Арганічнае земляробства

вядзеньне земляробства пры дапамозе арганічных угнаеньняў і спадарожных пасадак замест пэстыцыдаў

Арганічнае земляробства — вядзеньне земляробства пры дапамозе арганічных угнаеньняў і спадарожных пасадак замест пэстыцыдаў.

Арганічная агародніна (2010 год)

Прадугледжвае пазьбяганьне выкарыстаньня іянізавальнага выпраменьваньня і трансгенных арганізмаў[1]. У 2014 годзе плошча пашы пад арганічнае земляробства ў Эўропе дасягнула 7,4 млн гектараў[2]. На 2020 год ахоплівала 75 млн гектараў, якія складалі 1,6 % сусьветных угодзьдзяў. Звыш паловы такіх земляў прыпадала на Аўстралію, дзе ў 1944 годзе заклалі прынцыпы такога земляробства. Большасьць правілаў адпаведнага земляробства вызначаў Міжнародны саюз рухаў арганічнага земляробства (Нямеччына), заснаваны ў 1972 годзе.

Спосабы аховы расьлінаў

рэдагаваць
 
Арганічныя палеткі бульбы (2008 год)
  • Адпужваньне. Шкодных вусякоў адпужваюць рэзкім пахам аксамітак і календулы, палыну і піжмы. Іх рассаджваюць вакол ягадных хмызьнякоў і паводле пэрымэтру агарода. Расаду капусты пасьля перасадкі ў адкрыты грунт прысыпаюць драўляным попелам, што ўгнойвае глебу і прыводзіць у разгубленасьць крыжакветных блошак.
  • Маскаваньне. Сумешчаныя і ўшчыльненыя пасадкі найбольш карысныя для агарода, а таксама ў кветніку і пладова-ягадным садзе. Расьліны садзяць уразнабой, перамяжоўваюць і чаргуюць іх, каб шкоднікі не знайшлі мэтавую расьліну. Пару шэрагаў парэчак могуць падзяліць малінамі дзеля большай захаванасьці.
 
Сумешчаныя пасадкі арганічнай агародніны (2005 год)
  • Адцягненьне. У кутку сада побач з агародам або кветнікам пакідаюць крыху шматгадовага пустазельля. На лекавы рамонак і чартапалох зьлятаецца тля. На заквітнелы хмызьняк хрэну зьбіраюцца вусені. Пры такім суседзтве вусякі аддаюць перавагу больш смачнаму пустазельлю замест садовых расьлінаў. Пры гэтым з аднаго пустазельля лягчэй сабраць шкоднікаў. Таксама іх магчыма зьнішчыць разам з тым пустазельлем.
  • Прыцягненьне прыродных ворагаў шкоднікаў. Пчолаў і чмялёў завабліваюць высадкай меданосаў, каб тыя квітнелі безупынна адно за адным. Увесну выкарыстоўваюць бэз і вярбу, мядунку і крокусы, пралескі і дэкаратыўныя цыбулі. Пчолаў таксама прыцягваюць квітненьне бружмелі і вішні, каліны і парэчак, а таксама яблыні. На пачатку лета квітнеюць аквагілея і барага (агурочная трава), духмяны гарошак і герань, дэльфініюм і званочак, ільвіны зеў і кізільнік, каціная мята і мардоўнік, а таксама чабор. Пры канцы лета — касмэя і настурка, пурпурны расходнік і фацэлія, цыкорыя і эхінацэя. Найлепш высаджваць расьліны на сонца скапленьнямі, каб апыляльнікам было лягчэй іх адшукаць. У куце саду пакідаюць купку будаўнічага сьмецьця з цэглы і шыфэру, каб стварыць умовы для жыцьця карысных відаў. За адрынай каля плота складаюць ламачча, бо вожыкі любяць галінкі. У сваю чаргу вожыкі пазбаўляюць сад ад смаўжоў. Сажалка з воднымі расьлінамі на дзялянцы прыцягвае жабаў, якія ядуць вусякоў. Пры пакосе для сховаў дробных зьвяркоў пакідаюць кавалачак саду ў гушчы хмызьнякоў далей ад праходаў. Урэшце, падчас квітненьня расьлінаў устрымліваюцца ад распыркваньня сродкаў барацьбы з пустазельлем, каб пазьбегнуць шкоды вусякам-апыляльнікам.
  • Зьнішчэньне пустазельля. Для прыгатаваньня рашчыны выкарыстоўваюць 3,8 літра воцату, паўшклянкі солі і некалькі кропляў вадкага мыла, каб кроплі рашчыны прыліпалі да пустазельля. Ранкам сонечнага дня пустазельле апырскваюць атрыманай сумесьсю, каб за 24 гадзіны атрымаць вынік. Гэтая сумесь вымывае з глебы пажыўныя рэчывы, таму яе выкарыстоўваюць у месцах адсутнасьці культурных пасадак на дарожках, унутраных панадворках і пад'язных шляхах. Каб пазьбегнуць паўторнай апрацоўкі супраць пустазельля прымяняюць 20%-вы воцат замест 5%-вага[3].

Беларусь

рэдагаваць
 
Парнік з арганічнымі таматамі (2002 год)

9 лістапада 2018 году А. Лукашэнка падпісаў Закон Беларусі «Аб вытворчасьці і абарачэньні арганічнай прадукцыі», які набыў моц 18 лістапада 2019 году праз год пасьля абнародаваньня. Паводле 14-га артыкула Закону, пры арганічнай вытворчасьці варта было: даваць жывёлам корм, выраблены без выкарыстаньня хімічных распушчальнікаў; узнаўляць жывёлаў прыродным чынам без гарманальнага лячэньня і перасадкі зародкаў; утрымліваць пчолаў у вульлях з прыродных матэрыялаў. Сярод іншага, патрабавалася пазьбягаць прымяненьня іянізавальнага выпраменьваньня і выкарыстоўваць:

  • вадаёмы і зямельныя дзялянкі без падвержанасьці забруджаньню адкідамі, радыёактыўнымі і хімічнымі рэчывамі;
  • арганічныя ўгнаеньні і сродкі аховы расьлінаў;
  • арганізмы з прыроднай будовай генаў;
  • арганічныя лекі і біялягічна актыўныя дадаткі[4].
 
Прышчэпленыя каровы на арганічнай фэрме (2012 год)

На лістапад 2019 году 25 гаспадарак Беларусі займаліся арганічным земляробствам[5]. Сярод іх, 6 гаспадарак месьцілася ў Ляхавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці[6]. У якасьці зялёных угнаеньняў на адпаведных палетках сталі выкарыстоўваюць пасевы гарчыцы і азімага жыта, лубіна і масьлічнай рэдзькі, а таксама рапса. Падчас квітненьня або зьяўленьня насеньня гэтыя зялёныя ўгнаеньні заворвалі. У выніку іх насеньне асыпалася і прарастала да восені, што павышала ўрадлівасьць глебы ўдвая. Гэта дазваляла замяніць да 40 тонаў угнаеньняў на гектар[7].

  1. ^ Алена Швайко. Па-сутнасьці. Арганічнае земляробства // Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, 14 сакавіка 2017 г. Праверана 19 сьнежня 2022 г.
  2. ^ Барыс Пракопчык. Здароўе на талерцы // Мясцовае самакіраваньне : газэта. — 19 сакавіка 2014. — № 5 (325). — С. 3.
  3. ^ Ірына Тамковіч. Мэтады арганічнага земляробства // Зьвязда : газэта. — 2 жніўня 2017. — № 146 (28510). — С. 16. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2018 г. № 144-З «Аб вытворчасьці і абарачэньні арганічнай прадукцыі» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 17 лістапада 2018 г. Праверана 19 сьнежня 2022 г.
  5. ^ Тацяна Ступакевіч. Анатоль Анатольевіч Амельчанка – доктар, які лечыць зямлю // Газэта «Дзяньніца» (Шчучын), 8 лістапада 2019 г. Праверана 19 сьнежня 2022 г.
  6. ^ Іван Каваленка. «Арганічнае» земляробства // Газэта «Ляхавіцкі весьнік», 5 лістапада 2019 г. Праверана 19 сьнежня 2022 г.
  7. ^ Уладзімер Субат. За паўстагодзьдзя доктар сельгаснавук Георгі Піскун вывеў больш за 20 гатункаў бульбы // Газэта «Беларусь сёньня», 16 сьнежня 2022 г. Праверана 19 сьнежня 2022 г.