Аляксандар Адамовіч

беларускі партыйны і дзяржаўны дзяяч
(Перанакіравана з «Аляксандар Адамовіч (палітык)»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Алесь Адамовіч (неадназначнасьць).

Аляксандар Адамовіч (6 студзеня 1900, Васюлькі, Княгінінская воласьць, Вялейскі павет, Менская губэрня, цяпер вёска Княгінін Мядзельскага раёну Менскай вобласьці — 15 верасьня 1937, Карэльская АССР) — партыйны і дзяржаўны дзяяч БССР.

Аляксандар Адамовіч
Аляксандар Фаміч Адамовіч (фота з крымінальнай справы № 20950-c)
Аляксандар Фаміч Адамовіч (фота з крымінальнай справы № 20950-c)
Намесьнік наркаму земляробства БССР
1928 — 1929
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 6 студзеня 1900(1900-01-06)
Васюлькі, Княгінінская воласьць, Вялейскі павет, Менская губэрня
Памёр: 15 верасьня 1937(1937-09-15) (37 гадоў)
Карэльская АССР
Партыя: Беларуская сацыялістычная грамада (з 1917), РКП(б) (з 1919)

Адукацыя

рэдагаваць

Вышэйшая пачатковая вучэльня (Радашкавічы). Міжнародны інстытут Адэсы.

Малады патрыёт

рэдагаваць

У Адэсе з 1916 па 1919 год уваходзіў у беларускую культурна-асьветніцкую арганізацыю «Беларускі гай». У 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Нейкі час быў сакратаром Беларускай адэскай рады. У сакавіку 1919 году Алесь уступіў у Камуністычную партыю Беларусі, ячэйка якой была арганізаваная ў Адэсе. У пачатку красавіка таго ж году ў Адэсу прыйшлі «чырвоныя» і Адамовіча паставілі намесьнікам «Губсэкцыі беларускай адукацыі». Увосень 1919 году горад занялі «белыя» Адамовіч застаўся ў горадзе і перайшоў у падпольле. Вясной пераехаў у Смаленск, адкуль яго направілі ў ЛітБел.

Нацыянал-камуніст

рэдагаваць

У пачатку 1920 году быў накіраваны ў Дзісну і прызначаны там Сакратаром Дзісьненскага ўезнага рэвалюцыйнага камітэту. Займаўся перапісам дзяцей і агітацыяй іх бацькоў, каб яны аддавалі дзяцей у беларускамоўныя школы. Першы ў БССР падняў пытаньне беларускамоўных школ. Потым быў сакратаром Бабруйскага УРК з 1921 па 1922 год. У пачатку 1921 году быўшы дэлегатам усебеларускай партканфэрэнцыі ад Барысаўскага павету, на нарадзе дэлегатаў у гасьцініцы «Эўропа» паставіў пытаньне: «аб далучэньні да беларускіх тэрыторыяў Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Смаленшчыны». У канцы 1922 году працаваў інструктарам Бабруйскага камітэту КП(Б)Б. З 1923 году сакратар Бабруйскага КП(б)Б. З 1924 году сакратар Калінінскай акругі КП(б)Б гораду Клімавічы. З 1924 году кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. У 1925—1926 гадах сакратар Полацкага акружнога камітэту КП(б)Б, загадчык камітэту друку ЦК КП(б)Б. З 1928 году прызначаны намесьнікам рэдактара газэты «Беларуская вёска». Зь ліпепя 1928 па верасень 1929 году намесьнік наркама земляробства БССР. Прымаў удзел у 9, 10 зьездах КП(б)Б з дарадчым голасам, у 10—13 зьездах КП(б)Б з вырашальным голасам. На 8-й канфэрэнцыі КП(б)Б быў загадчыкам інфармацыйнага аддзела БелБюро.

Летам 1925 году правёў у Бэрліне сустрэчу зь беларускай інтэлігенцыяй у эміграцыі. Пасьля таго, як вярнуўся на радзіму, пазнаёміўся з Доўнарам-Запольскім. Алесь Адамовіч пазнаёміўся з Вацлавам Ластоўскім на «Акадэмічнай канфэрэнцыі», вёў перапіску зь ім, абменьваўся кнігамі на тэму гісторыі і культуры Беларусі.

Выключэньне з партыі

рэдагаваць

28 жніўня 1929 году Алесь напісаў у ЦК КП(б)Б ліст з прапановай аб звальненьні яго з гэтай пасады, відаць яму дапамаглі гэта зрабіць, бо ўжо 1 верасьня пачалася справа аб выключэньні яго з партыі, якая цэгнулася амаль тры месяцы.

«Прыгавор: Ідэалягічна няўстойлівы, ярка выражаны правы ўклон, вёў апартуністычную дзейнасьць, калі займаў пасаду намесьніка наркама земляробства БССР, быў знаёмы зь беларускай інтэлігенцыяй, прыняў на працу двух студэнтаў з Прагі, таму выключыць з партыі».

22 кастрычніка пастановай ЦК КП(б)Б №2144 Алеся пакінулі ў партыі: «У зьмену пастановы партыйнага камітэту т. Адамовічу А. Ф. у партыі заставіць. За прымірэнчыя адносіны да праяў нац. дэмакратызму — абвясьці т. Адамовічу А. Ф. суровую вымову з папярэджаннем, з пасылкай яго на нізавую працу тэрмінам на 2 гады. Старшыня ЦК КП(б)Б. Калкін». Але і на гэтым справа ня скончылася, 19 лістапада 1929 году прынялі новую рэдакцыю пастановы: «Замест пастановы Прызыдыўма ЦК КП(б)Б ад 22.10.1929 прыняць наступную рэдакцыю: Улічваючы тое, што т. Адамовіч А. Ф. сам прызнаў свае памылкі, асуджае і абяцае іх выправіць у зьмену пастановы Мінскага ПК т. Адамовічу А. Ф. у партыі заставіць, і абвясьці вымову з папярэджаннем, на вучобу не пасылаць, направіць на нізавую працу. Нам. Старшыні ЦК КП(б)Б Канакоў. 19.11.1929».

Ранкам 19 ліпеня 1930 году арыштаваны органамі АДПУ, зьвінавачаны па надуманай справе «Саюз вызваленьня Беларусі». 18 траўня 1931 году калегіяй АДПУ зьняволены на 10 гадоў па артыкуле ўгалоўнага кодэксу РСФСР 58-10, -11, (контрарэвалюцыйная дзейнасьць, агітацыя) з канфіскацыяй маёмасьці. Адбываў тэрмін у Карэльскай АССР (Салаўкі). 11 ліпеня 1935 году Спэцыяльнай калегіяй Ленінградзкага абласнога суду пры Беламорска-Балтыйскай ЛТЛ НКВД пры спэц. камбінаце асуджаны на 7 гадоў па артыкуле УК РФССР 58-12.

9 верасьня 1937 году справа А. Ф. Адамовіча была перагляджаная Тройкай АДПУ Карэльскай АССР і ён быў прыгавораны да пакараньня сьмерцю, якое зьдзейсьнілі 15 верасьня 1937 году. Рэабілітаваны 14 ліпеня 1988 году, бо ў справе не было складу злачынства.

Літаратура

рэдагаваць
  • Фалей Е. «Еще в более острой форме» // Вечерний Минск. 1993. 17 дек.
  • Міхнюк У.М. Арыштаваць у высылцы: дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996.
  • Міхнюк У.М. Вязень сумлення // Полымя. 1996. № 2. С. 262
  • ЭГБ, т. 1.
  • Рызыкоўная барацьба намэнклятуры // Наша Ніва 18 лютага 2005.
  • Арлоў У. Імёны Свабоды. Радыё свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2007. — 576 с.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.