савецкае мяжы арганізаваў дывэрсійны цэнтар. Супрацоўнічаў з II аддзелам польскага генэральнага штабу ў якасьці платнага інфарматара, сьвядома прадстаўляў апошняму непраўдзівую інфармацыю. Ім была прыдумана мітычная арганізацыя «Камітэт чыну», якая нібыта кіравала зь Менску антыпольскімі акцыямі на тэрыторыі Заходняе Беларусі. Першы раз выкрыты II-м аддзелам у 1923 годзе, паўторна — у 1925 годзе. У 1926 годзе высланы за межы Польшчы, жыў у вольным горадзе Данцыгу.
Браў удзел у данцыскай нарадзе дзеячаў БНР (24—27 лютага 1926 году), якія не падпарадкаваліся рашэньням Бэрлінскае канфэрэнцыі 1925 году. Быў цесна зьвязаны з расейскай антыбальшавіцкай эміграцыяй у Вільні і Данцыгу. Хадатайнічаў аб вяртаньні ў Польшчу, аднак не атрымаў дазвол ад польскіх уладаў. У 1928 годзе арганізацыя «Брацтва Расейскай Праўды(ru)» разглядала справу Вячаслава Адамовіча-малодшага, абвінавачанага ў супрацоўніцтве з савецкім ГПУ, аднак апраўдала. 27 лютага 1929 году выступіў у Данцыгу з дакладам пра «Зялёны дуб», у часе выступленьня выказаў ідэю друкаванага органа з мэтай публікацыі дакумэнтаў, якія кампрамэтуюць польскую дэфэнзыву. Подле паказаньняў віленскіх беларусаў І. Пешкі і Сяргей Бусла, арыштаваных савецкім НКВД у 1939 годзе, напярэдадні Другое сусьветнай вайны служыў псаломшчыкам у праваслаўнай царкве Данцыга. Хутчэй за ўсё, арыштаваны органамі савецкае дзяржбясьпекі[1]. Далейшы лёс невядомы.
Асабістае жыцьцё
рэдагавацьПра асабістае жыцьцё атамана вядома мала. Меў каханку Ганну Доўгерд, якая была сувязной «Зялёнага Дубу» паміж Менску й штабу ў Лунінцы[2][3].
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьІншы ўдзельнік «Зялёнага Дубу», беларуска-польскі пісьменьнік Сяргей Пясэцкі, прысьвяціў Вячаславу Адамовічу й іншым беларускім атаманам разьдзел у сваёй кнізе «Ніхто дабром ня дасьць збаўленьня», якая выйшла ў 1947 годзе ў Рыме. У сваёй кнізе Пясэцкі пісаў:[4]
Не сходзілі з вуснаў у той час псеўданімы беларускіх партызанскіх атаманаў — Крука і Дзергача, сапраўдных прозьвішчаў якіх я не назаву. Моніч час ад часу кантактаваў з імі , але трымаўся асобна. Ён быў занадта смелы і незвычайна цаніў свабоду, каб некаму падпарадкоўвацца
Вячаслаў Адамовіч сустракаецца ў рамане Леаніда Дайнекі «Ілоты» (2018)[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ а б Таццяна Лаўрык. Вобраз атамана Дзергача ў рамане Леаніда Дайнекі «Ілоты» (бел.) // Звязда. — 17.06.2020.
- ^ Ніна Стужынская. Каханка атамана Дзергача (бел.) // Наша Ніва. — 01.06.2012.
- ^ Пясецкі С. Ніхто дабром не дасць збаўлення… / пер. з польск. Віктара Шукеловіча. — Вільня: Логвінаў, 2018. — С. 214. — ISBN 978-609-8213-57-7
Літаратура
рэдагаваць- Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 293—294. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Пашкевіч А. В., Чарнякевіч А. М; . Атаман Дзяргач: невядомыя старонкі біяграфіі, ці да гісторыі палітычнага авантурызму ў беларускім нацыянальным руху. pawet.net. Праверана 19 лістапада 2015 г. Архіўная копія ад 19 лістапада 2015 г.