Звычайны хмель
Звычайны хмель — шматгадовы від хмеля, пашыраны ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я (у тым ліку ў Беларусі). Трапляецца ў вільготным лесе, хмызьняку і на беразе ракі. Павойнае, рабрыстае і полае сьцябло мае даўжыню да 10 мэтраў і адмірае на зіму. Лісьце супраціўнае, акруглае і лопасьцевае. Кветка дробная і аднаполая. Мужчынская кветка ў мяцельчатым суквецьці. Жаночая — у коласападобным. Прыквецьці жаночага суквецьця пасьля цьвіценьня разрастаюцца і ўтвараюць суплодзьдзі («шышкі»). Плод — арэшак. Суплодзьдзе («шышка») мае дае 22% смалістых рэчываў (лупулін) і выкарыстоўваецца замест дрожджаў у хлебапячэньні, як процігніласны сродак(en) у мэдыцыне, таксама ў піваварэньні. Слабы адвар хмелю выкарыстоўваецца для аднаўленьня сну пры бессані і крывятварэньня ў касе[1]. Сьцябло мае грубае валакно і йдзе на корм жывёле. Вырошчваецца як аздабленчая, алейная, валакністая, лекавая, прыпраўная і сыравінная сельскагаспадарчая культура[2].
Звычайны хмель | |
Суквецьці | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Падцарства | Зялёныя |
Група | Стрэптафіты |
Разьдзел | Стрэптафітныя |
Тып | Вышэйшыя |
Падтып | Сасудзістыя |
Нададдзел | Насенныя |
Аддзел | Кветкавыя |
Пададдзел | Мэзанганасенныя |
Кляса | Эўдыкоты |
Падкляса | Гунэрыды |
Надатрад | Фабіды |
Атрад | РазідыРужакветныя |
Сямейства | Каноплевыя |
Род | Хмель |
Від | Звычайны хмель |
Бінамінальная намэнклятура | |
Húmulus lúpulus Карл Лінэй | |
Хмеляводзтва
рэдагавацьСуплодзьдзе («шышка») хмеля зьмяшчае этэрны алей, горкія і дубільныя рэчывы, таму выкарыстоўваецца ў вырабе дрожджаў, касмэтыкі, лака, лекаў, піва і фарбы. Хмеляводзтва ўзьнікла ў 10 стагодзьдзі. На 2003 г. найбольшую плошчу пасеваў мелі Нямеччына (32%), ЗША (24%), Чэхія (10%), Кітай (8%), Японія, Украіна і Расея. У 1999 г. сусьветная плошча хмельнікаў перавышала 570 км², зь іх 64% у Эўропе. Вылучаюць 4 ступені гатункаў хмелю: А — найлепшы араматычны (найкаштоўнейшы), В — араматычны, С — непіваварны, D — горкі[3]. На 2012 г. сярэдняя сусьветная ўраджайнасьць хмелю складала каля 15 цэнтнэраў з гектара[1].
Беларусь
рэдагавацьУ 1970—80-я гады ў Беларускай ССР плошчы хмельнікаў былі ва ўсіх 6 абласьцях. На Беларусь прыпадала 0,3% сусьветнага вырабу хмеля, як у Канадзе, Карэі і Турэччыне. Унутранае хмеляводзтва забясьпечвала звыш 40% патрэбаў рынку Беларусі. У 1990-я гады працавала адна хмеляводчая гаспадарка, якая забясьпечвала 2% патрэбаў беларускага рынку. На 2003 г. у Беларусі вырошчвалі 5 замежных гатункаў пладаносных хмельнікаў на плошчы 50 га. Найбольшым вытворцам было беларуска-нямецкае прадпрыемства «Бізон» (вёска Замшаны, Маларыцкі раён, Берасьцейская вобласьць), заснаванае ў сакавіку 1993 году[4]. Імпарт пераважна ажыцьцяўляўся з Чувашыі (Прыволская фэдэральная акруга, Расея), дзе засяроджвалася таварная вытворчасьць хмелю ў Расеі (звыш 2,5 тыс. тонаў за год)[3]. На 2012 г. выраб хмелю ў Беларусі вырас да 9% ад патрэбы айчыннага рынку. Сярэдняя цана кіляграма хмелю складала каля $5. Найбольшыя плошчы займаў нямецкі гатунак хмелю(en) «Галертаўэр Магнум», які ўлучылі ў Дзяржаўны рэгістар гатункаў Беларусі. Устаноўка на 1 га слупоў і нацягваньне між імі стужкі для вырошчваньня хмелю каштавала ў сярэднім каля $5-7 тысячаў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Барыс Пракопчык. Беларускі хмель вяртаецца // Зьвязда : газэта. — 2 сакавіка 2012. — № 42 (27157). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Хмель // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 34. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
- ^ а б Тацяна Казакова. Хмеляводзтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 34. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
- ^ Надзея Яцура. «Бізон» і яго партнэры // Газэта «Народная трыбуна», 30 сакавіка 2011 г. Праверана 8 ліпеня 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГэта — накід артыкула пра батаніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |