Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кунцэвіч.

Анато́ль Кунцэ́віч (псэўданім: Анатоль Сумны; 14 красавіка 1912, магчыма в. Ялоўка, гміна Ялоўка — ?) — беларускі грамадзкі й царкоўны дзеяч, паэт, сябар Літаратурнай сустані «Баявая Ўскалось». З канца 40-х жыў у Сыднэі (Аўстралія), быў прыхільнікам Беларускае Цэнтральнае Рады.

Анатоль Кунцэвіч
Анатоль Кунцэвіч, 1947 год
Анатоль Кунцэвіч, 1947 год
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Анатоль Сумны
Нарадзіўся 14 красавіка 1912 году
Ялоўка, гміна Ялоўка, Ваўкавыскі павет, Беластоцкае ваяводзтва
Памёр пасьля 1970 году
Дзеці Мікола й Юрык
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці грамадзкі дзяяч, клірык, паэт
Мова беларуская

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Анатоль Кунцэвіч нарадзіўся 14 красавіка 1912 году на Беласточчыне, магчыма, у вёсцы Ялоўцы. Паводле іншых зьвестках, ён нарадзіўся 14 чэрвеня ў Пінску. Але гэта малаверагодна, бо ў паваенных дакумэнтах ён сам указваў, што нарадзіўся на Беласточчыне. Бацька яго ў Ялоўцы быў сьвятаром. Там, у Ялоўцы, Анатоль у 1924 годзе паступіў у Віленскую духоўную сэмінарыю. А пасьля сэмінарыі скончыў яшчэ факультэт праваслаўнага багаслоўя Варшаўскага ўнівэрсытэту.

У 1926 годзе юнака забралі на вайсковую службу. Служыў ён у 81-м палку пяхоты ў Берасьці. А пасьля службы вярнуўся дамоў і прыняў духоўны сан. Пасьвяціў яго ў духоўны сан пазьнейшы мітрапаліт Аляксандар Іназемцаў у Пінску.

У Нямеччыне

рэдагаваць

У 1942 годзе Анатоль Кунцэвіч выехаў у Нямеччыну. Разам зь ім выехалі жонка й двое іх сыноў — Мікола й Юрык, ягоны брат Мікалай з жонкай, а таксама маці з бацькам. Спадар Анатоль працаваў настаяцелем праваслаўнай царквы ў Нортгайме. Адтуль ён зьвярнуўся з прашэньнем да япіскапа Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) Сяргея Ахатэнкі, каб той прыняў яго пад ягоную юрысдыкцыю і прызначыў настаяцелем праваслаўнай парафіі пры лягеры ў Гановэры. Хутка ягоную просьбу задаволілі. І Кунцэвіч быў прызначаны настаяцелем праваслаўнага прыходу БАПЦ у лягеры ДП у Гановэры.

 
Браты Мікалай і Анатоль Кунцэвічы (зьлева направа) са сваімі жонкамі, іхняя маці з унукамі — сынамі Анатоля.

Сьвятарскія абавязкі Анатоль Кунцэвіч выконваў шчыра й аддана. Па хадайніцтву епархіяльнага эканома і сакратара Міколы Дзямідава, пастановай кіраўніцтва БАПЦ ад 2 студзеня 1949 году за вельмі карысную і пасьпяховую дзейнасьць і за арганізацыю царкоўна-прыхадзкога жыцьця сярод праваслаўных беларусаў, протаіерэю Анатолю Кунцэвічу была выказаная падзяка і просьба да Ўладыкі Сяргея Ахатэнкі ўзнагародзіць яго чарговай протаіерэйскай узнагародай. А таксама прызначыць Анатоля Кунцэвіча благачынным прыходаў БАПЦ на ангельскую зону і даручыць яму далейшую арганізацыю новых прыходаў і часовае адміністрацыйнае кіраўніцтва імі ў ангельскай зоне да прызначэньня адпаведных настаяцеляў. Гэта была для Кунцэвіча прыемная навіна. І ён з новай сілай узяўся за працу.

У 1944 знаходзіўся ў Бэрліне. Разам зь Сяргеем Хмарам, Васілём Вярбінам, Васілём Вірам спрабуе аб’яднаць беларускіх паэтаў у Нямеччыне. Анатоль Сумны і яго сябры-паэты падрыхтавалі й вясною 1945 году выдалі літаратурны альманах «Ускалось». Але ангельскія самалёты зьнішчылі гэтае выданьне разам з друкарняй. А паэты паразьехаліся па розных краінах сьвету[1].

У Аўстраліі

рэдагаваць

Але хутка Уладыка Сяргей пакінуў Нямеччыну і выехаў у Аўстралію, у Сыднэй. За ім выехаў і Анатоль Кунцэвіч. У 1952 годзе ў Сыднэі ўжо дзейнічала парафія БАПЦ, у якой набажэнствы праводзіў сьвятар Зялінскі, да якога далучыўся і протаіерэй Анатоль Кунцэвіч. Тамака Кунцэвіч таксама прымаў удзел у працы Беларускага Аб’яднаньня ў Новым Паўднёвым Уэльсе, дапамагаў беларусам набажэнствамі. Але, як і большасьць сьвятароў БАПЦ, Анатоль Кунцэвіч мусіў працаваць і яшчэ ў іншым месцы, імаерна, займаўся фізычнай працай. А калі ў 1957 годзе Уладыка Сяргей пераехаў у Пэрт, то Кунцэвіч адыйшоў ад грамадзкай беларускай справы і ад царкоўнай.

Анатоль Сумны ўваходзіў у рэдакцыйную калегію часопіса «Баявая Ўскалось», перапісваўся зь Сяргеем Хмарам. Праўда, сваіх вершаў Сумны друкаваў мала. Адзін верш «Маліцьба» быў адшуканы ў часопісе «Баявая Ўскалось» (1970, № 10).

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць