Валеры Герасімаў
Валеры Мікалаевіч Герасімаў (1955; Брагін, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі бібліятэкар-бібліёграф, кнігазнавец, дасьледчык гісторыі і культуры Беларусі, краязнавец, грамадзка-палітычны дзяяч.
Валеры Герасімаў | |
Дата нараджэньня | 2 кастрычніка 1955 (69 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | Брагін, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Месца вучобы | Менскі інстытут культуры (1976) |
Навуковая сфэра | Бібліяграфія |
Месца працы | Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь |
Вядомы як | стваральнік Адзінай сыстэмы бібліятэчна-бібліяграфічнага забесьпячэньня органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня БССР (1986) |
Узнагароды | Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2003) |
Біяграфія
рэдагавацьСкончыў Менскі інстытут культуры (1976) і асьпірантуру Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры (1988). Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2003), ляўрэат званьня «Лепшы бібліятэкар Менска 2005 г.». З 1976 ст. рэдактар навукова-мэтадычнага аддзела, з 1989 гал. бібліёграф навукова-дасьледчага аддзела, з 1995 заг. сэктара, з 2009 заг. аддзела старадрукаў і рэдкіх выданьняў Прэзыдэнцкай (да 1994 г. — Урадавай) бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Зьяўляецца вядучым вучоным краіны ў галіне навукова-тэарэтычнай распрацоўкі бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўваньня дэпутатаў, работнікаў дзяржаўнага апарата. Па выніках арганізаванага ім у 1978—1990 гг. рэспубліканскага навуковага дасьледаваньня была створана Адзіная сыстэма бібліятэчна-бібліяграфічнага забесьпячэньня органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня БССР (1986). Распрацаваў мэтавую комплексную праграму яе разьвіцьця (зацьверджана на дзяржаўным узроўні ў 1989). Аўтар ідэі і каардынатар рэалізацыі праектаў па стварэньні фундамэнтальных рэтраспэктыўных бібліяграфічных дапаможнікаў і базаў дадзеных па дзяржаве і праву, канстытуцыйнаму праву Беларусі ІХ-ХХІ ст. Друкуецца з 1980. Аўтар больш за 100 навуковых, навукова-папулярных і публіцыстычных артыкулаў, мэтадычных дапаможнікаў у галінах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыі і культуры, мясцовага самакіраваньня; мастацкіх твораў. Дасьледуе праблемы гісторыі кнігі, цэнзуры, рэстытуцыі, ролі кнігі і бібліятэк у нацыянальным адраджэньні, лёсу гістарычна вядомых беларускіх кнігазбораў (вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў, Нясьвіскай ардынацыі Радзівілаў, К. Езавітава, М. Доўнар-Запольскага і інш.), беларускай вайсковай гісторыі, беларускага замежжа. Сярод публікацыяў — першыя беларускія бібліяграфічныя паказальнікі па дзейнасьці нефармальных суполак моладзі (1989) і літаратуры, перададзенай з спэцсховаў (1992), мэтадычная сэрыя па аптымізацыі дзейнасьці інфармацыйнага забесьпячэньня органаў улады і кіраваньня (1989—1991), энцыкляпэдычныя артыкулы «Кніга», «Кнігадрукаваньне» (разам з Г. Галенчанкам), «Кнігазнаўства», «Цэнзура» (разам з У. Ракашэвічам) (1997, 2003). Суаўтар калектыўных прац «Забытая слава: Кароткі агляд вайсковай гісторыі Беларусі» (1992, 1998), «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі» (2002). Удзельнік Першага вальнага сойму беларускіх суполак (1987), устаноўчага сходу па стварэньні аргкамітэта БНФ за перабудову «Адраджэньне» і Беларускага гісторыка-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» (1988). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (з 1990 намесьнік, у 1999—2001 в.а. старшыні Рады і Ўправы), Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (у 1990—2000 член рэвізійнай камісіі і Вышняй Рады). Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992, кіраўнік аргкамітэта), пяці зьездаў беларусаў сьвету (1993—2009), у арганізацыі ўзнаўленьня духоўнай і культурна-гістарычнай рэліквіі беларускага народа — Крыжа Эўфрасіньні Полацкай.
Літаратура
рэдагаваць- Валеры Герасімаў. Выбраныя творы. Койданава. «Кальвіна». 2010. 36 с.