Барыс Тасман

беларускі журналіст, спартовы аглядальнік

Барыс Рафаілавіч Тасман (13 лістапада 1954, Менск, цяпер Беларусь — 25 чэрвеня 2022, Менск) — беларускі журналіст, спартовы аглядальнік, аналітык і публіцыст.

Барыс Тасман
Род дзейнасьці журналістыка
Дата нараджэньня 13 лістапада 1954
Месца нараджэньня Менск, Беларуская ССР
Дата сьмерці 25 чэрвеня 2022
Месца сьмерці Менск, Рэспубліка Беларусь
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак журналіст
Месца працы

Аўтар праблемных публікацый і журналісцкіх расьсьледаваньняў пра спартовую галіну Беларусі, гісторык спорту.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Менску ў габрэйскай сям’і. Маці Рыва Яўсееўна (Плоц) — карэнная мянчанка, падчас Другой Сусьветнай вайны страціла на фронце бацьку і двух братоў. Працавала ў Менску бухгальтаркай. Бацька, дзед і прадзед — ураджэнцы мястэчка Лебедзева (Маладэчанскі раён). Бацька Рафаіл Мееравіч — вэтэран і інвалід вайны, 40 год адпрацаваў на менскім заводзе «Ударнік». Адна зь сясьцёр бацькі і ягоная цётка загінулі ў Менскім гета ў 1942 годзе[1].

Скончыў менскую сярэднюю школу № 23. Вучыўся ў Палітэхнічным інстытуце, але ня скончыў. Працаваў грузчыкам на «Паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа», рабочым у зборачным цаху заводу «Ударнік», у лябараторыі Белдзіправадгасу. Скончыў вечаровае аддзяленьне геафаку БДУ (1980)[2].

З 1981 па 1994 год — настаўнік геаграфіі ў менскіх школах № 117 і 46. Стварыў у СШ № 46 першы ў Менску школьны Музэй касманаўтыкі (19871994)[3], які адкрываў беларускі касманаўт Уладзімер Кавалёнак[4][5].

Журналістыка

рэдагаваць

Зь дзяцінства цікавіўся спортам, «марыў пра спартовую журналістыку»[1]. 5 студзеня 1993 году першая незалежная спартовая газэта Беларусі «Прессбол» апублікавала дэбютны артыкул 38-гадовага Тасмана, тады яшчэ настаўніка геаграфіі[6] — пра рэформу футбольнага чэмпіянату краіны.

З 1994 па 1997 год — штатны супрацоўнік «Прессбола». У газэце асьвятляў футбол, лёгкую атлетыку, тэніс, барацьбу, дзюдо, фэхтаваньне, шахматы ды іншыя алімпійскія віды спорту.

У 1997-1998 год — спартовы аглядальнік самай масавай незалежнай грамадзка-палітычнай газэты Беларусі «Свабода». З 1999 па 2002 год — рэдактар аддзелу спорту «Белорусской деловой газеты». Працаваў штатным аглядальнікам «Белорусской газеты» (2002), быў рэгулярным аўтарам часопісаў «Кур’ер», «Дело», Belarus&Business, «Белорусский ежегодник», газэт «Известия», «Беларускі час», «Салідарнасць» ды інш. З 2002 па 2020 — зноў аглядальнік «Прессбола», курыраваў у рэдакцыі алімпійскія віды спорту.

У розныя гады — аўтар цыкляў публікацый пра гісторыю Алімпійскіх гульняў, шматлікіх інтэрвію з славутымі беларускімі спартоўцамі, трэнэрамі, функцыянэрамі розных эпох, якія складаюць летапіс беларускага спорту. Аўтар праблемных аналітычных тэкстаў і журналісцкіх расьсьледаваньняў аб спартовай галіне Беларусі[7].

Зь месца падзей асьвятляў чэмпіянаты сьвету і Эўропы ў лёгкай атлетыцы ў Гётэборгу (1995), Парыжы (1997), Будапэшце (1998), Маскве (2013) ды інш. На грамадзкіх пачатках выконваў ролю прэс-аташэ Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі (2005—2006). Сышоў з пасады пасьля таго, як дзейнасьць новага кіраўніцтва фэдэрацыі страціла празрысты характар[2].

Выступаў у друку ня толькі пад сваім прозьвішчам, але і пад псэўданімамі Сямён Плоц, Міхась Мошын.

Барыса Тасмана называлі «адным з найбольш аўтарытэтных знаўцаў спорту»[8] ў Беларусі, «легендай беларускай спартовай журналістыкі»[9]. Быў вядомы «энцыкляпэдычнымі ведамі ў галіне спартовай гісторыі і статыстыкі»[8], ягоная спартовая аналітыка «стала асобнай зьявай у беларускай журналістыцы»[10].

«Тасман памятаў усё на сьвеце. Ня ведаю, хто яшчэ можа гэтаксама любіць спорт, як ён. Гэтаксама разьбірацца ва ўсіх алімпійскіх відах спорту, сачыць, ведаць напамяць рэкорды. А самае галоўнае — рэчы, які няма нават у гугле. Прычым дзяліцца ўсімі гэтымі ведамі ахвотна, з радасьцю, чакаючы, што можа атрымацца добры матэрыял». Андрэй Вашкевіч'[9]

Барыс Тасман першым прапанаваў і цягам доўгіх гадоў абгрунтоўваў канцэпцыю рэформы футбольнага чэмпіянату Беларусі, якая была прынятая Беларускай фэдэрацыяй футболу праз 20 год[6].

У сваіх публікацыях зафіксаваў і прадказаў посьпех будучых зорак спорту тэнісістаў Максіма Мірнага, Уладзімера Ваўчкова, Уладзімера Самсонава, лёгкаатлеткі Юліі Несьцярэнкі ды інш. Адстойваў правы Несьцярэнкі і яе трэнэра Віктара Ярашэвіча падчас канфлікту з чыноўнікамі, калі спрынтарка была ў кроку ад завяршэньня кар’еры — усяго за паўтара году да алімпійскай перамогі ў Атэнах-2004[11] [12].

Пасьля публікацый Тасмана былі вернутыя з забыцьця і рэабілітаваныя імёны славутых беларускіх спартоўцаў — фэхтавальшчыка Аляксея Ніканчыкава[13] і стралка Ігара Бакалава [14]; заснаваныя мэмарыяльныя спаборніцтвы памяці Ніканчыкава, Мечыслава Аўсяніка, Сяргея Хамчука[2].

Пасьлядоўна выступаў супраць сыстэмнага ўжываньня допінгу ў беларускім спорце, крытыкаваў палітыку завозу ў Беларусь расейскіх спартоўцаў — на шкоду разьвіцьця нацыянальных спартовых школаў і традыцыяў, выкрываў праявы карупцыі з боку чыноўнікаў і функцыянэраў[4].

Падчас працы ў «Белорусской деловой газете» пісаў артыкулы на сацыяльна-палітычную тэматыку з крытыкай палітыкі ўладаў Беларусі. Вёў аўтарскую публіцыстычную калёнку на сайце інфармагенцтва БелаПАН Naviny.by.

Аўтар даведніка «100 лет чемпионатов Европы по греко-римской борьбе. Справочник» (Менск, 1998).

Заўчасна памёр 25 чэрвеня 2022 году ад анкалягічнай хваробы[15].

  1. ^ а б Р. Игнатович. Борис Тасман: Политики должны понимать, к чему призывают людей, куда ведут, и нести за это ответственность — Белорусский партизан», 13.01.2017
  2. ^ а б в Борис Тасман: в роли телеграфного столба. - “Прессбол“, 19.06.2007
  3. ^ "Средняя школа № 46 г.Минска. Летопись школы
  4. ^ а б "Ён пакінуў сьвятло ў жыцці тысяч чалавек": сын пра легендарнага спартовага журналіста Барыса Тасмана. — Беларуская асацыяцыя журналістаў, 27.06.2022
  5. ^ Б.Тасман. 12 апреля 1961 года, 26.10.2017
  6. ^ а б Тасман о его давней идее реформирования чемпионата Беларуси по футболу. - Telegraf.news, 04.02.2013
  7. ^ У Менску разьвіталіся з журналістам Барысам Тасманам. - Радыё Свабода, 27.06.2022
  8. ^ а б Наше мнение. Сообщество экспертов Беларуси. Борис Тасман.
  9. ^ а б А.Вашкевич. "Борис, ты прав!" Тасман, которого мы потеряли. - "Прессбол", 26.06.2022
  10. ^ Умер спортивный журналист Борис Тасман. - Bdg.by, 26.06.2022
  11. ^ Б. Тасман. Судьба тренера. Виктор Ярошевич: кто тормозит спринт? - “Прессбол“, 05.03.2003
  12. ^ Б. Тасман. Анатомия победы. “Тайны” Юлии Нестеренко. - “Прессбол“, 23.08.2004
  13. ^ Б. Тасман. Помянем. Жизнь после смерти. - "Прессбол", 27.11.2002
  14. ^ Б. Тасман. Помянем. Игорь Бакалов: недолет Стрельца. – «Прессболл», 22.06.2003
  15. ^ Памёр Барыс Тасман. — "Наша ніва", 25.06.2022

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць