Аршанскі авіярамонтны завод
Аршанскі авіярамонтны завод — прадпрыемства па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, заснаванае ў 1956 годзе ў мястэчку Баўбасаў (за 10 км ад Воршы). Заводам асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134, а таксама асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі. З 2013 году таксама вырабляе сэрыйныя верталёты «Мі-8 МСБ».
Тып | Адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 24 сьнежня 1956 (66 гадоў таму) |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Баўбасаў, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь |
Ключавыя фігуры | Уладзімер Троіцкі, Андрэй Хмялёў |
Галіна | Авіяцыйная прамысловасьць |
Прадукцыя | Верталёт |
Абарачэньне | ![]() |
Апэрацыйны прыбытак | ![]() |
Чысты прыбытак | ![]() |
Лік супрацоўнікаў | 593 (2013) |
Матчына кампанія | «Матор Січ»(en) (Запарожжа, Украіна; 59,5%) |
ГісторыяРэдагаваць
Другая сусьветная вайнаРэдагаваць
15 ліпеня 1941 году быў створаны ў якасьці 2-га авіярамонтнага цягніку Ваенна-паветраных сілаў Балтыйскага флёту ў адказ на пачатак Другой сусьветнай вайны. Першым дырэктарам стаў ваенны тэхнік 1-га рангу Абрам Абекавіч Левін. Перад цягніком была пастаўлена задача забясьпечыць аднаўленьне і рамонт франтавой авіяцыі.
З 1941 па 1945 год на прадпрыемстве быў асвоены рамонт 33 тыпаў баявых самалётаў, у тым ліку 6 замежнай вытворчасьці, і 25 тыпаў авіярухавікоў. У прыватнасьці, рамантаваліся такія самалёты, як Пе-2, Пе-3, І-16, МіГ-3, С-2, Р-5, УТІ-2, Як-9, ІІ-2, Як-9У, Як-1, Як-7У, ЛАГГ-3, Дуглас, Гарыкэйн, Кіцігоук, Мэрлін, Аэракобра.
Канец вайны прадпрыемства сустрэла на Далёкім Усходзе, дзе рамантавала авіяцыю Ціхаакіянскага флёту, які ўдзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць Японіі.
Пасьляваеннае дзесяцігодзьдзеРэдагаваць
Пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе завод знаходзіўся ў складзе Чарнаморскага флёту і займаўся рамонтам марской авіяцыі. У гэты пэрыяд заводам быў асвоены рамонт рэактыўных зьнішчальнікаў МіГ-15.
Аэрадром БаўбасаўРэдагаваць
З 24 сьнежня 1956 году завод атрымлівае новае месца дысьлякацыі — аэрадром «Баўбасаў» і новую назву — 571-шы авіярамонтны завод Міністэрства абароны СССР. Новай задачай прадпрыемства было засваеньне рамонту бамбардзіроўшчыка дальняй авіяцыі Ту-16, на якія з 1955 году быў пераведзены 402-гі тбап.
У пэрыяд з 1957 па 1985 год завод адрамантаваў 1726 самалётаў гэтага тыпу. У пачатку 70-х гадоў на прадпрыемстве працавала каля 1200 працаўнікоў і ён зьяўляўся адным з найбуйнейшых заводаў па рамонту дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі ў СССР.
У пачатку 80-х гадоў заводам быў асвоены звышгукавы дальні бамбардзіроўшчык Ту-22МЗ і ў пэрыяд з 1982 па 1992 год было адрамантавана 68 самалётаў гэтага тыпу.
Незалежная БеларусьРэдагаваць
Пасьля распаду Савецкага Саюзу ў рамках скарачэньня ўзбраеньняў самалёты Ту-22МЗ былі выведзены на тэрыторыю Расеі, а 571-ы авіярамонтны завод перададзены ў падпарадкаваньне Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства засталося без загрузкі вытворчых магутнасьцяў і ў гэты час было прынятае рашэньне асвоіць рамонт цывільнай авіяцыйнай тэхнікі. У выніку быў асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8 і Мі-24 розных мадыфікацыяў, самалётаў Ту-134, рамонт асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі.
З 1996 году завод быў перададзены ў падпарадкаваньне Дзяржаўнаму камітэту па авіяцыі Рэспублікі Беларусь і атрымаў сваё сучаснае найменьне. Пасьля пераўтварэньня структуры дзяржаўных органаў РБ у 2006 годзе прадпрыемства падпарадкоўвалася Дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь (Мінтранс Беларусі).
30 сьнежня 2011 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне № 335 аб продажы дзяржаўных 99,2% паёў завода ўкраінскаму публічнаму АТ «Матор Січ» (59,5% за 12 млрд бел. руб.) і беларускаму закрытаму АТ «Сыстэмы інвэстыцыяў і інавацыяў» (39,7% за 8 млрд бел. руб.)[3]. 28 студзеня 2012 году Мінтранс Беларусі заключыў адпаведную дамову з інвэстарамі, якія 21 лютага аплацілі куплю паёў. Да канца году паступілі каля $14,6 млн укладаньняў[4]. 23 верасьня 2013 году ў пасёлку Баравая (Менскі раён) завод прадставіў першы верталёт уласнай сэрыйнай вытворчасьці «Мі-8 МСБ»[5]. На ім удалося паставіць 12 сусьветных рэкордаў, у тым ліку па вышыні гарызантальнага палёту — 9150 мэтраў[6].
ВытворчасьцьРэдагаваць
На дадзены момант завод ажыцьцяўляе працы па капітальным рамонце ваеннай і цывільнай авіяцыйнай тэхнікі: розных мадыфікацыяў гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134А, Б, а таксама рамонт здымнага і няздымнага абсталяваньня, камплектуючых, агрэгатаў, сыстэм і сродкаў вымярэньня і кантрольна-праверачнай апаратуры.
Акрамя гэтага прадпрыемства ажыцьцяўляе мадэрнізацыю гелікоптэраў Мі-8 пад санітарны, дэсантны і іншыя варыянты, а таксама фарбаваньне розных тыпаў паветраных судоў.
Асноўны рамонт авіяцыйнай тэхнікі ажыцьцяўляецца ў двух ангарах: ангар №1 — самы буйны спэцыялізаваны будынак для рамонту авіяцыйнай тэхнікі ў РБ, дазваляе прымаць самалёты клясы Іл-76, карысная плошча 7100 м², вышыня створак 13,5 м; ангар №2 дазваляе рамантаваць паветраныя суды клясы Ту-134 і гелікоптэры ўсіх тыпаў, карысная плошча 12800 м², вышыня створак 11 м.
У падпарадкаваньні прадпрыемства знаходзіцца аэрадром клясы «Б», даўжыня яго ўзьлётна-пасадачнай паласы 3000 м, ён годны для эксплюатацыі паветраных судоў клясаў Ан-124, Іл-76 і ніжэй. Аэрадром сэртыфікаваны Дэпартамэнтам па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў РБ для прыёму паветраных судоў у дзённы час сутак.
Прадпрыемства мае Ліцэнзію Міністэрства абароны РБ на права ажыцьцяўляць дзейнасьць, зьвязаную з прадукцыяй ваеннага прызначэньня, а таксама Пасьведчаньне Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь на права ажыцьцяўляць зьнешнегандлёвую дзейнасьць у адносінах да ваеннай авіяцыйнай тэхнікі.
Партнэрамі прадпрыемства зьяўляюцца дзясяткі фірмаў і арганізацыяў з васьмі краінаў сьвету.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2013 год(рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2013 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Лукашэнка прадаў Аршанскі авіярамонтны завод // Газэта «Наша Ніва», 9 студзеня 2012 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.
- ^ Транспартнай галіне Беларусі ў 2013 годзе неабходна прыцягнуць $150 млн. прамых інвестыцыяў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 лютага 2013 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.
- ^ Якаў Бута. Вялікая авіяпрэм’ера // Белтэлерадыёкампанія, 23 верасьня 2013 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.
- ^ Аршанскі авіярамонтны завод мае намер пачаць сэрыйную вытворчасьць верталётаў // Газэта «Зьвязда», 25 ліпеня 2014 г. Праверана 28 лістапада 2014 г.