Аляксандар Бурбіс

беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, актор і рэжысэр
(Перанакіравана з «Бурбіс»)

Алякса́ндар (Але́сь) Ляўрэ́навіч Бу́рбіс (псэўданімы і крыптанім: Стары Піліп, А. Алексенка, А. В.; 20 кастрычніка [ст. ст. 8 кастрычніка] 1885, Вільня — 20 сакавіка 1922, Менск) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, актор і рэжысэр. Адзін са стваральнікаў беларускага прафэсійнага тэатру, аўтар дасьледаваньняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе.

Аляксандар Бурбіс
Бурбіс у 1922 годзе
Бурбіс у 1922 годзе
Консул Беларускае Народнае Рэспублікі ў Маскве
1918 — 1918
Намесьнік народнага камісара замежных справаў БССР
1921 — 1922
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 8 (20) кастрычніка 1885
Памёр: 20 сакавіка 1922(1922-03-20) (36 гадоў)
Партыя: Беларуская сацыялістычная грамада, Камуністычная партыя Беларусі
Адукацыя:

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся 20 кастрычніка 1885 году ў Вільні. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), сябра яе ЦК. У студзені 1906 году ў Мейшагольскай воласьці Віленскага павету аб’явіў Беларускую Рэспубліку[1].

У 1906 годзе Грамада арганізавала масавыя страйкі ў аграрнай сфэры. Асабіста Алесь Бурбіс арганізоўваў забастоўкі ў Наваградзкім павеце і ў Менску, дзе акрамя гэтага вёў працу па стварэньні прафсаюзаў. У жніўн[[1906 году ля Шчорсаў на Наваградчыне Бурбіса арыштавалі. У зьняволеньні ён заставаўся да сярэдзіны 1909 году, дзе захварэў на сухоты. Пасьля вызваленьня працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі.

У 1915 Бурбіс перабіраецца ў Маскву, дзе пачынае працаваць у Народным банку. Пасьля, адзін раз у 1917 годзе і потым яшчэ ў 1918 годзе, яго арыштоўвалі органы Савецкай улады. З 1918 году Бурбіс консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. Зь сярэдзіны 1919 ён — у Народным камісарыяце земляробства Літоўска-Беларускай ССР, зь сярэдзіны 1921 — намесьнік народнага камісара замежных справаў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Сябра ЦВК БССР у 1921—1922 гадох. Удзельнічаў у распрацоўцы дамовы паміж БССР і РСФСР. З 1921 году сябра Камуністычнай партыі[1].

Памёр ад сухотаў 20 сакавіка 1922 году ў Менску. Пахаваны на Старажоўскіх могілках, яго труну несьлі пад жалобную музыку духавога аркестру з плошчы Свабоды[2][3]. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гадох былі выраўненыя бульдозэрам[4]. Ёсьць зьвесткі, што рэшткі Бурбіса былі перанесеныя на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч ня змог знайсьці ягонай магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць зьнішчаная ў часе пашырэньня вуліцы Даўгабродзкай, альбо рэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі[2].

Грамадзка-культурніцкая дзейнасьць рэдагаваць

Удзельнік Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага[5], Беларускага музычна-драматычнага гуртка[5]. Кіраўнік, рэжысэр, актор і чытальнік на першых беларускіх тэатральных вечарынах у Вільні. Шмат увагі надаваў арганізацыі драматычных гурткоў[5]. Паставіў «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага на хутары Пятроўшчына пад Менскам у 1906 годзе, «Сватаўство» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў 1915 годзе ў Вільні[5].

Друкаваўся пад рознымі псэўданімамі ў «Нашай Ніве». У 1920 удзельнічаў у выданьні беларускамоўнай газэты ЦК Кампартыі Летувы й Беларусі — «Савецкая Беларусь». Уваходзіў у яе рэдкалегію. Аўтар шэрагу артыкулаў па нацыянальна-вызваленчым пытаньні (пасьля лютага 1917), працаў па гісторыі, этнаграфіі і эканоміцы Беларусі[5].

Бібліяграфія рэдагаваць

  • Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху // Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1921, № 1—2
  • Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі // Народное хозяйство Белоруссии. 1922, № 4
  • Беларуская сацыялістычная грамада ў першым пэрыядзе яе працы (1903—1907) // Беларусь. Мн., 1924.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 347.
  2. ^ а б Алесь Жук Любіце паэтаў, любіце // Літаратурная Беларусь. — 2013. — № 1. — С. 3.
  3. ^ Анатоль Сідарэвіч (15 кастрычніка 2010) Консул БНР у Маскве. Наша НіваПраверана 22 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 22 сьнежня 2015 г.
  4. ^ Сторожевское кладбище (рас.). minsk-old-new.com. Праверана 22 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 22 сьнежня 2015 г.
  5. ^ а б в г д Бурбис Александр Лаврентьевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 92. — 737 с.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць