Беларуска-польска-расейскі слоўнік
«Беларуска-польска-расейскі слоўнік» (арыг. Biełaruska-polska-rasijski sloŭnik) — 16-томны трохмоўны слоўнік новай беларускай літаратурнай мовы (125 тыс. рэестравых словаў), складзены дробным памешчыкам Магілёўскай губэрні Язэпам Ціхінскім, які каля 40 гадоў займаўся лексыкаграфічнай дзейнасьцю (1870-я — пачатак XX ст.) і па гэтай прычыне страціў зрок.
Беларуска-польска-расейскі слоўнік | |
па-беларуску: Biełaruska-polska-rasijski sloŭnik | |
Аўтар: | Язэп Ціхінскі |
---|
У рукапісным аддзеле бібліятэкі Летувіскай АН імя Ўрублеўскіх захавалася толькі частка матэрыялаў складальніка (7308 с.), што ацалела пасьля нямецка-савецкай вайны і адшуканая ў пачатку 1958 г. малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР А. А. Вяржбоўскім (страчаныя 4 тамы на літары Б, В, Н, О, Р, Ц, каля 3 тыс. с.)[1].
Мінуўшчына
рэдагавацьПрацу па зьбіраньні лексыкі беларускай мовы для вялікага трохмоўнага «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» дробны памешчык Магілёўскай губерні Я. Ціхінскі распачаў яшчэ ў 1870-я гады. Яна была завершана аўтарам толькі ў 1900-х гадах. Пра гэта сьведчаць надпісы, зробленыя на старонках рукапісу: над літарай Д (daliczania − dalikacicca) складальнік пазначыў алоўкам «1 styc. 1906», над літарай К (kaczacca — kaczan) «4 listap. 1906» (933, 3r). Дасьледнік М. Ф. Гуліцкі ўказвае на своеасаблівасьць слоўнікавай працы, паколькі ў ёй выкарыстоўваецца трохмоўе, што абумоўлена грамадзка-палітычнымі ўмовамі Беларусі таго часу. «Разьвіцьцё слоўнікавага саставу беларускай літаратурнай мовы ў XIX ст. адбывалася ва ўмовах існаваньня на Беларусі так званага полілінгвізму, калі расейскія і польскія словы мелі шырокі доступ і ўзбагачалі яе моўна-стылістычныя сродкі». Ціхінскі імкнуўся адштурхнуцца ў пэўным сэнсе ад гэтых моваў, пераважна абапіраючыся на наяўныя сродкі беларускай мовы.
Праца над слоўнікам адбывалася на працягу 40 гадоў, з гэтай прычыны аўтар страціў зрок (пра тэмп ягонай працы сьведчаць некаторыя факты. З 1904 г. пачаў пісаць у наступным тэмпе: том А на кожным з 11 аркушаў па 16 старонак мае даты: 1, 7, 9, 12, 16, 18, 20, 25 верасьня, 8, 9, 19 кастрычніка 1905 г., 37 аркушаў тома К напісаны з 1 лістапада 1906 г. па 26 траўня 1907 г.; 96 аркушаў тома Т (каля 30 тыс. слоў) напісаны за год і г. д.). Пасьля 1917 г. Ціхінскі цяжка хварэў і ў новых эканамічных умовах ня меў магчымасці выдаць слоўнік за ўласныя сродкі. У 1921 г. рукапіс трапіў прадстаўніку навукова-літаратурнага аддзелу Народнага камісарыяту асьветы Беларусі. Пасьля заснаваньня Інбелкульту перададзены ў бібліятэку Інстытуту. 16-томны рукапіс перакладнога «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» Ціхінскага ў 641 аўтарскі аркуш прадстаўляў на той час галоўную каштоўнасьць Інстытуту. М. Байкоў добра быў знаёмы з рукапісам слоўніка і адзначаў памер працы прыкладна ў 10 250 старонак на 150 тысяч словаў беларускай мовы.
Мэгаструктура
рэдагавацьУ мэгаструктуру слоўніку Ціхінскага ўваходзяць аўтарская прадмова і корпус лексычных адзінак. У якасьці прадмовы да рукапісу аўтар падае шэсьць кароткіх заўваг, якія датычаць напісаньня беларускіх словаў і ілюстрацыйнага матэрыялу:
- Każde «О», na które nie pada akcent, zamienia się na «А».
- W niektórych odcieniach tej mowy, a mianowicie w ziemiach północno-wschodnich «О», na które nie pada akcent, przechodzi w tępy odgłos, jak by w «У» (myłydaja).
- Każde «E», na które nie pada akcent, zamienia się w «JA».
- W ziemiach polodniowo-zachodnich w wielu wyrazach nieakcentowane «E» zamienia się na «I» (cipier, nima, nijaki).
- W powiecie Wołkowyskim od Świsłoczy mówią: poŭchodzili, poŭspadali, poŭmierali.
- Forma CCA używana w cześciach ziem północno-wschodnich, wschodnich i środkowych, widąc na zachód zmienia się na CSIA lub ną CCIA, a więcej wszystkiego na CSA i ta ostatnia forma wypiera pierwsze z używania
З прадмовы зразумела, што аўтар карыстаецца фанэтычным прынцыпам у перадачы беларускіх рэестравых словаў. У слоўніку пасьлядоўна перадаецца:
- аканьне: paradkam, pa paradku, ażanicca, z rozumam, litar, wokam, razhladać, jakoha, padaszwa, astarożna, stalica.
- яканьне: jadomy, biareznikach, pryniasli, lanicca, hladzieć, ziamli, niapraŭda, apiakunstwa, piata, lażyć, ciakawaści, hladzieć, ahladna.
- дзеканьне: адлюстравана пасьлядоўна пры дапамозе спалучэньняў dz і дз адпаведна: zwadzić (звадзіць), wadzić, zdziełacca, pachodzić, ludziej, bazhluzdzić.
- цеканьне: адлюстравана пасьлядоўна незалежна ад месца ў слове.
- напісаньне ў нескладовага : гэтая фанэтычная зьява беларускай мовы адлюстроўваецца ў графіка-артаграфічнай сыстэме слоўніка пры дапамозе графэмы ŭ у большасьці выпадкаў у пазыцыі сярэдзіны ці канца слова пасьля галоснага: ababkaŭ, ażaniŭszysia, paczaŭ, doŭha, nasiŭszy, daŭsia, kroŭju, Prusakaŭ, Palakaŭ, abazachociŭsia. У пазыцыі пачатку слова нават пасьля папярэдняга галоснага аўтар ставіць звычайнае u: i udow, zapaczkany u krowi, mnie u znaki, na usiakam dzieli, nia uczynić.
- гук і: як ужо было відаць з вышэйпрыведзеных прыкладаў, Ціхінскі пры кірылічным запісе беларускіх лексэм ужываў графэму и: абабицца, абацадляникъ, абачиць, абачиваць, абдзирацца, злыдникъ, абакулиць. Гэтая ж графэма ўжывалася і для абазначэньня гука [ы]: адуриць (параўн. запіс лацінкай aduryć).
- фрыкатыўны г: перадаецца дастаткова пасьлядоўна пры дапамозе знака h: hety, abahrawać, hreć, jaho, hetyja, darohi, uhniatania, (w) hrawstwi, zhnusnieć.
Корпус
рэдагавацьКорпус слоўніку Ціхінскага зьмяшчае 125 тыс. рэестравых словаў. Супраць іншых беларускіх перакладных прац XIX — пачатку XX ст. названы слоўнік самы абʼёмны. Крыніцы матэрыялу слоўніка пакуль што дакладна ня высьветленыя. «Вядома, Я. Ціхінскі прымаў актыўны ўдзел у дваранскіх выбарах і такім чынам быў знаёмы з шматлікімі валаснымі, павятовымі і губэрнскімі пісарамі, якія маглі дапамагаць яму зьбіраць картатэку, ад якой пакуль што нічога ня знойдзена»[2].
Словы ў корпусе разьмешчаныя паводле лацінскага альфабэту, з выкарыстаньнем часткова альфабэтна-гнездавога спосабу, у выніку чаго слоўнік дасягнуў найбольшага ахопу лексыкі, адлюстраваў яе сыстэмныя сувязі, бо ў гняздо ўключаліся многія вытворныя словы: dár, darénia, dareawánia, darawáć, darýe, padarúnak, abdárany, abdarénie, abdarawány, abdarawánia, abdarawánie, abdarówywanie, abdarawá ć, abdarówywá ć,abdarýć, abdarýcial, abdarýcialka, abdarýwać. Нават у параўнаньні са слоўнікам Насовіча ў слоўніку Ціхінскага больш дасканала выпісаныя дэрываты: kachá́ć, pakacháć, zakacháć, kachácca, pakachácca, zakachácca, kachánaczak, kachánaczka, kachának, kachánka, kachánia, pakachánia, zakachánia, kachány, zakachány, kachánianki; коха́ненький, коха́нка, коха́нне, коха́нокъ, коха́ный, коха́ць, коха́цься.
Слоўнікавыя артыкулы складаюцца паводле гэткага прынцыпу: намінацыя (у беларускай лексэмы пазначаны націск), сынонімы і лексычныя варыянты (калі яны ёсьць), тлумачэньне, тэкставая ілюстрацыя:
Abábak (абабакъ) | grzyb czarny | Березовикъ |
---|---|---|
Hryb zwyczajny jadomy szto najbolej rascieć u biareznikach | Grzyb pospolity, jedalny, rosnący przeważnie w lasach brzozowych | Обыкновенный грибъ, съедобный, ростущий преимущественно въ лесахъ березовыхъ |
Pryniasli ababkaŭ | Przynieśli czarnych grzybów | Принесли березовиковъ |
Як відаць з прыведзеных прыкладаў, да кожнай лексэмы даецца тлумачэнне на адпаведнай мове, чаго не назіраецца ў іншых беларускіх слоўніках таго часу (напрыклад слоўніку Івана Насовіча, у якім беларускія лексэмы растлумачаны па-расейску).
У параўнаньні са слоўнікам Мядзьведзкага лэксыкаграфічнае апісаньне тэрмінаадзінак Ціхінскага зроблена больш дасканала. Так, да многіх загалоўных паняцьцяў аўтар падае акцэнталягічныя, фанэтычныя і марфалягічныя варыянты, зьмешчаныя ў адным або розных артыкулах з адсылкай да галоўнага: danína і daṅ (930, 11r); kabzá, kobzá і kapszá (931, 6r); káchla, káfla і káfal (931, 7v); sábas, sábat і szábus (933, 1v); sahajdák і sajdák (933, 5v); saká, sóka і asaká (933, 6r)) або суправаджае іх шэрагам сынонімаў, якія ўтвараюць сынанімічныя рады: dalína ʻдалинаʼ − nizína — padól (930, 3r); kabán — wiaprúk — parsiúk (931, 2v)[3].
Навуковыя назвы пасьлядоўна праакцэнтаваныя, часам з указаньнем рухомага націску: sahán (933, 5r), samabytność (933, 10v), kabálny, kabalistýczny i kabalístaŭski (931, 2r); sakrúszywacca і sakruszácca (933, 57v), забясьпечаныя часьцінамоўнымі паметамі (kabiércawy pr. ковровый (931, 4r); kablón s.m. треска (931, 5 r)), адсылкамі (pabréżża — pabiareża, pabiareża — przybreże − прибережье (932, 20v)), этымалягічнымі даведкамі (dalmátyka z lacin. — далматика (930, 3v); dalihójda z litowsk. — przypiewek — припевъ (930, 1r); damahóh z greck. — демагогъ (930, 5r); kabatáż z hrancuz. − каботажъ (931, 3r)), багатым ілюстрацыйным матэрыялам: Kaadjútar ʻкоадьютаръʼ. Kaadjutar biskupa. Коадьютаръ бискупа (931, 1v); Káchla ʻкафляʼ. Pieczka z kafhaj. Кафлявая печь (931, 7v)[3].
Аналіз рэестру слоўніка сьведчыць, што складальнік усебакова раскрываў значэньні словаў, даваў ім кваліфікаванае, даходлівае тлумачэньне шляхам падбору польскіх і расейскіх адпаведнікаў, у многіх выпадках дапаўняючы іх энцыкляпэдычнымі зьвесткамі: kábuz — кобецъ. Ptuszka z hatunka drapieżnych dziannych rodu sakalow, maje 13 hatunkaŭ. Птица изъ ряда хищныхъ дневныхъ породы соколовъ, имеетъ 13 сортовъ (931, 5v); zaalóhija ʻзоологіяʼ. Nawuka, szto maić za pradmiet usiakuju żywiolu i ich apisania. Наука, имеющая за предметъ животныхъ и ихъ описаніе (934, 3r)[3].
Полісэманты выдзяляюцца ў межах аднаго артыкулу са шматзначным рэестравым словам: Sadzíba ʻsaedziba, asada; kusok hruntu hdzie budynki, ahkrod, dwor. Pancki dwor u dziareŭniʼ (933, 4v); saldát ʻToj szto slużyć u wojska, bawicca żaŭnierkaju. Saldaciuha, rycar, wajaka, bahatyrʼ (933, 9r). У падачы амонімаў няма строга вытрыманай сыстэмы: у адных выпадках яны разьмяжоўваюцца і прыводзяцца ў асобных слоўнікавых артыкулах, у другіх аб’яднаны ў адзін: Dalína ʻNizina, padolʼ; Daliná ʻAddalenia, adlehlaśćʼ (930, 3r); Kabála ʻTradycja, padania żydoŭskaja; umienia tajemnaja abcawać z duchami. Hadania u karty sztob wiedać szto budzić. Spisak, intryha, plotka, zmovaʼ (931, 2r)[3].
Аснову слоўніка складае агульнаўжывальная лексыка беларускай мовы. Разам з тым у ім адзначана шмат рэгіянальных словаў пераважна з тэрыторыі ўсходняй Беларусі: pożnia, pachać, piańka, але не толькі: milta, paranasznik, pajedzie. Адначасова ў слоўніку адзначаецца шмат лексэмаў, якія маглі існаваць толькі ва ўжытку адукаванай, інтэлігентнай часткі беларускамоўнага грамадзтва: abacadła, lamantar, abacadlanik, abanament, abanawać, abaraniać і інш.
Слоўнік Ціхінскага зьмяшчае і шмат анамастычных намінацый: тапонімы (Albania, Abchazja, Hawana, Dancyh, назвы міталягічных істотаў (Minerwa, Jason), прозьвішчы вядомых гістарычных асобаў, уласныя імёны (Albin, Aksiuta). Тлумачэньне такога роду намінацый набліжана да энцыкляпэдычных артыкулаў.
Асаблівую каштоўнасьць і матэрыял для вывучэньня складаюць анамастычныя назвы, якія маюць дачыненьне да гісторыі, культуры і этнаграфіі Беларусі:
Palésia(Паліеся) | Polesie | Полѣсье |
---|---|---|
Palesica (Палѣсица) kraj szto lażyć pad wialikimi lasami, lasisty. Biarahi, koncy lasoŭ. Szmaty daŭnych wajawodztw: Bresko-Litoŭskoho, Wałyńskaho i Kijaŭskoho, szto najbolaj usiaho majuć lasoŭ. | Kraj pod wielkomo lasami leżący, lesisty. Brzegi, krańce lasów. Cześć dawnych województw: Bresko-Litewskiego, Wołyńskiego i Kijowskiego najwięcej obfitujących w lasy. | Край около большихъ лѣсовъ лежащий, лѣсной. Берега, концы лѣсовъ. Часть бывшихъ воеводствъ: Бреско-Литовского, Волынского и Киевского, болѣе всего изобильныхъ въ лѣса |
Зьвяртаюць на сябе ўвагу адсутнасьць функцыянальна-стылістычнай характарыстыкі слова, недастатковая распрацаванасьць сыстэмы граматычных памет, разнабой у адлюстраваньні амонімаў, а таксама недахопы і памылкі ў перакладзе асобных сэмантычных адценьняў словаў (papléchnik — popléchnik — заступникъ (932, 68v)), у адзнаках стылістычных характарыстык (sabáczka — lopuch — репейникъ (933, 4r), kabýlnik — mleczaj — груздь (931, 6r), sadúchi — smierć − смерть (933, 4r)), у падачы форм тэрмінаадзінак і іх адпаведнікаў (zaaktykawać — zaoblatować — явить (934, 2v), pabiaréżnik — prybrezny − прибережный (932, 12v))[3].
Аднак названыя няпэўнасьці не зьмяншаюць агульнай каштоўнасьці рукапісу. Улічваючы такія станоўчыя бакі, як паўната рэестру, фанэтычна дакладнае адлюстраваньне асаблівасьцей беларускай мовы, багацьце афіксальнага словаўтварэньня, лексычная шырыня слоўнікавага матэрыялу, дакладнае вызначэньне этымалёгіі слова, праца Ціхінскага адыграла «немалаважную ролю як зыходны пункт у разьвіцьці перакладной шматмоўнай лексыкаграфіі»[4][3].
Лёс рукапісу
рэдагавацьУпершыню слоўнік Ціхінскага быў апісаны Міколам Байковым яшчэ ў 1922 г. Выдатны беларускі лексыкограф вельмі высока ацэньваў працу свайго папярэдніка, прылічыўшы яе да галоўнай каштоўнасьці Інбелкульта.
У 1930-я гады слоўнік пачалі рыхтаваць да друку. Але падрыхтаваная копія разам з рукапісам загінула ў час нямецка-савецкай вайны.
Выйшла, аднак, на тое, што існаваў яшчэ адзін варыянт працы беларускага дасьледніка. З крыніц становіцца зразумелым тое, што Ціхінскі стварыў два асобнікі слоўніка.
Да нямецка-савецкай вайны Інстытут мовазнаўства з машынапіснай копіі, зробленай у Маскве, рыхтаваў слоўнік да выданьня, аднак у 1941—1944 гг. рэдакцыйныя матэрыялы слоўніка загінулі ў Менску разам зь іншымі навуковымі каштоўнасьцямі АН БССР (4 тамы на літары В, Н, О, Р, каля 3 тыс. старонак). Частку рукапісу, якая захавалася, адшукаў у пачатку 1958 г. малодшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР А. А. Вяржбоўскі ў фондах АН Летувы разам зь лістом вядомага беларускага этнографа і фальклярыста М. Федароўскага ў лісьце да дачкі складальніка ад 10 траўня 1906 року, дзе даецца высокая ацэнка ягонай працы − тома А на 30 тыс. слоў. Па словах А. А. Вяржбоўскага, у час вайны рукапіс трапіў у Вільню. Пасьля вызваленьня горада розныя архіўныя матэрыялы, сярод якіх знаходзіўся рукапіс, у 1945 г. былі апячатаны і ў 1946 г. разьмеркаваны паміж Віленскім дзяржаўным унівэрсытэтам, АН і Цэнтральным Архівам Летувіскай ССР, а часткова адпраўлены ў Менск. Пра гэта сьведчыць кароткае паведамленьне ў летувіскай газэце «Tiesa» (бел. «Праўда») ад 9 сакавіка 1958 г. і рэцэнзія на «Biełaruska-polska-rasijski sloŭnik» навукоўца, надрукаваная 18 жніўня 1961 г. (машынапіс), якая захавалася ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва ў Менску.
Пазьней зьявіліся й іншыя працы — Эльжбеты Смулковай і Мікалая Гуліцкага, аднак дагэтуль 7308 старонак віленскага рукапісу застаюцца маладасьледаванымі.
У наш час рукапіс слоўніку зьберагаецца ў аддзеле рукапісаў і рэдкіх кніг бібліятэкі Акадэміі Навук Летувы. Гэтая праца вельмі цікавая для дасьледчыкаў усіх трох славянскіх моваў — беларускай, расейскай і польскай.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Вяржбоўскі, А. Пошукі трэба працягваць… (рэцэнзія на рукапісны слоўнік Я. Ціхінскага) / А. Вяржбоўскі // БДАМЛМ. − Ф. 12. − Воп. 1. — Д. 622. — Л. 23—31. , с. 24−25
- ^ Астанковіч С. Будзько І. Язэп Ціхінскі (1843—1922?) і Адраджэнне Беларусі // Гістарычны альманах. Т. 17. Гародня, 2011. С. 130
- ^ а б в г д е Т. Л. Памазенка. ЛЕКСІКА З ТЭРМІНАЛАГІЧНЫМ ЗНАЧЭННЕМ Ў ПЕРАКЛАДНЫХ ЛЕКСІКАГРАФІЧНЫХ КРЫНІЦАХ КАНЦА XIX — ПАЧАТКУ XX СТ.
- ^ Гуліцкі, М. Ф. З лексікаграфічных набыткаў (перакладны трохмоўны беларуска-польска-рускі слоўнік Я. Ціхінскага) / М. Ф. Гуліцкі // Беларуская мова. — 1983. — Вып. 8. — С. 111−119
Літаратура
рэдагаваць- Анічэнка, У. В. Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў: вучэб.дапаможнік / У. В. Анічэнка. − Гомель: ГДУ, 1978. − 94 с.
- Астанковіч С., Будзько І. Язэп Ціхінскі (1843—1922?) і Адраджэнне Беларусі // Гістарычны альманах. Т. 17. — Гародня, 2011, С. 124—141.
- Байкоў, М. Я. Слоўнікавая праца ў беларускай мове / М. Я. Байкоў// Лінгвістыка 1920-х: тэрміналёгія, лексыкаграфія, правапіс, фармаваньне літаратурнай мовы / уклад. С. Запрудзкі // ARCHE. − 2010. − № 11 (98). − С. 109 − 126.
- Вяржбоўскі, А. Пошукі трэба працягваць… (рэцэнзія на рукапісны слоўнік Я. Ціхінскага) / А. Вяржбоўскі // БДАМЛМ. − Ф. 12. − Воп. 1. — Д. 622. — Л. 23 — 31.
- Гуліцкі, М. Ф. З лексікаграфічных набыткаў (перакладны трохмоўны беларуска-польска-рускі слоўнік Я. Ціхінскага) / М. Ф. Гуліцкі // Беларуская мова. — 1983. — Вып. 8. — С. 111−119.
- Гуліцкі М. Ф. Ціхінскі Язэп // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭН, 1994. С. 604.
- Суднік М. Р. Ціхінскі Язэп // Беларуская энцыклапедыя. У 18 Т. Т. 17. Мн.: БелЭН, 2003. С. 130.
- Smułkowa E. Informacja o białorusko-polsko-rosyjskim thesaurusie z przełomu XIX i XX wieku // Slavia Orientalis. Rocznik XI. Nr. 1. Warszawa, 1962. S. 109—114
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Язэп Ціхінскі, беларускі лексікограф і краязнаўца (да 100-годдзя са дня смерці) віртуальная выстава дакументаў на сайце НГАБ, падрыхтаваная Сяргеем Астанковічам і Ўладзімерам Дзянісавым у 2022 годзе.