Апалёнія Серакоўская
Апалёнія Серакоўская (дзявочае прозьвішча: Далеўская; па-польску: Apolonia Dalewska-Sierakowska; 19 студзеня 1838, фальварак Кункулка, Лідзкі павет, Расейская імпэрыя - 2 студзеня 1919, Варшава, Каралеўства Польскае) - грамадзкая дзяячка, удзельніца паўстаньня 1863 году, жонка Зыгмунта Серакоўскага.
Апалёнія Серакоўская | |
Apolonia Dalewska-Sierakowska | |
Імя пры нараджэньні | Апалёнія Фэрдынанда Далеўская |
---|---|
Род дзейнасьці | Грамадзкая дзяячка, інсургентка |
Дата нараджэньня | 19 студзеня 1838 |
Месца нараджэньня | фальварак Кункулка, Лідзкі павет |
Дата сьмерці | 2 студзеня 1919 |
Месца сьмерці | Варшава, Каралеўства Польскае |
Месца пахаваньня | Павонзкія могілкі |
Сужэнец | Зыгмунт Серакоўскі |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьАпалёнія Далеўская нарадзілася 19 студзеня 1838 году ў фальварку Кункулка у сям'і шляхціца[1]. Была адной з дзесяцёх дзяцей Дамініка Далеўскага і яго жонкі Дамінікі з Наркевічаў. Мэтрычныя кнігі занатавалі, што Апалёнія Фэрдынанда Дамініка нарадзілася 19 студзеня 1838 г. у Кункулцы, у Салечніцкай парафіі, ахрышчана была 6 красавіка таго ж года ў Салечніках. Хрышчонымі бацькамі былі Самуэль Лацкі, капітан расейскіх войскаў і Апалёнія Ратоўт, начальніца сясцёр міласэрнасьці ў Вільні[2].
У 1848 годзе памёр бацька Дамінік Далеўскі. Удава Дамініка Далеўская разам зь дзецьмі пераехала ў Вільню. Маці ўдзяляла шмат увагі адукацыі дачок. Пра чатырох з шасьці сясцёр вядома, што яны скончылі пансыён. Пазьней Апалёнія наведвала курсы, арганізаваныя Шляхецкім Інстытутам, на якіх выкладаліся матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, літаратура, эстэтыка і пэдагогіка. Музыку выкладаў Станіслаў Манюшка. Гэтыя курсы былі сакрэтнымі, арганізаванымі мясцовай інтэлігенцыяй у знак пратэсту супраць палітыкі цара[3].
Улетку 1861 году Апалёнія Далеўская пазнаёмілася з капітанам расейскай арміі Зыгмунтам Серакоўскім. Пара ажанілася ў Кейданах 30 ліпеня 1862. Шлюб таксама быў зарэгістраваны ў Вільні ў бажніцы сьв. Яна. Цэлая група вядомых людзей прыняла ўдзел у вясельлі Серакоўскага і Далеўскай: будучыя кіраўнікі паўстаньня: К. Каліноўскі, Я. Гейштар[4]. Пасьля вясельля пара прабыла ў Кейданах тыдзень. Пасля гэтага Апалёнія Далеўская-Серакоўская суправаджала мужа ў камандзіроўцы ў Заходняй Эўропе. Пара наведала Бэрлін, Ляйпцыг, Познань, Вену, Парыж. Калі Апалёнія захварэла, яна вярнулася ў Вільню і засталася з маці, а муж паехаў у Альжыр[5].
Удзел Серакоўскага ў паўстаньні трываў ня поўны месяц. Кампанія, распачатая арганізацыяй найбольшага паўстанчага згрупаваньня і першымі ваеннымі посьпехамі, закончылася для параненага ў найбольшай бітве ў паўстаньні зьняволеньнем (11 траўня) і выракам сьмерці[6]. У паўстаньні бралі ўдзел усе Далеўскія. Францішак належаў да кіраўніцтва лягера белых, Тытус і Канстанцін аказаліся на баку чырвоных. Канстанцін змагаўся ў адзьдзеле. Сястра Юлія з мужам Міхалам Бэркманам дзейнічалі на Ковеншчыне, а Ксавэрыя была сакратаркай Францішка ў літоўскім паўстанчым урадзе. Сама Апалёнія была кур'еркай паўстанцаў[7].
Па хуткім часа была арыштаваная цяжарная Апалёнія. Яе затрымалі на тры месяцы. Арыштаванага мужа бачыла толькі аднойчы напярэдадні пакараньня сьмерцю. Жонку выслалі ў Наўгародзкую губэрню. Пра жудаснае абыходжаньне М. Мураўёва з цяжарнай Апалёніяй паведамлялася ў замежнай прэсе, у тым ліку ў газэце The Times[8].
У 1863 годзе ў высылцы Апалёнія нарадзіла дачку, названую ў гонар мужа Зыгмунтай, якая памерла ў дзяцінстве ў 1866. У высылцы знаходзілася спачатку ў Наўгародзкай губэрні, потым у Самары. Пасьля амністыі ў 1868 годзе Апалёнія Серакоўская вярнулася ў Каралеўства Польскае і пасялілася ў Варшаве. Тут яна разам з сваёй сястрой Ксавэрыяй выкладала і кіравала сакрэтнай жаночай школай для дачок сыбірскіх ссыльных з Літвы[9].
Апалёнія Серакоўская памерла адразу пасьля І Сусьветнай вайны 2 студзеня 1919 у Варшаве і была пахаваная ў сямейным магільніку на Павонзках.
Успаміны
рэдагавацьАпалёнія Серакоўская пакінула ўспаміны пра свае жыцьцё, знаёмства з мужам. Праз гісторыю сваёй сям'і паказвае лёс розных людзей, малюе партрэт грамадзтва, якое ўдзельнічае ў паўстаньні супраць царызму і барацьбе ў Літве за незалежнасьць. Успаміны зьмяшчаюць шмат інфармацыі пра палітыку і паўсядзённае жыцьцё 1840-60-х гадоў у Літве[10]. Па-беларуску ўспаміны часткова публікаваліся ў перакладзе С. Судніка ў газэце "Наша Слова"[11].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Profil osoby, Ogrody Wspomnień, https://www.ogrodywspomnien.pl/index/showd/41855
- ^ Успаміны, Да 155-годдзя паўстання 1863, Апалонія з Далеўскіх Серакоўская / Наша Слова, № 3 (1362), 17 студзеня 2018, http://pawet.net/ns/2018/20/%E2%84%96_20_(1379).html
- ^ Apolonia Sierakowska z Dalewskich, Wspomnienia, Wyd. Neriton, Warszawa 2010.
- ^ V. Merkys. Dalevskių šeima. Vilnius: Vaga, 1967.
- ^ Apolonia Sierakowska z Dalewskich, Wspomnienia, Wyd. Neriton, Warszawa 2010.
- ^ Tadeusz Prus-Faszczewski. Ostatnie chwile Dołęgi-Sierakowskiego w nieznanym pamiętniku oficera rosyjskiego. „Kurier Literacko-Naukowy”. 51, s. 2, 19 grudnia 1938.
- ^ Rasa Baškienė. Apolonija Dalevskytė-Sierakauskienė – sukilėlių vado žmona, 2017, https://www.bernardinai.lt/2017-10-06-apolonija-dalevskyte-sierakauskiene-sukileliu-vado-zmona
- ^ Tamara Bairašauskaitė, Jolanta Sikorska Kulesza. Apolonija Dalevskytė – Sierakauskienė. Atsiminimai. Iš lenkų kalbos vertė Tamara Bairašauskaitė. Vilnius: Lietuvos nacionalinis muziejus, 2019.
- ^ Rasa Baškienė. Apolonija Dalevskytė-Sierakauskienė – sukilėlių vado žmona, 2017, https://www.bernardinai.lt/2017-10-06-apolonija-dalevskyte-sierakauskiene-sukileliu-vado-zmona/
- ^ Apolonia Sierakowska z Dalewskich, Wspomnienia, Wyd. Neriton, Warszawa 2010.
- ^ Успаміны, Да 155-годдзя паўстання 1863, Апалонія з Далеўскіх Серакоўская / Наша Слова, № 3 (1362), 17 студзеня 2018,http://pawet.net/ns/2018/20/%E2%84%96_20_(1379).html