Балтыйскі суднарамонтны завод
Каардынаты: 59°27′58″ пн. ш. 24°39′1″ у. д. / 59.46611° пн. ш. 24.65028° у. д.
«Балты́йскі суднарамо́нтны заво́д» («БСРЗ») — прамысловае прадпрыемства Эстоніі, заснаванае ў чэрвені 1912 году ў якасьці «Расейска-Балтыйскага суднабудаўнічага заводу».
«Балтыйскі суднарамонтны завод» | |
эст. Balti Laevaremonditehas | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Трывала і надзейна |
Заснаваная | 12 чэрвеня 1912 (112 гадоў таму) |
Заснавальнікі | «Шнайдэр-Крэзо» (Францыя), «Расейска-Азіяцкі банк» |
Уласьнікі | «Эрыёл» (45%), холдынг «БСЗ» (40%) |
Краіна | Эстонія |
Разьмяшчэньне | Талін |
Адрас | вул. Коплі, д. 103[1] |
Ключавыя фігуры | Вераніка Іваноўская[2] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | баржа, катэр, паром, траўлер, прамысловыя газы, мэталаканструкцыі |
Паслугі | грузаперавалка, грузаперавозкі, суднарамонт |
Абарачэньне | ▲425,8 млн эўра (2018 год)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▲302,2 млн эўра (2018 год) |
Чысты прыбытак | ▲18,5 млн эўра (2018 год) |
Лік супрацоўнікаў | 4000 (2020 год) |
Даччыныя кампаніі | «Заходнебалтыйскае суднабудаваньне» (Летува), «Туркуская рамонтная верф» (Фінляндыя) |
На 2020 год прадпрыемства ажыцьцяўляла будаўніцтва і пачынку караблёў, вытворчасьць мэталаканструкцыяў і прамысловых газаў, а таксама марскія грузаперавозкі. «БСРЗ» меў 52 даччыныя і 4 сумесныя прадпрыемствы ў 7 краінах Эўропы — Латвіі, Летуве, Польшчы, Расеі, Украіне, Фінляндыі і Эстоніі. На прадпрыемствах групы працавала каля 4000 адмыслоўцаў[4], зь іх 1600 — у Эстоніі[5]. У лік пайшчыкаў уваходзіла каля 60 фізычных і юрыдычных асобаў[6]. На ліпень 2019 году найбольшымі пайшчыкамі былі: АТ «Эрыёл» (45% паёў), якое належала мальтыйскаму ТАА «Солв Інтэрнэшнл»; холдынг «БСЗ» (40%), які належаў Валерыю Каваленку (40%), Міхаілу Гнідзіну (40%) і Ўладзімеру Торапаву (20%)[3].
Дзейнасьць
рэдагавацьНа 2020 год група «Балтыйскага суднарамонтнага заводу» ажыцьцяўляла:
- суднабудаваньне ў Клайпедзе (Летува) і Таліне;
- суднарамонт у Клайпедзе, Таліне і Турку (Фінляндыя);
- вытворчасьць мэталаканструкцыяў для нафтавых глыбакаводных плятформаў у Клайпедзе і Таліне;
- апрацоўку каляровага і чорнага мэталапраката ў Маарду (Хар’юскі павет);
- перапрацоўку старых суднаў на мэталалом у Таліне;
- вытворчасьць зварачных, лекавых, рэжучых і харчовых газаў у Таліне;
- аўтамабільныя і марскія грузаперавозкі ў Латвіі, Летуве, Расеі, Украіне і Эстоніі;
- грузаперавалку ў Клайпедзкім і Талінскім партах;
- партовыя паслугі на вэрфях у Клайпедзе, Таліне і Турку[7].
Мінуўшчына
рэдагаваць12 чэрвеня 1912 году набыў моц Указ Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі, які дазволіў заснаваць «Расейска-Балтыйскі суднабудаўнічы завод» у Рэвэлі (Эстляндзкая губэрня) на паўвостраве Коплі. Уласьнікам заводу было «Расейска-«Балтыйскае суднабудаўнічае і мэханічнае акцыянэрнае таварыства», якое заснавалі францускае збройнае прадпрыемства «Шнайдэр-Крэзо» (дэп. Сона і Люара) і «Расейска-Азіяцкі банк». Паводле праекту пецярбурскага дойліда Аляксандра Дзьмітрыева, на паўвостраве пачалі ўзводзіць цэхі, заводакіраўніцтва зь інжынэрным і тэхнічным бюро, набярэжныя, стапелі, хвалярэз, чыгунку і плывучы карабельны док. У сьнежні 1912 году завод атрымаў 1-ы заказ на будаўніцтва 6-і эсьмінцаў. У лютым 1913 году заключылі дамову на будаўніцтва 2-х лёгкіх крэйсэраў. У чэрвені 1913 году сярод 5000 работнікаў 3000 працавала на будаўніцтве. 18 лістапада 1913 году заклалі першы эскадраны крэйсэр «Гаўрыіл», які выйшаў у мора 22 верасьня 1916 году. Пры канцы 1914 году з пачаткам Першай сусьветнай вайны наладзілі вытворчасьць турбінаў і катлоў для суднаў, боепрыпасаў і падлодак. У 1916 годзе лік працаўнікоў вырас да 7500, большасьць якіх жыла ў пабудаваных побач казармах. Завод утрымліваў узьведзеныя страўню, краму, царкву і трамвайную лінію да Рэвэля на патрэбы работнікаў. Таксама пры заводзе збудавалі электрастанцыю, што была 8-кратна магутнейшай за мескую, 2 артэзіянскія калодзежы і каналізацыю. Пры канцы 1920 году пасьля Вайны за незалежнасьць Эстоніі асвоілі вытворчасьць рэек і транспартэраў, а таксама пачынку караблёў, паравых машынаў, паравозаў, вагонаў і кранаў. Таксама ў красавіку 1920 году вырабілі мэталаканструкцыі для Нарвенскага чыгуначнага маста. У 1927 годзе завод разарыўся пасьля нацыяналізацыі. У 1936 годзе яго будынкі здалі ў наём хімічнаму прадпрыемству «Орта», машынабудаўнічаму заводу «Эткавель» і цаглянаму заводу пад склады. Заводакіраўніцтва перадалі Талінскаму політэхнічнаму інстытуту. У 1944 годзе нямецкія войскі падарвалі большасьць будынкаў пры адступленьні ў ходзе Нямецка-савецкай вайны[8].
У 1947 годзе Міністэрства суднабудаўнічай прамысловасьці СССР аднавілі прадпрыемства ў якасьці «Балтыйскага суднарамонтнага заводу № 890», які стаў чыніць караблі Вайскова-марскога флёту СССР. У 1956 годзе на заводзе пачалі будаваць самаходныя шалянды, баржы, плывучыя краны і прыбярэжныя катэры, а таксама рамантаваць рыбалоўныя судны. У студзені 1960 году сталі таксама выпускаць вытворчае абсталяваньне. У 1966 годзе пры заводзе пабудавалі аўтаматычную тэлефонную станцыю на 600 нумароў і страўню на 500 месцаў. Таксама аднавілі трамвайныя зносіны з Талінам. Караблі сталі чыніць паточна-пазыцыйным спосабам[9]. У сьнежні 1989 году «Балтыйскі суднарамонтны завод» пераўтварылі ў арэнднае прадпрымества, што належала супрацоўнікам. У 1989 годзе першым замежным адрамантаваным караблём стаў фінскі цеплаход «Трэйдўінд». У 1991-м стварылі сумеснае прадпрыемства «Балтыйскі Прэматор» са швэдзкім АТ «Прэматор» (Гётэборг), якое занялося афарбоўкай суднаў. У 1993 годзе энэргамэханічную службу заводу пераўтварылі ў прадпрыемства «Эльмэ». У 1995 годзе «Балтыйскі суднарамонтны завод» («БСРЗ») пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства. У 1996-м у Латвіі стварылі даччынае прадпрыемства «Эльмэ Л» для вытворчасьці прамысловых газаў. У 1999 годзе завод аднавіў караблебудаваньне вытворчасьцю памежнага, лоцманскага і патрульнага катэраў для Памежнай аховы і Воднага ведамства Эстоніі, а таксама гідраграфічнага судна для Калінінградзкага порта (Расея). У 2001 годзе «БСРЗ» набыў «Талінскі марскі завод», дзе сталі займацца пачынкай і будаўніцтвам караблёў. Таксама ў 2001 годзе набылі паі «Клайпедзкага суднарамонтнага заводу» (Летува), які пераўтварылі ў «Заходнюю верф». У кастрычніку 2001 году «БСРЗ» утварыў аднайменны холдынг (групу), у якую ўвайшло 40 даччыных прадпрыемстваў. У 2007 канцэрн «БСРЗ» набыў «Туркускую рамонтную верф» у Фінляндыі, што валодала найбольшым сухім докам у Паўночнай Эўропе. Таксама ў 2007 годзе стварылі сумеснае прадпрыемства «Фіскэрстранд-БСРЗ» з нарвэскай «Фіскэрстрандзкай верфю», што пачало будаўніцтва 3-х паромаў для «Саарэмскай суднаходнай кампаніі». Пазьней «БСРЗ» атрымаў заказы на будаўніцтва ветравых электрастанцыяў (ВЭС) для амэрыканскага ТАА «ЎіндЛіфт» (Дарэм, штат Паўночная Караліна) і часткі падводнага тунэля для Стакгольмскага мэтрапалітэну (Швэцыя). У 2010 набылі «Балтыйскую суднабудаўнічую верф» у Клайпедзе і «Балтыйскі інжынэрны цэнтар», якія перайменавалі ў «Заходнебалтыйскае суднабудаваньне» і «Заходнебалтыйскую інжынэрыю». Адначасна набылі нарвэскага караблепраектавальніка «Шматморская кампанія». У 2011 годзе пабудавалі 28-ы паром, які стаў найбольшым пасажырскім газавым паромам у сьвеце. Таксама пабудавалі днопаглыбляльнае судна і рыбалоўны траўлер, катамараны для прыбярэжных ВЭС і рыбаводчыя баржы. У 2012 годзе запусьцілі 2 паветрападзяляльныя заводы ў Ліепае (Латвія) і Днепрапятроўску (Украіна) для вытворчасьці прамысловых газаў. У 2013 годзе такі завод адчынілі ў Вайвары (Іда-Вірускі павет). Адначасна адчынілі 2 таварні для мэталу ў Маарду (Хар’юскі павет) і Рызе (Латвія)[10]. У 2013 годзе выручка холдынгу «БСРЗ» вырасла на 2% да 378,4 млн эўра. Экспарт склаў 84% збыту. Страты зьменшыліся на 14% да 14,7 млн эўра[11].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Управа (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ а б Зьміцер Фефілаў. Фёдар Берман: хацелася б пры жыцьці ўсё ўбачыць (рас.) // «Дзелавыя ведамасьці» (Талін), 31 ліпеня 2019 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Сьцісла пра Групу «БСРЗ» (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Праца ў Групе «БСРЗ» (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Кіраваньне (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Дзейнасьць (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Гісторыя 1912—1946 гадоў (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Гісторыя 1947—1989 гадоў (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Гісторыя 1989—2013 гадоў (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Вынікі (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Прадпрыемствы (рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |