Банялуцкая біржа
«Банялу́цкая бі́ржа» — фондавая біржа Сэрбскай Рэспублікі, заснаваная ў траўні 2001 году.
«Банялуцкая біржа» | |
сэрб. Бањалучка берза | |
Тып | фондавая |
---|---|
Разьмяшчэньне | Баня Лука, Босьнія і Герцагавіна |
Заснаваная | 9 траўня 2001 (23 гады таму) |
Ключавыя асобы | Мілан Божыч, Давор Максімавіч |
Валюта | канвэртаваная марка |
Колькасьць лістынгаў | 102 (2021 год) |
РынКап | 4,011 млрд марак (2020 год; 2,506 млрд $) |
Аб'ём | 734 млн марак (2020 год; 458,7 млн $)[1] |
Індэксы | «БІРС», «ЭРС10» і «АРС» |
Сайт | blberza.com |
На 2021 год месьцілася ў Баня Луцы па вуліцы Пятра Кочыча, д. ББ. Яе ўласьнікамі былі: «Грын Блю» — 43 % паёў; «Сэрбскі банк», «Бобар банк», «Эўраброкер», «Адыка банк» і «Новы банк» — 9,5 %, «Наш банк» (Біеліна) — 9,2 % і «Адвантыс брокер» — 0,3 %. Поўная назва акцыянэрнага таварыства была «Банялуцкая біржа каштоўных папераў», на якое працавала 7 чалавек. Працоўны дзень доўжыўся ад 8:00 да 16:00[2].
Будова
рэдагавацьНа 2021 год «Банялуцкая біржа» падзялялася на службовы і вольны рынкі. Службовы рынак паёў улучаў: вядучы разьдзел — сьпіс А, звычайную біржу — сьпіс Б, пачэсны разьдзел — сьпіс Ц, рынкі закрытых і адкрытых інвэстыцыйных фондаў, рынак аблігацыяў, рынак Эўразьвязу. Вольны рынак біржы ўлучаў паі прадпрыемстваў і інвэстыцыйных фондаў, аблігацыі. У сьпіс А дапускалі прадпрыемствы, якія былі прыбытковымі папярэднія 3 гады і прайшлі аўдыт. Рынкавая капіталізацыя іх паёў на біржы мела складаць ад 40 млн канвэртаваных марак. Доля паёў у вольным абарачэньні мела складаць ад 15 % і мець вартасьць ад 10 млн марак. Уласьнікамі паёў мусілі быць прынамсі 300 асобаў, а гандаль іх паямі меў весьціся прынамсі 30 % дзён у папярэднія 6 месяцаў на сярэднім на суму ад 5000 марак. У сьпіс Б траплялі прадпрыемствы, якія існавалі прынамсі 2 гады і мелі рынкавую вартасьць ад 10 млн марак. У вольным абарачэньні мелі знаходзіцца 10 % паёў вартасьцю ад 1 млн марак. Паі мелі належаць прынамсі 200 асобам. У сьпісе Ц знаходзіліся прадпрыемствы, якія існавалі прынамсі 2 гады і мелі вартасьць ад 1 млн марак. Прынамсі 10 % паёў вартасьцю ад 500 000 марак мусілі вольна абарачацца. Пайшчыкамі мусіла быць ад 50 асобаў. На рынак Эўразьвязу дапускалі прадпрыемствы вартасьцю з вартасьцю ад 500 000 эўра і прынамсі 10 пайшчыкамі. Аблігацыі маглі разьмяшчацца прадпрыемствамі з капіталізацыяй ад 2 млн марак на суму ад 1 млн марак за выпуск[3].
Мінуўшчына
рэдагаваць9 траўня 2001 году 8 банкаў і адно брокерскае прадпрыемства заключылі Пагадненьне аб заснаваньні «Банялуцкай біржы». 9 жніўня 2001 году Камісія каштоўных папераў Сэрбскай Рэспублікі выдала дазвол на працу біржы. 5 сакавіка 2002 году Дырэкцыя прыватызацыі Сэрбскай Рэспублікі перадала «Банялуцкай біржы» дазвол на біржавую сыстэму гандлю. 14 сакавіка 2002 году ў першы дзень гандлю 6 брокерскіх дамоў гандлявалі на біржы 20 каштоўнымі паперамі. 30 верасьня 2002 году зь «Люблянскай біржай» (Славенія) падпісалі Мэмарандум аб супрацы, які прадугледжваў абмен зьвесткамі пра гандаль і прадпрыемствы. 12 лістапада 2002 году «Банялуцкая біржа» набыла 7 % паёў «Цэнтральнага рэгістру каштоўных папераў». 10 сьнежня 2002 году зь «Бялградзкай біржай» падпісалі Паразуменьне аб супрацы ў навучаньні. 24 студзеня 2003 году Камісія каціровак «Банялуцкай біржы» на 1-м паседжаньні дапусьціла да гандлю паі 10 прыватызацыйных інвэстыцыйных фондаў (ПІФ). 20 жніўня 2003 году правялі 1-ы аўкцыён на паі дзяржаўнага прадпрыемства. 23 верасьня 2003 году «Нафтаперапрацоўчы завод Модрычы» (Добайскі рэгіён) стаў 1-м прадпрыемствам, якое выйшла на біржу. 14 кастрычніка 2003 году «ВБ Банк» стаў першым банкам, чыімі паямі гандлявалі на біржы. 3 красавіка 2004 году стварылі «Біржавы індэкс Рэспублікі Сэрбскай» («БІРС»). 11 траўня 2004 году пачалі гандляваць паямі АТ «Сэрбскі Тэлекам». 1 ліпеня 2004 году сталі гандляваць двойчы на тыдзень. 1 жніўня 2004 году ўтварылі «Індэкс інвэстыцыйных фондаў Рэспублікі Сэрбскай» («ФІРС»)[4].
18 верасьня 2004 году «Банялуцкая біржа» стала сяброўкай Саюзу эўразійскіх біржаў (Турэччына), на яго Сходзе ў Новіградзе (Харватыя). 1 лістапада 2004 году пачалі гандляваць 3 дні на тыдзень. 15 лістапада 2004 году ўкаранілі рэгулярны перакляд індэксаў «БІРС» і «ФІРС». 25 красавіка 2005 году біржавы гандаль пашырылі да 4-х дзён на тыдзень. 14 ліпеня 2005 году на біржу выйшлі «Руднік» (Грачаніца, Тузланскі кантон) і «Гацкаўская цеплаэлектрастанцыя», якое стала 1-м зь ліку прадпрыемстваў «Электраэнэргетыкі Сэрбскай Рэспублікі». 3 кастрычніка 2005 году ўкаранілі безупынны гандаль паямі прадпрыемстваў і ПІФаў. 1 сьнежня 2005 году «Гідраэлектрастанцыя на Врбасе» стала апошнім 10-м прадпрыемствам «Электраэнэргетыкі Сэрбскай Рэспублікі», якое разьмясьціла паі на біржы. 1 студзеня 2006 году стварылі індэкс «ЭРС10», зь 10 электрастанцыяў «Электраэнэргетыкі Сэрбскай Рэспублікі». 20 сакавіка 2006 году ўвялі безупынны гандаль ліквіднымі паямі на вольным біржавым рынку. 12 траўня 2006 году брокер «Акцыя» стаў 10-м сябрам біржы. 30 чэрвеня 2006 году заключылі Дамову аб супрацы зь «Венскай біржай». 7 ліпеня 2006 году пятніца стала 5-м гандлёвым днём тыдня на «Банялуцкай біржы». 8 жніўня 2006 году ўпершыню прадалі паі з партфэлю Фонда пэнсійнага інваліднага страхаваньня. 18 чэрвеня 2007 году ў Тэсалёніках (Грэцыя) падпісалі Мэмарандум аб супрацы зь «Біржай Атэнаў». 22 лістапада 2007 году «Банялуцкую біржы» прынялі ў сяброўкі Саюзу эўрапейскіх біржаў на Агульным сходзе ў Брусэлі (Бэльгія). 5 сьнежня 2007 году стварылі 3 галіновыя індэксы «ГІРС, «МІРС», «РС ФІН»[4].
15 лютага 2008 году падпісалі Мэмарандум аб супрацы з «Сараеўскай біржай» і «Чарнагорскай біржай» (Падгорыца). 7 сакавіка 2008 году на біржы разьмясьцілі аблігацыі Сэрбскай Рэспублікі для разьлікаў па ашчадных рахунках у валюце. 15 траўня 2008 году падпісалі Дамову аб распаўсюдзе на «Венскай біржы» зьвестак з «Банялуцкай біржы», якія сталі пастаўляць 14 ліпеня 2009 году. 21 траўня 2008 году ажыцьцявілі 1-ю адкрытую прапанову аблігацыяў абшчыны Лакташы. 24 чэрвеня 2008 году зьвесткі пра гандаль на біржы сталі распаўсюджваць праз амэрыканскае агенцтва «Блумбэрг» (Нью-Ёрк). 9 сакавіка 2009 году ўкаранілі сыстэму гандлю БСГ 2.4 на пратаколе «Фікс». 4 жніўня 2009 году біржавыя зьвесткі стала імгненна пастаўляць ангельскае агенцтва «Томсан-Ройтэрз» (Лёндан). 20 кастрычніка 2011 году Міністэрства фінансаў Сэрбскай Рэспублікі стала адмысловым сябрам біржы. 30 сьнежня 2013 году правялі 1-ю зьдзелку на Рынку грошай «Банялуцкай біржы», на якім 24 лютага 2014 году заключылі 1-ю дамову перакупу. 3 сакавіка 2014 году запусьцілі «Аблігацыйны індэкс Сэрбскай Рэспублікі» («АРС»). 25 сьнежня 2014 году ўкаранілі стандартную дамову перакупу паёў, якімі гандлявалі на Службовым рынку біржы. 30 сьнежня 2014 году заключылі 1-ю стандартную дамову перакупу з паямі закрытага інвэстыцыйнага фонду. 8 студзеня 2015 году цыкль разьліку зьдзелкі скарацілі да 2-х дзён[4].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Мілан Божыч (зь 2002 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Статыстыка за 2020 год (сэрб.) // АТ «Банялуцкая біржа», 2021 г. Праверана 30 траўня 2021 г.
- ^ Профіль (сэрб.) // АТ «Банялуцкая біржа», 2021 г. Праверана 30 траўня 2021 г.
- ^ Арганізаваныя рынкі (сэрб.) // АТ «Банялуцкая біржа», 2021 г. Праверана 30 траўня 2021 г.
- ^ а б в Важныя даты на рынку капіталу Сэрбскай Рэспублікі (сэрб.) // АТ «Банялуцкая біржа», 2021 г. Праверана 30 траўня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны // АТ «Банялуцкая біржа», 2021 г. Праверана 30 траўня 2021 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |