Аляксандар Акінчыц
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Акінчыц.
Алякса́ндар Во́сіпавіч Акі́нчыц гербу Аксак[1] (9 лютага [ст. ст. 28 студзеня] 1839, в. Сялец Пружанскага павету, Расейская імпэрыя — 18 сакавіка 1886, Вільпрэ, Сена-і-Ўаза, Францыя) — мэдык, публіцыст, мэмуарыст. Удзельнік паўстаньня 1863 году.
Аляксандар Акінчыц | |
Род дзейнасьці | лекар, мэмуарыст |
---|---|
Дата нараджэньня | 9 лютага 1839 |
Месца нараджэньня | Сялец Пружанскага павету |
Дата сьмерці | 18 сакавіка 1886 |
Месца сьмерці | Вільпрэ |
Месца вучобы | |
Занятак | публіцыст, лекар |
Бацька | Восіп Акінчыц |
Маці | Паўліна з Галіёфаў |
Жонка | Жазэфіна Залеская Ганна Кракавецкая |
Дзеці | з Жазэфінай Залескай:
з Ганнай Кракавецкай:
|
Жыцьцяпіс
рэдагавацьСярэднюю адукацыю атрымаў у Пружане, у 1856 паступіў на мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (скончыў 10 чэрвеня 1861), доктар мэдыцыны. У верасьні 1862 прызначаны звышштатным акруговым урачом Слонімскага павету, пасьля акруговым урачом Пружанскага і Слонімскага паветаў. Пражываў у Шарашове. На кані і пешкі наведваў хворых у Пружане, Стараволі, Белавежы, хутка заваяваўшы аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў.
У красавіку 1863 атрымаў прадпісаньне ад Варшаўскага рэвалюцыйнага камітэту і далучыўся да стваранага аддзелу пружанскага шляхціча Фэлікса Влодэка, разам зь якім накіраваўся ў Міхалінскі лес. Тут да іх далучыліся рэшткі разгромленай групы Самульскага, пакінутага Рагінскім для кіраўніцтва паўстаньнем у Пружане. У Міхаліне паўстанцы аб’ядналіся з аддзелам «Млотка» Стравінскага. Аляксандар Акінчыц найбольш займаўся аказаньнем мэдычнай дапамогі параненым.
Увосень 1863 з прычыны захворваньня ног і нырак Аляксандар замешкаў у сваякоў Замойскіх ля Кабылаўкі, пасьля вярнуўся ў матчыны маёнтак Нямковічы Пружанскага павету.
14 лістапада арыштаваны «за бытность в мятежной шайке и не явку к властям по возвращении из оной»[2] і кінуты ў пружанскую вязьніцу. Нават знаходзячыся ў турме, атрымліваў запрашэньні да хворых шляхцічаў, куды яго суправаджалі пад канвоем. Удзячныя пацыенты напісалі таксама некалькі прашэньняў да ўладаў на вызваленьне лекара, аднак яны засталіся без адказу[3].
13 красавіка 1864 ваенным судом у Горадні прыгавораны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і 15 гадоў катаргі. На этапе між Табольскам і Томскам разам зь яшчэ двума вязьнямі здолеў схавацца пад імёнамі памерлых ад тыфу. Акінчыц застаўся ў Томску пад імем Мечыслаў Мілеўскі. На конях і пешшу дабраўся да цэнтральных раёнаў Расеі. З дапамогаю расейскіх рэвалюцыйных групаў з фальшывым пашпартам у жніўні 1865 разам з Зыгмунтам Мінейкам даехаў да Парыжу.
Ягоны дыплём не прызнаваўся ў Францыі, таму мусіў прайсьці адпаведныя курсы і ў ліпені 1867 пасьпяхова здаў іспыт на званьне доктара мэдыцыны. Займаўся лекарскай практыкай у Вільпрэ непадалёк ад Вэрсалю.
11 лютага 1882 атрымаў францускае грамадзянства[4].
Памёр 18 сакавіка 1886, заразіўшыся на грып ад уласных пацыентаў[5]. На помніку выбіты надпіс «Раб абавязку, ахвяра сваёй адданасьці»[6].
Дзейнасьць
рэдагавацьБраў актыўны ўдзел у дзейнасьці эмігранцкіх арганізацыяў уцекачоў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.
Выступаў з публікацыямі ў прэсе. Для свайго цесьця Юзэфа-Багдана Залескага(pl) па памяці запісаў сьпіс знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе», які на дадзены момант зьяўляецца самым раньнім вядомым яе варыянтам[7].
Напісаў па-польску мэмуары «Ўспаміны пра побыт у Расеі ў 1863 г.», якія былі перакладзеныя на францускую мову Жазэфінай Богдан (па-француску: Joséphine Bohdan). Арыгінал на польскай мове не апублікаваны і захоўваўся ў архіве сям’і. Цяпер яго месцазнаходжаньне невядомае.
Сям’я
рэдагавацьМеў 4 братоў і 4 сясьцёр.
28 красавіка 1871 ажаніўся з Жазэфінай (Юзэфай) Ганнай Залескай, дачкой паэта-эмігранта Багдана Залескага. Пражывалі ў Фантэнблё па вуліцы дэ Франс, 88[8]. У шлюбе мелі дачку Жазэфіну Багдану Сафію Паўліну (19.03.1872 — 1942)[9].
2 сакавіка 1878 узяў другі шлюб з Ганнай Кракавецкай, зь якой мелі чатырох дзяцей: Юзэфа Тэадора (24.02.1879 — 29.09.1954)[10], Уладзімера Паўла (22.12.1879 — 19.01.1880)[11], Браніслава Мар’яна (24.01.1881 — 8.12.1942)[12] і Марыю Бэрнарда Севярына Багдана (23.10.1882 — 25.05.1915)[13].
Памяць
рэдагавацьУ францускім месьце Вільпрэ (за 30 км на захад ад Парыжу) дзейнічае невялікі музэй «доктара Аляксандра», ягоным імем названая адна з вуліцаў гэтага гораду[14].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Aleksander Okińczyc h. Aksak (пол.). Genealogija potomków Sejmu Wielkiego. Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
- ^ Алег Карповіч (24 студзеня 2010) Акінчыцы: Імкненне да свабоды. Рэха Берасьцейшчыны. Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
- ^ Натальля Пракаповіч. Паўстанцкі лекар // Раённыя будні. — 13 лютага 2013. — № 12 (9557). — С. 5.
- ^ Décret de naturalisation(недаступная спасылка)
- ^ https://web.archive.org/web/20110723024231/http://babouchka.net/album/samsung/2009/100SSCAM/SNC00022.jpg
- ^ Suzanne Okinczyc se recueille sur la tombe de son grand-père
- ^ Александр Ильин. Влодки и Окинчицы — повстанцы с Берёзовщины // Гістарычная брама. — 2008. — № 1 (23).
- ^ Aleksander Okinczyc a Villepreux (1867-1886) Blogspot. Teczka-Paris (6 траўня 2009). Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
- ^ Joséphine Bohdan Sophie Pauline Okinczyc (анг.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
- ^ Joseph Théodore Okinczyc (фр.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
- ^ Wladimir Paul Okinczyc (фр.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
- ^ Bronislas Marie Okinczyc (анг.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
- ^ Marie Bernard Séverin Bohdan Okinczyc (анг.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
- ^ Rue du Docteur Alexandre (фр.). Google Maps. Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
Літаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАляксандар Акінчыц — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Акінчыцы: Імкненне да свабоды
- Alexandre Okinczyc (1839—1886) (анг.) (фр.)
- Мэмуары др. Аляксандра Акінчыца ў перакладзе Крыштафа Мінэйкі (анг.)
- Мэмуары др. Аляксандра Акінчыца ў перакладзе Мікалая Сінкевіча(недаступная спасылка) (рас.)
- Aleksander Okinczyc a Villepreux (1867—1886) (фр.)