Беларускае культурнае згуртаваньне
Беларускае культурнае згуртаваньне (БКЗ)— культурна-асьветніцкая арганізацыя, якая дзейнічала ў генэральнай акрузе «Беларусь».
Створана ў студзені 1944 у Менску кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды нямецкіх акупацыйных уладаў. Афіцыйнае абвяшчэньне адбылося 6 лютага[1]. Старшынёю быў абраны Аўген Калубовіч. Мела 4 аддзелы: музыкі — узначальваў Мікалай Шчаглоў-Куліковіч, прапаганды і беларускай культуры — Уладзімер Дудзіцкі, літаратуры — Натальля Арсеньнева, музэяў і краязнаўства — Антон Шукелойць.
Згуртаваньне ставіла за мэту спрыяць «інтэнсыўнаму разьвіцьцю й пашырэньню сярод насельніцтва Беларусі нацыянальнае беларускае культуры й набліжэньне яе да эўрапейскага сьветагляду»[2]. БКЗ павінна было згуртаваць вакол сябе паэтаў, пісьменьнікаў, мастакоў, скульптараў, актораў, якія, як лічылася, былі разьяднаныя, а таксама прадугледжвалася, што Згуртаваньне будзе кіраваць усімі культурнымі ўстановамі (напр. створанымі ў гарадох і шэрагу вёскаў Народнымі Дамамі культуры).
Згуртаваньне сапраўды занялася стваральнай працай, упарадкаваньнем культурнага жыцьця на Беларусі. Адчыняліся тэатры, кіназалі, у Менску была праведзеная выстава народнага мастацтва, у гарадох і мястэчках арганізоўваліся Дамы культуры. Разьвівалася беларуская літаратура таго часу, адрадзілася літаратурнае таварыства «Узвышша». Актыўна йшло друкаваньне падручнікаў, выданьне кніг для моладзі, паэтычных зборнікаў. Беларускія кампазытары (Мікола Равенскі, Алесь Карповіч, Мікола Шчаглоў, Аляксей Туранкоў) стваралі новыя музычныя творы. Праграмы зь беларускай музыкай трансьляваліся па Менскім радыёвузьле, які працаваў штодня[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Беларускае Культурнае Згуртаваньне \\ Жыве Беларусь! 1944 г. №2
- ^ За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Дакументы і матар’ялы, прагледжаныя і падрыхтаваныя да друку І. Касяком, апрацаваныя камісіяй БЦР пад кір. праф. Р. Астроўскага. — Лёндан, 1960. С.87
- ^ Алег Гардзіенка. Асноўныя накірункі акупацыйнай палітыкі нямецкіх уладаў у сфэры культуры на Беларусі ў 1941--1944 гг.